Top.Mail.Ru

Надзейныя партнёры дзяржавы

На мінулым тыдні ўзнагароджвалі пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года». Як адзначыў міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР, цікавасць да конкурсу штогод расце. Сёлета было пададзена 483 заяўкі, што ў 1,6 раза больш у параўнанні з мінулым годам.

— Падводзячы папярэднія вынікі работы нашай эканомікі ў гэтай пяцігодцы, мы бачым, што кірунак падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку задачы па прыросце і фарміраванні каля трэці нашага валавога ўнутранага прадукту, з вялікім поспехам выконваюцца, — адзначыў міністр.

«Дзяржава ўдзяляе прадпрымальніцкай дзейнасці вялікую ўвагу, — падкрэсліў адзін з пераможцаў конкурсу індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Трус. — І гэта сапраўды так. Я даўно супрацоўнічаю з блізкім замежжам, таму ёсць з чым параўноўваць. У Беларусі шмат робіцца для развіцця бізнесу, бо чым больш паспяховых прадпрыемстваў, тым мацнейшая ў выніку наша краіна».

Найбольш актыўнымі, паводле слоў арганізатараў, былі прадстаўнікі дзелавой супольнасці Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. 

У Год беларускай жанчыны таксама прыемна адзначыць, што амаль палову пераможцаў конкурсу склалі прадстаўніцы прыгожага полу. Напрыклад, жыхарка Светлагорска Юлія КУКАР, прадстаўніца ТАА «Нафтатэхпаслуга», у якім працуе з моманту яго заснавання ў 2009 годзе, а таксама з’яўляецца яго сузаснавальнікам, перамагла ў намінацыі «Эфектыўны бізнес у сферы паслуг».

«Мы рады, што прыносім карысць нашай краіне, — падзялілася пераможца. — Маладым прадпрымальнікам, якія толькі пачынаюць свой шлях, хачу параіць не баяцца ніякіх цяжкасцяў. Галоўнае — шмат працаваць. Працавітасць, імкненне да самаразвіцця — гэта аснова ўсяго».

Дарэчы, адразу тры арганізацыі, якія сталі пераможцамі другі год запар, удастоены звання «Ганаровы прадпрымальнік». Сярод іх — ТАА «КатДміт Інжынірынг», што займаецца праектаваннем і вырабам тэхналагічнага абсталявання для прамысловай вытворчасці. Прадстаўнік кампаніі Віталь САВЕНКА падзяліўся ўражаннямі ад такой высокай узнагароды:

«Вядома, калі дзяржава падстаўляе плячо і дапамагае такім высокаінжынерным прадпрыемствам, гэта працуе на суверэнітэт і тэхналагічную бяспеку краіны, — падкрэсліў ён. — Для нас перамога стала пацвярджэннем вынікаў працы ўсяго нашага калектыву. Гэта сведчанне таго, што дзяржава нас заўважае, што ёй неабыякавы лёс і перспектывы малых і сярэдніх прадпрыемстваў».

Аміна НАЗАРАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю