Top.Mail.Ru
200

«Нам патрэбны героі!» Як выступленне Ганны Каралёвай на Алімпіядзе паўплывае на развіццё лыжных гонак у Беларусі?

Лейтматывам праграмы спаборніцтваў зімовых Алімпійскіх гульняў стануць спаборніцтвы па лыжных гонках. Першы старт запланаваны на наступны дзень пасля цырымоніі адкрыцця — 7 лютага, апошнія гонкі пройдуць у дзень закрыцця — 22 лютага. У насычаным раскладзе гонак варта вылучыць 7, 10 і 12 лютага. У гэтыя дні на старт выйдзе Ганна Каралёва — адзіная прадстаўніца Беларусі ў лыжных гонках. Аб падрыхтоўцы спартсменкі расказаў старшыня Беларускага лыжнага саюза Аляксандр Грабнёў, перадае БелТА.



Хоча, можа, павінна!

Ганна Каралёва выступіць у 20-кіламетровым скіятлоне (10 км класічным стылем і 10 км вольным стылем), спрынце на 1,5 км і 10-кіламетровай гонцы з раздзельным стартам. Як расказаў Аляксандр Грабнёў, фармальна Гульні ў Мілане стануць для Ганны другімі ў кар’еры, але па сутнасці — першымі. У 2022 годзе яна здала станоўчы тэст на каранавірус, з-за чаго не змагла выступіць у алімпійскім Пекіне. «Я шчыра веру ў Аню. Яна не пабаіцца кінуць сабе выклік і возьме рэванш за тое, што не выступала ў Пекіне. Я ведаю, што яна здольна на многае і на Алімпійскіх гульнях гэта пакажа. Ганна гэтага вельмі хоча, яна зможа. І яна павінна», — адзначыў старшыня Беларускага лыжнага саюза.

Да Алімпійскіх гульняў Ганна рыхтавалася з расійскай камандай. У нейтральным статусе ў Італіі выступяць два расійскія спартсмены — Дар’я Няпраева і Савелій Карасцялёў. Паколькі колькасны склад персаналу на Алімпійскіх гульнях залежыць ад колькасці спартсменаў у камандзе, то з Ганнай паедзе адзін сэрвісмен і адзін трэнер. Па дамоўленасці плячо падставяць расійскія партнёры. Наогул, паводле слоў Аляксандра Грабнёва, калегі з Расіі дапамагаюць не толькі ў час падрыхтоўкі да спаборніцтваў, але і ў цэлым у развіцці лыжных гонак. У Расіі гэта школа развіта на даволі высокім узроўні. У Беларусі ж размова пакуль ідзе не пра высокія рэзультаты, а пра вырашэнне шматлікіх праблем. Адзін спартсмен на Алімпійскіх гульнях — далёка не той узровень, які могуць і павінны дэманстраваць беларускія лыжныя гонкі.

Ідэальны сцэнарый

«Лыжныя гонкі — масавы спорт для ўсіх і кожнага. Таму, на наш погляд, аб лыжных гонках важна гаварыць не тады, калі спартсмены едуць на Алімпійскія гульні, аб лыжных гонках трэба гаварыць са школы. Акцэнт — на рэгіёны, кліматычныя асаблівасці якіх даюць магчымасць развіваць гэты від спорту, — Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую вобласці. Тым больш ёсць інфраструктура як аматарскага, так і прафесійнага ўзроўню. Праведзена вялікая работа, каб нашы спартыўныя аб’екты адпавядалі ўсім міжнародным патрабаваннямі. У нас ніколі не будзе высокіх рэзультатаў, калі мы не будзем працаваць з пачатковым і сярэднім звяном, не наладзім перадачу спартсменаў ад трэнера да трэнера. У кожным рэгіёне павінен быць свой рэзерв, каб унутры нашай кампактнай Беларусі была ўнутраная канкурэнцыя. Гэта ідэальны сцэнарый, і мы да яго імкнёмся», — расказаў Аляксандр Грабнёў.

Нам патрэбны героі!

Паводле яго слоў, у Беларусі наладжана добрае ўзаемадзеянне з лідарамі лыжных гонак — нашымі сябрамі з Расіі. «Мы рыхтуем сумесную праграму, якая прадугледжвае комплексную падрыхтоўку не толькі спартсменаў, але і трэнераў, суддзяў, сэрвісменаў. Ужо гатова дарожная карта, пасля Алімпіяды пачнём кропкава рэалізацыю. Рэзультат магчымы толькі калі ёсць канкрэтныя справы і дзеянні кожнага на сваім узроўні. Мы падключаем да гэтага медыцыну і навуку, без чаго сучасны спорт проста немагчымы. Лыжныя гонкі — масавы від спорту, але гэта вельмі цяжкі від спорту. Там вельмі шмат нюансаў. Таму адпрацоўваем кожны. Пачнём з рэгіёнаў, там галоўныя „жамчужынкі“. І, вядома, нам патрэбны героі ў спорце, на якіх будуць ісці дзеці, як Даша Домрачава ў біятлоне, Ганна Гуськова ў фрыстайле. Спадзяюся, што пасля гэтых гульняў у лыжных гонках такім героем стане Ганна Каралёва», — адзначыў старшыня Беларускага лыжнага саюза.

Што трэба ведаць пра алімпійскія спаборніцтвы па лыжных гонках?

На Алімпійскіх гульнях лыжнікі разыграюць 12 камплектаў узнагарод — столькі ж, як і на шасці папярэдніх зімовых Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з Алімпіяды-2002. Упершыню ў гісторыі мужчыны і жанчыны будуць бегчы аднолькавы кіламетраж — такі ўніфікаваны фармат быў апрабаваны на чэмпіянаце свету — 2025 у Тронхейме. У лыжнікаў і лыжніц алімпійскія гонкі з раздзельным стартам складуць 10 км, скіятлон — 20 км (10 км класікай + 10 км каньком), а мас-старты ў заключныя дні — 50 км. У эстафетах кожны этап ва ўсіх будзе складаць 7,5 км. У спаборніцтвах па лыжных гонках выступяць 296 спартсменаў: 148 мужчын і 148 жанчын.

Спаборніцтвы лыжнікаў пройдуць у даліне Валь-ды-Ф’еме на стадыёне «Тэзера». Стадыён з 1991 года прымае вялікія міжнародныя старты і не адзін дзясятак гадоў з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для аматараў лыжнага спорту. 19-кіламетровыя трасы стадыёна вядомы сваім складаным рэльефам, і большасць з іх прыдатныя як для катання каньковым ходам, так і класічным. У рамках падрыхтоўкі да зімовых Алімпійскіх гульняў у «Тэзера» была праведзена значная мадэрнізацыя, у прыватнасці, унесены змяненні ў маршруты трас і існуючыя аб’екты. Былі мадэрнізаваны і ўдасканалены сістэмы аснежвання, а таксама асвятлення і тэхналогіі на аб’екце.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю