У футбольным клубе чакаюць, што легендарны тэнісіст зробіць уклад у сучаснасць і будучыню «Рэала».
Дваццацідвухразовы пераможца турніраў Вялікага шлема іспанец Рафаэль Надаль увойдзе ў савет дырэктараў мадрыдскага «Рэала», паведамілі на сайце футбольнага клуба.
«Для „Рэала“ і ўсяго мадрыдызму велізарны гонар, што фігура такога спартыўнага і чалавечага маштабу, арыенцір іспанскага і сусветнага спорту ўвойдзе ў наш савет дырэктараў і зробіць, у рамках гэтай адказнасці, уклад у сучаснасць і будучыню нашага клуба», — гаворыцца ў заяве каманды.
Рафаэль Надаль падзякаваў прэзідэнту клуба Фларэнціну Перэсу і савету дырэктараў за такую прапанову.
«Я прыняў гэту прапанову з вялікім энтузіязмам, жаданнем вучыцца і гатоўнасцю ўнесці ўсё, што ў маіх сілах», — напісаў Надаль у сацыяльнай сетцы і прымацаваў сваё дзіцячае фота, дзе ён у форме «Рэала», а таксама свой здымак на матчы мадрыдцаў.
Надаля часта заўважалі на матчах «Рэала».
«Бацька і ўвогуле ўся сям’я заўсёды былі фанатамі мадрыдскага «Рэала». Але калі мой дзядзька Мігель гуляў за «Барсу», усе дружна падтрымлівалі яго. Потым ён вярнуўся ў «Мальёрку». З таго моманту і адбыўся раскол: нехта застаўся фанатам «Барселоны», а нехта зноў стаў перажываць за «Каралеўскі клуб», — казаў у інтэрв’ю Corriere Della Sera Надаль у 2020 годзе.
Рафаэль Надаль кар’еру тэнісіста завяршыў у лістападзе 2024 года. На яго рахунку 22 перамогі на турнірах Вялікага шлема, у тым ліку рэкордныя 14 тытулаў «Ралан Гарос». Таксама ён двухразовы алімпійскі чэмпіён (у 2008-м — у адзіночным разрадзе, у 2016-м — у парным).