На пасяджэнні Выканкама НАК Беларусі зацверджаны склад дэлегацыі на XXV зімовыя Алімпійскія гульні ў Італіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.
На галоўным старце чатырохгоддзя выступяць пяць беларускіх спартсменак у пяці дысцыплінах. Гэта Ганна Гуськова (лыжная акрабатыка), Марына Зуева (канькабежны спорт), Вікторыя Сафонава (фігурнае катанне), Ганна Каралёва (лыжныя гонкі) і Марыя Шканава (гарналыжны спорт). Першапачаткова ліцэнзію ў лыжных гонках прынесла Ганна Мачахіна, але квота ў гэтым відзе спорту не з’яўляецца імянной. Па рашэнні трэнерскага штаба пуцёўка перайшла лідару нацыянальнай каманды Каралёвай.
Склад беларускай дэлегацыі можа быць павялічаны за кошт пераразмеркавання квот у лыжнай акрабатыцы. Зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года пройдуць у італьянскіх Мілане і Карціна-д’Ампеца з 6 па 22 лютага.