Top.Mail.Ru
265

Над чым у бліжэйшыя пяць гадоў будзе працаваць медыцына?

Павышэнне нараджальнасці, умацаванне здароўя насельніцтва, лічбавая трансфармацыя, развіццё высокатэхналагічных відаў меддапамогі будуць ключавымі кірункамі для аховы здароўя ў найбліжэйшыя пяць гадоў, аб’яўленых пяцігодкай якасці.


Падтрымка мацярынства

Як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з самымі нізкімі паказчыкамі дзіцячай смяротнасці. У краіне забяспечана стапрацэнтнае прыняцце родаў кваліфікаванымі ўрачамі. Функцыянуе шматузроўневая сістэма аховы здароўя маці і дзіцяці. Для павышэння нараджальнасці гарантавана правядзенне адной бясплатнай спробы ЭКА і прапануецца абмеркаваць магчымасць правядзення другой.

У РНПЦ «Маці і дзіця» на працягу 15 гадоў паспяхова праводзяцца высокатэхналагічныя ўнутрычэраўныя аперацыі. Арганізаваны банк груднога малака, працуюць выязная рэанімацыйна-кансультатыўная брыгада і вучэбна-трэніровачны цэнтр. Выкарыстоўваецца клетачная тэрапія для карэкцыі псіханеўралагічных парушэнняў у неданошаных нованароджаных. Укаранёны і працуюць мадэльныя цэнтры па навучанні бацькоў асновам бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей.

Дыспансерызацыя і скрынінгі

Ключавая задача ва ўмацаванні здароўя насельніцтва — узмацненне эпідэміялагічнай бяспекі і зніжэнне ўзроўню захваральнасці. Плануецца забяспечыць усеагульны ахоп насельніцтва паслугамі першаснай медыцынскай дапамогі, у тым ліку за кошт удасканалення дыспансерызацыі і медыцынскіх скрынінгаў.

Зрэшты, неанатальны скрынінг праводзіцца ў РНПЦ «Маці і дзіця» для ўсіх нованароджаных і ўключае тэсціраванне на пяць захворванняў: фенілкетанурыю, першасны прыроджаны гіпатырэоз, мукавісцыдоз, галактаземію і прыроджаную дысфункцыю кары наднырачнікаў. У цэлым па краіне ў дарослых праводзіцца скрынінг раку малочнай залозы, раку прастаты, каларэктальнага раку, раку шыйкі маткі, скрынінг цукровага дыябету ІІ тыпу і інш.

Высокатэхналагічная дапамога

Ужо сёння для лячэння пацыентаў з інсультам прымяняюцца высокатэхналагічныя метады: унутрывенны трамбалізіс з выкарыстаннем рэкамбінантнага тканкавага актыватара плазмінагену, механічная эндаваскулярная тромбэкстракцыя, эндартэрэктамія, ангіяпластыка і стэнціраванне сонных і вертэбральных артэрый.

Мяркуецца пашырыць аб’ёмы аказання высокатэхналагічных відаў медыцынскай дапамогі ў галіне кардыяхірургіі, нейрахірургіі і транспланталогіі, траўматалогіі і артапедыі, анкалогіі і пластычнай эстэтычнай хірургіі, а таксама стаматалогіі. 

Летась у краіне выкананы 492 аперацыі па трансплантацыі органаў. У галіне кардыяхірургіі агульная колькасць аперацый на сэрцы і каранарных сасудах склала 20 259. У галіне траўматалогіі і артапедыі летась выкананы 21 349 эндапратэзаванняў буйных суставаў, з іх тазасцегнавога сустава — 13 921, каленнага сустава — 7415, плечавога сустава — 13.

Новыя паліклінікі і бальніцы

Не менш важная задача — развіццё інфраструктуры аховы здароўя. Намечана будаўніцтва амбулаторна-паліклінічных арганізацый аховы здароўя ў Полацку, Гомелі, Заслаўі, Фаніпалі, Крычаве, Мінску. З’явяцца новыя лячэбныя карпусы (профільныя аддзяленні) бальніц у Паставах, Гомелі, Гродне, Заслаўі, Мінскім раёне (Мінская абласная клінічная бальніца), Магілёве. Запланавана рэканструкцыя лячэбных карпусоў у Брэсце, Пінску, Давід-Гарадку, Віцебску, Чавусах, Гродне, Мінскім раёне (Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі і РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі), Мінску.

Фота pixabay.com.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю