«На свята думай пра будзень, а ўлетку пра зіму» — так гучыць народная мудрасць. І заклікае да прадбачлівасці і падрыхтоўкі да будучых халадоў у літаральным сэнсе. Карэспандэнт «Звязды» вырашыла даведацца, наколькі адказныя службы гатовыя да асенне-зімовага перыяду, які неўзабаве надыдзе.
Паліва ўжо нарыхтавана, палова кацельняў адрамантавана
У Беларусі стартавала работа па афармленні пашпартоў гатоўнасці да ацяпляльнага сезона. Пры падрыхтоўцы аб'ектаў ЖКГ да работы ў наступны зімовы перыяд Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ажыццяўляецца штодзённы кантроль па 13 асноўных паказчыках. Сярод іх — замена і капітальны рамонт катлоў, замена цеплавых сетак, стварэнне запасаў драўнянага паліва, прафілактычны рамонт сетак ацяплення жылых дамоў, цеплавых пунктаў, рамонт стыкаў, даху.
Што датычыцца штомесячнага кантролю, ён праводзіцца па 89 паказчыках — гэта работы па выпрабаванні абсталявання кацельняў, цеплавых сетак, прафілактычным аглядзе водаправодных і каналізацыйных сетак, збудаванняў на іх, рамонту электраабсталявання жылых дамоў, печаў, паверкі прыбораў уліку і гэтак далей. Усе гэтыя работы гарантуюць надзейнае, бесперабойнае, безаварыйнае цяпло і водазабеспячэнне жыллёвага фонду.
Па стане на сёння пачата работа па афармленні пашпартоў гатоўнасці. Аб гэтым расказаў начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей ФІЛАНОВІЧ. Іх атрымалі ўжо каля 420 цеплакрыніц. Выкананы работы па нарыхтоўцы парадку 1,5 млн шчыльных кубічных метраў драўнянага паліва — гэта ўжо 95 %. Нарыхтавалі паліўнага мазуту тры тысячы тон — гэта 98 %. Заменена 146 км цеплавых сетак, што складае 57 % ад запланаваных аб'ёмаў.Цяперашнім часам ажыццяўляюцца і праведзены работы па выпрабаванні і прафілактычным рамонце абсталявання каля дзвюх тысяч кацельняў, што складае 58 % ад запланаванага аб'ёму, а таксама 7,7 тысячы км цеплавых сетак — крыху больш за 50 %. На ўзроўні 46 % ад плана выкананы прафілактычны рамонт цэнтральных цеплавых пунктаў, а кацельняў — 54 %. На аб'ектах водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі здзейснена перакладка 245 км сетак водазабеспячэння — 80 % ад запланаванага аб'ёму. Было перакладзена таксама 60 км сетак каналізацыі — гэта парадку 50 %. Выкананы прафілактычныя рамонты сістэм ацяплення ў 28 тысячах дамоў, што складае 66 % ад плана.
Усе работы на дадзены момант вядуцца ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі. Сярэдні працэнт выканання фізічных работ складае звыш 50 %, а дзесьці дасягае нават 70—80 %. Поўная гатоўнасць аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны да работы ў асенне-зімовы перыяд будзе забяспечана ў запланаваныя тэрміны.
Энергетыкі з задачамі спраўляюцца
Амаль палова работ па рамонце цепла- і электратэхнічнага абсталявання ўжо выканана ў рамках падрыхтоўкі да зімы. Пра гэта расказаў намеснік галоўнага інжынера дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Белэнерга» Аляксандр МІХНЮК.
На 2025 год запланавана выкананне капітальнага рамонту 21 энергетычнага катла, 18 турбін, 10 воданагравальных і 7 паравых катлоў.
У цяперашні час цалкам завершаны рамонт 20 адзінак абсталявання, яшчэ 18 знаходзяцца ў рабоце.На 52 адзінках цеплатэхнічнага аснашчэння запланаваны сярэдні рамонт. З іх завершана ўладкаванне 17 адзінак, 18 — у працэсе выканання. Таксама ў планах рамонт 35 дымавых комінаў і 33 газаходаў. Ужо завершаны рамонт 28 аб'ектаў, яшчэ 29 знаходзяцца ў рабоце
Актыўна праводзіцца і рамонт электратэхнічнай часткі. Капрамонту падлягаюць 18 генератараў, 2 сілавыя трансфарматары, 17 высакавольтных выключальнікаў, а таксама 166 падстанцый. На сёння завершаны работы на 38 адзінках абсталявання, на 115 — працягваюцца.
Праведзены капітальны рамонт ліній электраперадачы ўсіх класаў напружання агульнай працягласцю больш за 9,6 тысячы км, што складае каля 46 % ад гадавога плана. Па замене апор выканана больш за 55 %.
- Завершана расчыстка прасек паветраных ліній на плошчы больш за 9,5 тысячы гектараў, што складае каля 57 % ад плана. Сумесна з лясгасамі наведзены парадак на ўчастках паблізу прасек працягласцю 753 км. Акрамя таго, у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, а таксама ў Мінску заменена 90 км кабельных ліній.
У межах падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду сфарміраваны аварыйна-аднаўленчыя і аператыўна-выязныя брыгады. Яны цалкам укамплектаваны сродкамі аховы і неабходнымі матэрыяламі.
На балансе энергазабеспячальных арганізацый — 234 перасоўныя дызельныя электрастанцыі. Адпрацаваны парадак дзеянняў аператыўных груп пры надзвычайных сітуацыях і ва ўмовах нізкіх тэмператур. Акрамя таго, рэгулярна праводзяцца супрацьаварыйныя трэніроўкі і інструктажы персаналу.
Газаправоды падлягаюць дыягностыцы
Начальнік упраўлення па фарміраванні навуковай палітыкі ў галіне газазабеспячэння і забеспячэнні агульных відаў дзейнасці дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Белпалівагаз» Аляксандр БЕЛКІН расказаў, што для бесперабойнага забеспячэння насельніцтва паліўна-энергетычнымі рэсурсамі кампанія рыхтуе свае арганізацыі да ўстойлівай работы ў асенне-зімовы перыяд. «У адпаведнасці з зацверджанымі графікамі рэалізуюцца арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія забяспечваюць устойлівае, надзейнае паліва- і энергазабеспячэнне народнай гаспадаркі і насельніцтва ў асенне-зімовы перыяд, які мае адбыцца».
Ужо выканана планавае тэхнічнае абследаванне працягласцю больш за 4 тысячы км газаправодаў, праведзена тэхнічная дыягностыка больш за 400 км падземных газаправодаў, замена больш за 66 тысяч адзінак маральна састарэлага бытавога газавага абсталявання. Арганізацыямі «Белпалівагаза» здабыта больш за 770 ты-сяч тон торфу, выраблена больш за 380 тысяч тон брыкетаў і тарфяной сушонкі.
Нагадаем, што жыхарам трэба і самім клапаціцца пра своечасовую замену газавыкарыстоўвальнага абсталявання. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў раённы або гарадскі цэнтр абслугоўвання насельніцтва газазабеспячальнай арганізацыі і атрымаць увесь комплекс паслуг па замене бытавога газавага абсталявання. Неабходна таксама правяраць тэхнічны стан і надзейнасць дымавых і вентыляцыйных каналаў.