Top.Mail.Ru

Надвор’е: месцамі чакаюцца даволі моцныя ападкі

Паўночны вецер і дажджы.


Завяршэнне перадапошняга тыдня чэрвеня будзе адбывацца пад знакам актыўных навальнічных цыклонаў і моцнага парывістага ветру, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

  • 20 чэрвеня ў нашай краіне будуць гаспадарыць атмасферныя франты і халодная паветраная маса. На большай частцы тэрыторыі пройдуць дажджы, месцамі з навальніцамі. Удзень у асобных раёнах моцныя. Вецер заходні, паўночна-заходні ўмераны, у многіх раёнах парывісты. Тэмпература паветра ноччу — ад 8 да 13 °С. Дастаткова свежа нават днём, калі максімальная тэмпература будзе не вышэйшай за 12 — 18 °С, а па захадзе Беларусі да 19 — 21 °С. Атмасферны ціск ноччу істотна не зменіцца, днём будзе слаба расці.
У суботу, спачатку ноччу, захаваецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца на паўночны ўсход Украіны, а днём надвор’е ў Беларусі будуць фарміраваць няўстойлівыя паветраныя масы, што паступаюць з боку Балтыйскага мора. Ноччу воблачна з праясненнямі, днём пераменная воблачнасць. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер паўночнай чвэрці, удзень з пераходам на заходні, парывісты, уначы месцамі моцны парывісты. Начныя тэмпературы апусцяцца да 5–12 °С, днём паветра прагрэецца да 17–23 °С.

У нядзелю ўмовы надвор’я ў краіне будуць вызначаць франтальныя раздзелы ад цыклону, цэнтр якога будзе перамяшчацца з Фінскага заліва на Цвярскую вобласць Расіі. Воблачна з праясненнямі, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, днём месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер заходняй чвэрці парывісты, 
удзень пры навальніцах моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад 8 да 13 °C, максімальная днём складзе ад 16 °C па паўночным усходзе да 27 °C па паўднёвым захадзе Беларусі.

Сяргей КУРКАЧ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю