З пачатку лютага тэмпература паветра працягвае паніжацца. Праўда, адбываецца гэта паступова, і ўсё яшчэ на 1–4 градусы цяплей за сярэднія шматгадовыя паказчыкі. У далейшым маразы будуць узмацняцца, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу Беларусь у асноўным будзе знаходзіцца на паўднёвай перыферыі антыцыклону з цэнтрам над Ленінградскай вобласцю Расіі, толькі ў начны час па захадзе краіны захаваецца ўплыў малаактыўнага франтальнага падзелу. Воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў, толькі ўначы ў асобных раёнах па захадзе краіны пройдзе невялікі снег. Ноччу і раніцай месцамі будзе згушчацца слабы туман. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Вецер усходні ад слабога да ўмеранага.
- Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад 2 да 8 марозу, пры праясненнях да мінус 10 °С. Максімальная тэмпература днём складзе ад мінус 3 °С да плюс 2 °С. Атмасферны ціск ноччу будзе расці, днём істотна не зменіцца.
На выхадных надвор’е працягне вызначаць перыферыя антыцыклону, цэнтр якога перамесціцца на Кіраўскую вобласць. У суботу ноччу воблачна з праясненнямі, днём пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер усходні, паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень месцамі на захадзе парывісты.
- Тэмпература паветра ўначы ад мінус 4 да мінус 10 °С, пры праясненнях да мінус 12 °С. Максімальная тэмпература днём у сярэднім па краіне каля нуля (мінус 3 — плюс 3 °С).
У нядзелю пераменная воблачнасць. Без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер усходняй чвэрці ўмераны.
- Тэмпература паветра ўначы ад мінус 4 да мінус 11 °С, месцамі да мінус 14 °С, максімальная днём складзе ад мінус 3 да плюс 2 °С.
З пачаткам новага працоўнага тыдня за надвор’е ў нашай краіне пачне адказваць антыцыклон скандынаўскага паходжання. Таму ў Беларусі захаваецца марознае і без ападкаў надвор’е. Паводле папярэдніх прагнозаў, з панядзелка па сераду будзе без ападкаў. На асобных участках дарог — галалёдзіца.
- Тэмпература паветра ў гэты час ноччу складзе 5–12 °С марозу, пры праясненнях слупок тэрмометра апусціцца да мінус 16 °С. Днём чакаецца ад мінус 4 да плюс 2 °С.