Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень здароўя
Яго мэта — нагадаць аб важнасці душэўнага і фізічнага здароўя, а таксама неабходнасці своечасовай прафілактыкі.
Прэзідэнт нашай краіны неаднаразова гаварыў аб тым, што здароўе нацыі — гэта залог яе ўстойлівага развіцця і працвітання. У Беларусі здароўе чалавека з'яўляецца адным з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў, дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў развіццё высокатэхналагічнай медыцыны і закупку сучаснага абсталявання, а па ўзроўні аказання медыцынскай дапамогі наша краіна знаходзіцца на высокіх месцах у сусветных рэйтынгах.
Галоўнае — лад жыцця
Вялікая роля ў захаванні здароўя належыць самому чалавеку: 50 % забяспечвае наш лад жыцця — харчаванне, звычкі, фізічная актыўнасць. Усе астатнія фактары адыгрываюць значна меншую ролю: 20 % — спадчыннасць, 15 % — навакольнае асяроддзе (чысціня паветра, вады, бяспечныя ўмовы, у тым ліку працы). Узровень навуковых медыцынскіх дасягненняў і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ўплывае таксама толькі на 15 %, і накіраваны ён ужо на барацьбу з захворваннямі.
Апошнім часам Сусветная арганізацыя аховы здароўя назірае значнае пашырэнне ролі нашай краіны ў рэалізацыі навукова абгрунтаваных мер грамадскага здароўя і адзначае, што Беларусь актыўна выкарыстоўвае вынікі даследаванняў, праведзеных у 2016–2020 гадах для распрацоўкі падыходаў па зніжэнні неінфекцыйных захворванняў. Гэтыя даныя дапамагаюць эфектыўна ўздзейнічаць як на паводзінныя фактары рызыкі, такія як курэнне, ужыванне алкаголю, нездаровае харчаванне, нізкая фізічная актыўнасць, так і на метабалічныя — павышаны ціск, дыслепідэмія, узровень цукру і лішняя маса цела.
— Павышэнне акцызаў, наглядныя графічныя папярэджанні на пачках цыгарэт і забарона на курэнне ў памяшканнях прывялі да зніжэння распаўсюджанасці курэння сярод мужчын з 49 % у 2016 годзе да 42 % у 2020-м, — прыводзіць прыклад прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Сяргей ДЫЯРДЗІЦА. — Асабліва важным крокам стала ўключэнне вакцынацыі супраць віруса папіломы чалавека ў нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак з 2025 года, якая бясплатна прадастаўляецца дзяўчынкам, пачынаючы з 11 гадоў. Гэта рашэнне Беларусь робіць часткай глабальнай стратэгіі па ліквідацыі раку шыйкі маткі. СААЗ таксама высока цэніць міжсектаральную работу ў Беларусі, у прыватнасці ініцыятывы ў рамках праграмы «Здаровыя гарады і пасёлкі».
Бяспечныя ўмовы
За апошнія 50–60 гадоў значна змянілася асяроддзе ў якім жывуць людзі: мяняюцца прадукты харчавання, з’яўляецца новая тара, упакоўкі, узнікаюць новыя фізічныя фактары, звязаныя, напрыклад, з нашымі мабільнымі тэлефонамі ці з умовамі гатавання ежы. Нарэшце, вельмі моцна мяняецца наш лад жыцця. Распрацоўку гігіенічных рэкамендацый, нарматываў, якія вызначаюць умовы асяроддзя пражывання, праводзіць Міністэрства аховы здароўя.
— Апошні гігіенічны нарматыў, які нарміруе фактары асяроддзя пражывання, быў зацверджаны ў 2021 годзе, і ўжо двойчы — у 2022-м і ў 2024-м — у яго ўносіліся дапаўненні, — адзначае прафесар кафедры гігіены і аховы здароўя дзяцей з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Алена ГУЗІК. — Як вынік, мы можам бачыць, што ўмовы ў нашай краіне бяспечныя з пункту гледжання і прадуктаў харчавання, і водазабеспячэння.
Яна дадала, што сёння ў краіне праводзіцца вялікая работа па ўдасканаленні харчавання ў школах, ідзе перапрацоўка і распрацоўка новых страў, работа па прызвычайванню дзяцей да здаровага харчавання.
Дакладная сістэма
Як адзначыла загадчык кафедры арганізацыі аховы здароўя Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Марына ШЧАВЕЛЕВА, у нашай краіне высокая даступнасць медыцынскага абслугоўвання насельніцтва і прыярытэтнасць развіцця першаснай медыцынскай дапамогі. У Беларусі выбудавана дакладная сістэма чатырохузроўневага аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву, якая дае магчымасць кожнаму атрымаць медыцынскую дапамогу дастатковага ўзроўню. Пры гэтым медыцынская дапамога аказваецца на аснове пратаколаў і метадаў, і першае, што ляжыць у іх аснове, — гэта навуковасць і даказанасць.
У сваю чаргу галоўная пазіцыя, якая праходзіць праз усю дзейнасць навуковых арганізацый, датычыцца ў тым ліку і фарміравання здароўя чалавека.
— Дзяржава робіць шмат для таго, каб стварыць здаровае асяроддзе і фарміраваць здаровага чалавека. І гэта рэалізуецца праз дзяржаўныя праграмы. Адным з ключавых дакументаў на бліжэйшы пяцігадовы план стала прыняцце прыярытэтных кірункаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, які быў падпісаны 1 красавіка 2025 года. Сярод іх кірункі, якія адказваюць за бяспеку чалавека і фарміраванне яго здаровай будучыні. Гэта дзяржаўныя праграмы навуковых даследаванняў, дзе асноўным заказчыкам з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Іх выконвае ў тым ліку Акадэмія навук разам з галіновымі міністэрствамі і ведамствамі, — адзначыла намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Таццяна ГНЯДЗЬКО.
Вялікую ролю ў навуковых даследаваннях, якія датычацца здароўя чалавека, адыгрывае Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут займаюцца даследаваннямі ў галіне генетыкі чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў. У тым ліку ў Інстытуце генетыкі функцыянуюць нацыянальныя цэнтры біябяспекі.
— Мы з вамі ведаем, якая вялікая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца гэтаму кірунку, бо ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якая была прынята на Усебеларускім народным сходзе, з’явіўся новы раздзел «Біябяспека», які распрацаваны і кантралюецца вучонымі Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра біябяспекі пры Інстытуце генетыкі і цыталогіі, — адзначыла дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь Людміла МАКАРЫНА-КІБАК.
Акрамя таго, спецыялісты інстытута вядуць распрацоўкі ДНК-тэхналогій для медыцыны, у тым ліку займаюцца складаннем генетычных пашпартоў, дыягностыкай спадчынных захворванняў, а таксама даследаваннямі ў галіне цытагенетыкі і клетачнай інжынерыі.
Алена КРАВЕЦ