Top.Mail.Ru

Надвор’е: мароз і завіруха

Другая дэкада студзеня пачынаецца са слабых завей, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Праўда, у пятніцу будзе яшчэ дажджліва. У гэты дзень у Беларусі надвор’е вызначаць атмасферныя франты ад цыклону з цэнтрам над краінамі Балтыі. Чакаецца перавага воблачнага надвор’я. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі прагназуюцца слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні парывісты, раніцай і днём месцамі па захадзе краіны моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус аднаго да плюс пяці градусаў, а максімальная днём 3–9 цяпла. Атмасферны ціск ноччу будзе падаць, днём істотна не зменіцца.

А далей, не вельмі спяшаючыся, прыйдзе сапраўдная зіма. У найбліжэйшыя два дні на тэрыторыю Беларусі чакаецца паступленне халодных паветраных мас паўночнаатлантычнага паходжання. Мы гэта адчуем ужо ў суботу. У гэты дзень будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег. Месцамі чакаецца завіруха, на дарогах — галалёдзіца. Вецер парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад 4 марозу да 2 цяпла.

А ў нядзелю стане яшчэ халадней. Будзе воблачна, ноччу з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег. Месцамі слабая мяцеліца, на дарогах галалёдзіца. Вецер пераменных напрамкаў парывісты. Тэмпература паветра ўначы 1–6 марозу, а максімальная днём ад мінус 4 градусаў да 1 цяпла.

Як адзначыла начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Белгідрамета Вольга Бакланава, у снежні тэмпература паветра была вышэйшай за кліматычную норму на  2,8 градуса. Дагэтуль на большай частцы тэрыторыі краіны кліматычная зіма не наступіла. Такая сітуацыя назіралася і ў сезоне 2021 года.

Кліматычныя прагнозы на цёплы і халодны перыяды года для краін СНД складае Паўночна-Еўразійскі кліматычны цэнтр. «Па перададзеным нам прагнозе, які носіць кансультацыйны характар, гэты зімовы сезон у Беларусі чакаецца цяплейшы, чым звычайна, з верагоднасцю 60–75%», — адзначыла спецыяліст.

А пакуль у выхадныя будзе марозна. Зімовы характар надвор’я захаваецца ў краіне і ў пачатку наступнага працоўнага тыдня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю