Надвор’е дасць магчымасць падтрымліваць добрыя тэмпы ўборачных работ. Аб гэтым паведамілі БелТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«Вялікія дажджы, што прайшлі ў трэцяй дэкадзе верасня, значна папоўнілі запасы глебавай вільгаці на большай тэрыторыі Беларусі, месцамі на цяжкіх па механічным саставе глебах, пераважна на паўночным усходзе краіны, прывялі да пераўвільгатнення. Тым не менш, недахоп вільгаці ў глебе, які адзначаўся ў паўднёвым рэгіёне, поўнасцю ліквідаваны не быў. На большасці палёў прадукцыйнай вільгаці цалкам дастаткова для росту і развіцця азімых збожжавых культур і рапсу», — расказалі ў Белгідрамеце.
Паводле прагнозаў аграметэаролагаў, сухое надвор’е ў бліжэйшы час дасць магчымасць падтрымліваць добрыя тэмпы ўборачных работ. Разам з тым з-за чаканых замаразкаў можа ўзнікнуць небяспека пашкоджання пакінутай на палях без укрыцця выкапанай сельскагаспадарчай прадукцыі.