Top.Mail.Ru

«Надзвычай важны ігрок». Амерыканскія аналітыкі аб ролі Мінска ў фарміраванні архітэктуры бяспекі Еўропы

Становішча Беларусі паміж Расіяй і Захадам робіць яе надзвычай важным рэгіянальным іграком у сферы бяспекі. Такія высновы гучаць у аналітычным аглядзе, апублікаваным Інстытутам адказнага дзяржаўнага кіравання Куінсі (амерыканскі аналітычны цэнтр, які базіруецца ў Вашынгтоне), піша БелТА.


Амерыканскія аналітыкі прызнаюць памылковасць заходніх падыходаў у адносінах да Беларусі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў і канстатуюць, што Захаду да гэтага часу так і не ўдалося сфармуляваць паслядоўную палітыку ў адносінах да Мінска.

«З 1991 года падыход да Мінска, за рэдкімі выключэннямі, разглядаўся ў рамках парадыгмы еўраатлантычнай інтэграцыі і адкрыта геапалітычнай канфрантацыі паміж Расіяй і НАТА, што ўзнікла пасля 2014 года», — адзначаюць эксперты.

Але спробы Захаду аддзяліць Беларусь ад Расіі шляхам ізаляцыі не дасягнулі жаданага эфэкту. Хутчэй, наадварот. Санкцыі і дыпламатычны націск з боку ЗША і Еўропы аслабілі заходнія каналы ўплыву на Беларусь. І замест таго, каб прымусіць Мінск развярнуцца ў бок Захаду, кампанія максімальнага націску на Беларусь падштурхнула Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку да паглыблення адносін з Расіяй, Кітаем і іншымі незаходнімі ігракамі.

Паралельна з гэтым ускладнілася сітуацыя з бяспекай у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Аналітыкі Інстытута Куінсі ўказваюць на небяспеку эскалацыйнай спіралі паміж Беларуссю і яе суседзямі — Польшчай і Літвой. Сітуацыя, якая склалася, на думку экспертаў, падрывае рэгіянальную стабільнасць і стварае патэнцыяльную ваенную кропку напружанасці на ўсходнім флангу НАТА.

«Гэтыя непажаданыя наступствы з’яўляюцца вынікам памылковай геапалітычнай ацэнкі, што разглядае Беларусь у бінарным ключы: альбо як частку еўраатлантычнай супольнасці, альбо як прыдатак Масквы», — канстатуюць амерыканскія аналітыкі.

Разам з тым у Інстытуце Куінсі лічаць, што нягледзячы на ​​ўсе памылкі, магчымасці для нармалізацыі адносін не ўпушчаны. І адміністрацыя Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спрабуе скарыстацца гэтымі магчымасцямі. «Адміністрацыя Трампа зрабіла істотныя крокі ў гэтым напрамку, разглядаючы Беларусь як суверэнную дзяржаву, якая, нягледзячы на цесныя сувязі з Расіяй, імкнецца да ўласных адносін з заходнімі краінамі ў адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі», — гаворыцца ў аглядзе.

Эксперты лічаць, што ў доўгатэрміновай перспектыве Беларусь магла б стаць партнёрам ЗША ў Еўрапейскім рэгіёне, але для гэтага неабходна яшчэ шмат чаго зрабіць, у тым ліку на эканамічным і дыпламатычным трэку.

«Камерцыйныя і гандлёвыя магчымасці ўключаюць сумесныя праекты, якія датычацца крытычна важных рэсурсаў, прамыя замежныя інвестыцыі, а таксама праекты па стварэнні лагістычных і транзітных вузлоў», — гаворыцца ў аглядзе.

Асаблівую ўвагу аналітыкі Інстытута Куінсі надаюць пытанням узаемадзеяння Беларусі і ЗША ў сферы бяспекі.

«Як раней адзначалася ў даследаваннях Інстытута Куінсі, дыялог па пытаннях дэканфліктнасці і бяспекі з Беларуссю, адной з нямногіх краін, што засталіся ў гэтым рэгіёне, не інтэграваных у еўраатлантычную супольнасць, можа адыграць жыццёва важную ролю ў мерах ЗША па забеспячэнні стабільнасці на ўсходнім флангу НАТА», — упэўнены эксперты.

Яны адзначаюць, што Беларусь ужо зрабіла канкрэтныя крокі ў падтрымку мірнай ініцыятывы Белага дома па Украіне і цяпер неабходна, каб узаемадзеянне на гэтай аснове было прадоўжана. «Гэтыя крокі ўключаюць у сябе прадастаўленне платформы для абмену палоннымі і целамі ваеннаслужачых, якія загінулі ў баі, а таксама патэнцыяльны ўклад у пасляваеннае аднаўленне Украіны», — адзначаецца ў аглядзе.

У той жа час ЗША, на думку аналітыкаў, неабходна садзейнічаць наладжванню дыялогу паміж Мінскам і яго заходнімі суседзямі. Вашынгтон таксама павінен улічваць значэнне Беларусі ў пабудове будучай архітэктуры бяспекі ў Еўропе.

«У рамках намаганняў па ўмацаванні стабільнасці ў адносінах паміж Захадам і Расіяй Белы дом павінен заахвочваць канструктыўны дыялог паміж Беларуссю і яе польскімі і літоўскімі суседзямі і ўлічваць патэнцыяльную ролю Мінска ў любых будучых перагаворах па еўрапейскай архітэктуры бяспекі. Ключавым этапам на шляху да паглыблення двухбаковага ўзаемадзеяння з’яўляецца поўная дыпламатычная нармалізацыя адносін паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю, што стала б дастойным вынікам будучай сустрэчы прэзідэнтаў Трампа і Лукашэнкі», — рэзюмуюць аналітыкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю