Top.Mail.Ru

Уражальны вынік. Лукашэнка высока ацаніў вынікі рэферэндуму ў Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў вынікі рэферэндуму ў Казахстане, на якім прынята новая Канстытуцыя краіны. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 17 сакавіка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Цімурам Жаксылыкавым, перадае БелТА.


Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ўважліва назіраў за развіццём сітуацыі ў Казахстане ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму. Прэзідэнт асабліва адзначыў адназначную народную падтрымку новай Канстытуцыі і Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева.

«Усё ж такі, як ні кажы, гэта падтрымка Прэзідэнта. Ён рызыкнуў у гэты няпросты час, унёс на рэферэндум вельмі важныя для Казахстана пытанні, і народ (падтрымаў. — Заўв. БелТА) — і па яўцы, і асабліва па галасаванні (87 з лішнім працэнтаў) прагаласаваў. Уражальны вынік», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 


«Я хачу вас павіншаваць. І прашу вас: перадайце Касым-Жамарту Кемелевічу самыя цёплыя мае пажаданні і віншаванні з вынікам. Ён малайчына. І павіншаваць казахскі народ, казахстанцаў з гэтым поспехам», — дадаў беларускі лідар. 


Новая Канстытуцыя прынятая ў Казахстане па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 15 сакавіка. У падтрымку Асноўнага Закона прагаласавалі больш за 87 % удзельнікаў.

Па паведамленнях казахстанскіх СМІ, у абноўленым варыянце закладзена новая архітэктура ўлады ў краіне. Дакумент арыентаваны на правы чалавека і грамадзяніна, а таксама стварэнне інстытутаў, якія павінны ўмацаваць устойлівасць дзяржавы і павысіць якасць жыцця грамадства.

Адна з ключавых навацый — фарміраванне аднапалатнага парламента, Курултая, які складаецца з 145 дэпутатаў, і ўвядзенне пасады віцэ-прэзідэнта, які будзе дзейнічаць па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, прадугледжана стварэнне вышэйшага кансультатыўнага органа, які прадстаўляе інтарэсы народа, — Казакстанын Халык Кенесі (Народны савет Казахстана). Ён надзелены правам распрацоўваць рэкамендацыі па ўнутранай палітыцы і ўмацаванні грамадскай згоды, уносіць законапраекты ў Курултай, ініцыяваць правядзенне рэферэндуму.

Упершыню ў гэтай краіне на канстытуцыйным узроўні замацавана права на абарону персанальных даных у лічбавым асяроддзі. Канстытуцыя ўпершыню прама вызначае шлюб як добраахвотны і раўнапраўны саюз мужчыны і жанчыны, зарэгістраваны дзяржавай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю