Top.Mail.Ru

Над якімі пародамі і сартамі працуюць айчынныя селекцыянеры

Беспілотныя трактары, механізаваныя фермы, робаты і праграмы, якія адсочваюць стан раслін — на ўсё гэта сёння аграрыі робяць стаўку. Але, як заўважылі ўдзельнікі семінара «АПК будучыні: аграрная навука і кадравы патэнцыял у паскарэнні тэхналагічнага развіцця і лічбавай трансфармацыі», які прайшоў на базе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага ўніверсітэта, за любой тэхналогіяй стаяць людзі. Менавіта яны павінны падстройваць робатаў пад новыя задачы, змены кліматычных умоў, тэхналагічныя рэгламенты.


Высокія надоі і ўраджай — вынік селекцыйнай работы

Як расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр Партной, у нашай краіне ўзяты курс на інавацыйнае развіццё жывёлагадоўлі, які прадугледжвае тэхналагічную мадэрнізацыю і перааснашчэнне комплексаў, асваенне навукаёмістых тэхналогій, што звязана з механізацыяй, аўтаматызацыяй і рабатызацыяй вытворчых працэсаў. Распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць інавацыйных тэхналагічных рашэнняў патрабуе навуковага падыходу.

Дзейнасць НПЦ па жывёлагадоўлі накіравана на паскарэнне тэхналагічнага развіцця галіны ў першаю чаргу шляхам вядзення эфектыўнага селекцыйнага працэсу з выкарыстаннем новых біятэхналогій, генна-інжынерных і днк-тэхналогій. У 2020 годзе зацверджана беларуская айчынная малочная парода — беларускіх галштынаў. На сёння больш за 80 % малака ў краіне даюць менавіта яны. Сярэдні патэнцыял гэтай пароды — 10–12 тысяч кг малака за лактацыі. Але ў рэкардсмена ёсць мінус — непрацягласць гаспадарчага выкарыстання. Прадукцыйнае выкарыстанне малочных кароў гэтай пароды — 2,5–2,7 лактацыі. Да 2030 года вучоныя спадзяюцца атрымаць уласную айчынную чырвоную пароду.

Ужо ёсць першыя гібрыды паміж чорна-стракатай галштынскай і чырвонай датскай каровамі. Іх прадукцыйнасць вышэйшая, чым у чырвоных кароў, а ўтрыманне тлушчу і бялку ў малаку больш, чым ў галштынаў.

Дасягнуты добры вынік і ў птушкаводстве. У 2025 годзе зарэгістраваны 3 уласныя лініі яечных курэй з белым апярэннем і яйкамі. Такімі поспехамі могуць пахваліцца адзінкі сярод краін. За бліжэйшыя два гады плануецца зарэгістраваць уласныя лініі курэй для атрымання карычневых яек.

Вучоныя Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве дасягнулі добрых вынікаў у селекцыйным працэсе. Так, летась на палях краіны вырошчвалася больш 140 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі цэнтра, якія займалі звыш 70 % пасяўных плошчаў (жыта — 88 %, азімы трэцікале — 83 %, яравая пшаніца — 84 %, ячмень — 80 %, авёс — 98 %, грэчыха — 75 %). Сучасныя беларускія сарты паказваюць ураджайнасць на ўзроўні імпартных, не саступаюць і па якасці збожжа.

Навукова-практычны цэнтр НАН па бульбаводстве і плодаагародніцтве падрыхтаваў наглядную прэзентацыю — паказаў, якую агародніну сёння можна вырошчваць і нават як яе выкарыстоўваць. Напрыклад, створаны беларускія сарты бульбы, з якіх можна рабіць фры.

Над «Мастаком» вучоныя працавалі каля 40 гадоў. Гэта першы беларускі сорт, які мае імунітэт да асноўных вірусаў. Сярод распрацовак цэнтра — ранняя бульба «Першацвет», якая ўжо сёння займае вялікія плошчы ў краіне. Устойлівая да спякоты «Юлія», аказалася, можа добра расці нават ва ўмовах поўдня Сахары.

Як падзяліўся дырэктар цэнтра Вадзім Маханько, сёння ў селекцыі адбываецца пераход ад сартоў да гібрыдаў. Напрыклад, створаны першы гібрыд цыбулі «Тутэйшы», які можна вырошчваць у аднагадовай культуры. У шэрагу гаспадарак будуць закладзены даволі вялікія яго пасадкі.

Вітамінны канвеер

Дырэктар Інстытута пладаводства Аляксандр Таранаў звярнуў увагу на змену кліматычных зон, што павінны ўлічваць вучоныя, і сёння ўжо вядзецца работа па вырошчванні тэхнічных сартоў вінаграду. У той жа час зіма бягучага года паказала, што крытычных тэмператур ніхто не адмяняў, а гэта адзін з фактараў, які стрымлівае прасоўванне цеплалюбівых культур. Таму, перш чым закладваць сады, важна звяртацца па парады да вучоных. Інстытут актыўна супрацоўнічае з гаспадаркамі краіны, заключаны дамовы аб вытворчым выпрабаванні перспектыўных сартоў беларускай селекцыі, а таксама па вывучэнні інтрадуцыраваных сартоў.

Калі ў насельніцтва вырастала цікавасць да костачкавых культур, у гаспадарках пераважна прадстаўлены семечкавыя і ягадныя культуры. У той жа час вучоныя гатовыя падзяліцца сваімі напрацоўкамі, забяспечыць чаранкамі і саджанцамі гаспадаркі, якія гатовыя развіваць айчыннае пладаводства. Так, у краіне можна вырошчваць алычу і сліву, каб забяспечваць вітамінны канвеер, — збіраць плады з ліпеня да верасня. Створаны зімаўстойлівыя сарты , якія даюць высокія ўраджаі. Можна таксама запусціць «вішнёвы канвеер». Адна з навінак цэнтра — «Юбілейная Белсад» — самаплодны сорт, які вучоныя прапануюць для закладкі насаджэнняў, дзе не патрабуюцца сарты апыляльнікаў. Ужо амаль сто гадоў у краіне вядзецца селекцыя чарэшні, створаны айчынныя сарты «Гасцінец», «Мінчанка». 

З апошніх распрацовак — «Люба», сорт паказвае сябе на ўзроўні сусветных аналагаў па буйнаплоднасці, дае ягады па 10–12 грам. 

Вітамінныя канвееры можна ствараць на аснове яблыкаў і груш — асаблівую ўвагу вучоныя ўдзяляюць познім сартам, плады якіх могуць захоўвацца ўсю зіму. Вядзецца работа і над селекцыяй арэхаў — ужо ёсць 4 айчынныя сарты грэцкіх арэхаў, створаны беларускія сарты фундуку.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ,
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю