У чацвер, 29 студзеня, у Беларусі будзе дзейнічаць папярэджанне аб небяспечных гідраметэаралагічных з’явах з-за галалёду і галалёдзіцы, у сувязі з чым аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Так, 29 студзеня будзе воблачна, днём з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі выпадуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу. У многіх раёнах галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы і раніцай месцамі слабы туман. Вецер паўночна-ўсходні, 5–10 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак ад 0 °С па поўдні да −13 °С па поўначы.