Top.Mail.Ru

Надвор'е: Цяпло з пераменным поспехам

Пачатак апошняга тыдня сакавіка быў максімальна вільготным. Кіраваў надвор’ем цыклон, якому далі назву Volker. Ужо канчаткова сфарміраваўся вектар на вясновае надвор’е, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У аўторак умовы надвор’я ў Беларусі ў асноўным будуць вызначаць атмасферныя франты. Днём па заходняй палове адаб’ецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Воблачна, днём з праясненнямі. Ноччу на большай частцы тэрыторыі краіны, днём пераважна па ўсходзе пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будзе згушчацца туман. Вецер пераменных напрамкаў умераны, уначы месцамі на ўсходзе парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да плюс 6 °С, максімальная днём — ад плюс 7 да 13 °С. Атмасферны ціск будзе слаба расці.

У сераду ноччу ўмовы надвор’я ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. А раніцай і днём з Балтыйскага мора чакаецца перамяшчэнне франтальных раздзелаў і цёплых паветраных мас. Воблачна з праясненнямі. Ноччу пераважна без ападкаў, толькі месцамі па паўднёвым усходзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы, раніцай і днём у асноўным па паўночна-заходняй палове краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабыя туман і галалёд. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 2 да плюс 4 °С, пры праясненнях паветра будзе астуджацца да мінус 5 °С. Максімальная тэмпература днём ад плюс 10 да 17 °С, па паўночным усходзе Беларусі 7–9 °С цяпла.

У чацвер чакаюцца змяненні. Але захаваецца ўплыў атмасферных франтоў, якія павольна ссоўваюцца ва ўсходнім напрамку і выцясняюць цёплыя паветраныя масы. Хмарна. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 1 да плюс 6 °С, а максімальная днём складзе ад плюс 6 °С па поўначы да плюс 16 °С па паўднёвым усходзе краіны.

Паводле папярэдніх звестак айчынных сіноптыкаў, напрыканцы тыдня тэмпература паветра працягне павышацца, і гэтаму нават не перашкодзяць чаканыя кароткачасовыя дажджы. У пятніцу, аднак, будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі па ўсходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах могуць быць слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 3 °С да плюс 4 °С, максімальная днём — 10–16 °С цяпла.

У суботу ноччу будзе пераважна без ападкаў, днём месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах могуць быць слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 3 °С да плюс 2 °С, максімальная днём — 11–17 °С цяпла.

У нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах можа быць слабы туман, днём месцамі магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы ўжо выключна плюсавая 1–8 °С, максімальная днём — плюс 9–15 °С, па паўднёвым усходзе — да 17 °С.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю