Беларусь зноў накрылі палі франтальнай воблачнасці. «Перыядычна будуць адзначацца дажджы рознай інтэнсіўнасці, не выключаны моцныя, высокая верагоднасць навальніц», — адзначылі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У аўторак на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, месцамі моцныя. У асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 9–16 °C, днём будзе 17–24 °C.
У сераду месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём магчымыя навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 6 да 13 °C. Днём будзе 19–26 °C.
«У начны і ранішні час у вільготным паветры месцамі па краіне будуць згушчацца туманы. Бачнасць пры гэтым можа пагаршацца да 500 метраў і менш. Таму на дарогах трэба быць вельмі ўважлівымі як вадзіцелям, так і пешаходам», — папярэдзілі ў Белгідрамеце.
У чацвер ноччу пераважна без ападкаў, днём на большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі моцныя, а таксама навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёвай чвэрці ўмераны, днём пры навальніцах парывісты, месцамі моцны. Тэмпература паветра ўначы — 8–14 °С, па захадзе краіны — да 17 °С, днём — 23–29 °С, па поўдні Беларусі месцамі — 30-31 °С.
У тэму
Вільгаці з лішкам
Інтэнсіўныя дажджы палепшылі вільгацезабяспечанасць сельскагаспадарчых культур. Аб гэтым паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Як лічаць спецыялісты, інтэнсіўныя дажджы ліквідавалі недабор ападкаў, які назіраўся з пачатку вегетацыйнага перыяду. Вільгацезабяспечанасць сельскагаспадарчых культур на большай частцы тэрыторыі краіны значна палепшылася. Складаюцца добрыя аграметэаралагічныя ўмовы для адрастання травы, фарміравання прадукцыйнасці збожжавых, росту і развіцця іншых культур. Сярэдняя тэмпература верхняга пласта глебы складае ад плюс 14 да 19 °C, што садзейнічае з’яўленню ўсходаў позніх культур.
«На большай частцы краіны назіраецца пераўвільгатненне верхняга 10-сантыметровага пласта глебы, што ўскладняе правядзенне агратэхнічных мерапрыемстваў па доглядзе раслін, першага ўкосу траў. У найбліжэйшы час з-за чаканага няўстойлівага надвор’я ўмовы для нарыхтоўкі кармоў будуць не вельмі спрыяльныя», — прагназуюць аграметэаролагі.
У МНС папярэдзілі аб фактарах небяспекі падчас навальніц. У непагадзь магчымыя пашкоджанні (абрывы) ліній сувязі і электраперадачы, адключэнні электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах. Падчас навальніцы могуць узнікнуць лясныя пажары, а таксама пажары ў жылых і вытворчых будынках.