Карысныя выкапні — падмурак сучаснай эканомікі. Яны забяспечваюць сыравінай энергетыку, прамысловасць і будаўніцтва, выступаюць крыніцай экспартных даходаў і асновай для тэхналагічнага развіцця.
Аб выніках вывучэння беларускіх нетраў у 2025 годзе і планах на новую пяцігодку расказалі прадстаўнікі айчыннай геалагічнай навукі.
У 2025 годзе, паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара па геалогіі РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» Васіля КОЛБА, адзначана тэндэнцыя росту аб'ёмаў здабычы карысных выкапняў. Так, павялічыліся аб'ёмы здабычы: вуглевадародаў — да 2 млн т (у 2024 г. — 1,938 млн т), каменнай солі — 607 тыс. т (у 2024 г. — 595 тыс. т), пяскоў і супескаў для вытворчасці цэменту — 572,4 тыс. т (у 2024 г. — каля 311 тыс. т), фармовачных пяскоў — 349 тыс. т (у 2024 г. — 330 тыс. т). Здабыча даламіту склала 2,8 млн, а мергельна-крэйдавых парод — 9,5 млн т.
- Новая пяцігодка будзе ў першую чаргу прысвечана даследаванню нетраў паўночнай часткі Віцебскай вобласці. Гэта тэрыторыя, як адзначыў Васіль Колб, з пункту гледжання геалогіі вывучана слаба. Маштабныя работы апошні раз праводзіліся тут каля 30—40 гадоў таму, інфармацыя шмат у чым састарэла. Але навука не стаіць на месцы. Вучоныя плануюць задзейнічаць у даследаваннях сучасныя падыходы і тэхналагічныя рашэнні.
— Тэрыторыя даволі складаная, балоцістая, але неабходныя работы ўжо спраектаваны. Так, плануецца ажыццявіць бурэнне 12 глыбокіх (каля 1 км у сярэднім) свідравін, — расказаў прадстаўнік НВЦ па геалогіі. — Мэта — не толькі выявіць пэўныя віды карысных выкапняў, але і атрымаць сучасныя геалагічныя карты.
Працягнуцца работы па пошуках вуглевадародаў, будаўнічых матэрыялаў. Напрыклад, па выніках 2030 года прырост прамысловых запасаў нафты павінен скласці 1,8 млн т, мелу — 50 млн т, цэментнай гліны — 1,5 млн т. Значная ўвага будзе ўдзелена вывучэнню радовішчаў кааліну, які неабходны для керамічнай прамысловасці.

Як адзначыла начальнік аддзела гідрагеалогіі і маніторынгу падземных вод Інстытута геалогіі РУП «НВЦ па геалогіі» Вольга БЯРОЗКА, па аб'ёмах штогадовага выкарыстання падземныя воды ў Беларусі ў шмат разоў перавышаюць масу іншых рэсурсаў, якія здабываюцца ў нетрах. Але Беларусь такімі водамі добра забяспечана: гэтаму спрыяюць клімат, геалагічная будова і гідрагеалагічныя ўмовы краіны. Цяпер ужываецца толькі пятая частка разведаных запасаў.
У адрозненне ад шэрагу іншых карысных выкапняў, падземныя воды — аднаўляльны рэсурс: іх запасы папаўняюцца за кошт фільтрацыі атмасферных ападкаў і паверхневых вод. Галоўнае — рацыянальнае выкарыстанне. Зрэшты, і з гэтым у нас усё добра. Падземныя воды ўжываюцца комплексна: прэсныя — для гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — у лячэбных мэтах, тэрмальныя — для ацяплення і гэтак далей.
— Цэнтралізаванае водазабеспячэнне населеных пунктаў грунтуецца ў асноўным на выкарыстанні прэсных падземных вод, якое складае больш за 90 % у адносінах да паверхневых. З пачатку 2025 года Мінск поўнасцю забяспечваецца вадой з падземных артэзіянскіх крыніц, — расказала Вольга Бярозка.
Аднак для ацэнкі і пераацэнкі запасаў, выканання навуковых даследаванняў неабходна атрыманне дакладных даных аб стане падземных вод. Паводле слоў Вольгі Бярозкі, у мінулай пяцігодцы праводзілася аптымізацыя дзяржаўнай сеткі пунктаў назірання і маніторынгу. Цяпер маніторынг падземных вод уключае 99 гідрагеалагічных пастоў (316 свідравін). Штогод сетка дапаўняецца новымі свідравінамі.
Падчас мінулай пяцігодкі таксама была распрацавана геаінфармацыйная сістэма падземных вод Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, праведзена даследаванне ўзаемаўплыву паверхневых і падземных вод ва ўмовах зменлівага клімату. Асаблівая ўвага ўдзяляецца міжнароднаму супрацоўніцтву ў галіне гідрагеалогіі і маніторынгу падземных вод з Расіяй, Узбекістанам, Кітаем і іншымі краінамі.
Александрына ПАРШЫНА
Фота Канстанціна Балашова