Упэўнена аб камфортным надвор’і вясной можна казаць, калі начная тэмпература устанаўліваецца з істотным плюсам, падкрэслілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу днём у многіх раёнах прагназуюцца моцныя дажджы і навальніцы. Вецер ноччу паўднёвы ад слабага да ўмеранага, днём з пераходам на паўночны ўмераны, у многіх месцах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы плюс 9–15 °C, а максімальная днём складзе ад 12 °C па паўночным захадзе да 26 °C па паўднёвым усходзе краіны.
Свежае надвор’е чакаецца ноччу ўжо ў суботу. Заходнія рэгіёны краіны апынуцца пад уплывам халодных паветраных мас. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, месцамі моцныя. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер пераменных напрамкаў парывісты, удзень у многіх раёнах моцны. Тэмпература паветра ўначы плюс 6–13 °С, па паўднёвым усходзе краіны да 15 °С. Максімальная тэмпература днём складзе ад 9 °С па паўночным захадзе да 26 °С па паўднёвым усходзе рэспублікі.
Тэмпературныя «арэлі» працягнуцца і ў нядзелю. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём пераважна на паўднёва-ўсходняй палове краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі моцныя, і навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўночнай чвэрці парывісты, удзень пры навальніцах моцны. Тэмпература паветра ўначы месцамі па захадзе апусціцца да плюс 2 °C, але па ўсходзе краіны да 14 градусаў цяпла. Максімальная тэмпература днём будзе цалкам майская — 12–18 °С, а па ўсходзе Беларусі — 19–26 °С.
У МНС нагадваюць пра фактары небяспекі ў такое надвор’е. Прынамсі, здараюцца пашкоджанні, абрывы ліній сувязі і электраперадачы, перабоі, адключэнне энергазабеспячэння, адключэнне электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах. Магчыма ўзнікненне лясных пажараў, пажараў у жылых і вытворчых будынках, значнае зніжэнне бачнасці і цяжкасць руху транспарту аж да яго поўнага спынення. Ёсць рызыка блакіравання людзей у падвальных і заглыбленых памяшканнях, у грамадскім і асабістым транспарце, падтаплення асобных дамоў, агародаў, сельгасугоддзяў і аўтадарог мясцовага значэння.
Сяргей КУРКАЧ
Фота з адкрытых крыніц