Дажджы павялічваюць колькасць вільгаці ў глебе, месцамі верхні слой моцна ўвільготнены. Аб гэтым паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«Па выніках інструментальнага вызначэння вільготнасці глебы пад познімі сельскагаспадарчымі культурамі на большасці плошчаў запасы прадукцыйнай вільгаці ў глебе добрыя. Дастатковая вільгацезабяспечанасць на асноўных масівах на фоне невысокіх тэмператур спрыяе фарміраванню і росту клубняў бульбы, караняплодаў, адрастанню траў пасля ўкосу», — адзначылі ў Белгідрамеце.
Для цеплалюбівых культур (кукуруза, грэчка, агародніна ў адкрытым грунце) у бліжэйшы час тэмпературны рэжым будзе ніжэйшы за аптымальны.
Дажджы стрымліваюць прасыханне збожжа і тэмпы ўборачных работ, могуць правакаваць развіццё хвароб на культурах.
«Паводле даных назіранняў на раніцу 22 ліпеня, месцамі ў паўночна-заходняй частцы і на ўсходзе рэспублікі верхні 10-сантыметровы слой глебы моцна ўвільготнены, што робіць цяжкай работу тэхнікі на палях», — расказалі аграметэаролагі.