У снежні мы белага ды пухнатага снегу і не бачылі. Мокры снег-пяціхвілінка і не больш за тое. А вось з першых дзён новага года зіма вырашыла паказаць нам майстар-клас: да нас у госці зазірне вецер з Арктыкі, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У першую пятніцу года надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць халодная няўстойлівая паветраная маса. Воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу, які будзе пераходзіць у мокры снег і снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні, паўднёва-заходні ўмераны, месцамі парывісты, уначы месцамі на ўсходзе моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да мінус 6 градусаў, удзень будзе ад 2 цяпла да 3 марозу. Атмасферны ціск ноччу будзе расці, днём істотна не зменіцца.
Надвор’е пачне мяняцца ўжо ў суботу. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца кароткачасовы снег. Месцамі мяцеліца, на дарогах галалёдзіца. Вецер заходні, паўночна-заходні парывісты, у многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 2 градусаў да 7 марозу, днём крыху цяплей, але ўсё ж ад нуля да мінус 4 градусаў.
У нядзелю да нас прыйдзе вецер з поўначы і ўмовы надвор’я будуць фарміраваць малаактыўныя франтальныя раздзелы і паветраныя масы арктычнага паходжання. Воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні, паўднёва-заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы да 2–9 марозу, ды і днём будзе ад нуля да мінус 5 градусаў.