Top.Mail.Ru

Свет вачыма юных мастакоў з Бярозы

18 чэрвеня прайшла змена экспазіцыі інклюзіўнага праекта Беларускага саюза жанчын «Іншая глыбіня» ў мінскім гандлёвым цэнтры «Сталіца». Новая выстаўка пад назвай «Малюючы мары» прадстаўляе работы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — выхаванцаў узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Папараць» дзіцячай школы мастацтваў № 2 Бярозы.


На выстаўцы прадстаўлены 18 работ, выкананых ва ўнікальнай тэхніцы традыцыйнага роспісу па шкле, якая з 2023 года ўваходзіць у Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

image0.jpeg

Па словах старшыні Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай, мэта выстаўкі — даць людзям з асаблівасцямі развіцця магчымасць рэалізаваць сябе, раскрыць творчы патэнцыял. «Работы хлопчыкаў і дзяўчынак напоўнены асаблівым святлом, цяплом, асаблівым стаўленнем да свету — для нас гэта сёння асабліва важна», — падкрэсліла старшыня БСЖ.

Кіраўнік студыі «Папараць» Таццяна Зданевіч адзначыла, што ўсе аўтары карцін самастойна выбіралі тэматыку і стваралі эскізы будучых работ. «Ганаруся тым, што кожны з нашых рабят змог выканаць пастаўленую задачу ад пачатку да канца», — адзначыла кіраўнік студыі.

image1.jpeg

Выхаванцы студыі «Папараць» не раз станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Пры выкананні работ яны прытрымліваюцца старадаўняй тэхнікі роспісу, выкарыстоўваюць пяро і контуры тушшу, заліўкі акварэллю і гуашшу. У сваіх карцінах юныя мастакі дзеляцца з навакольнымі цяплом душы і ўнутраным святлом, паказваючы свет такім, якім яго адчуваюць.

Лізавета МАЛЬЧУК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю