Пяць пасажыраў міжнароднага аўтобуса, які сёння перакуліўся ў Талачынскім раёне, застаюцца на лячэнні ў Аршанскай гарадской бальніцы № 1. Пра гэта БелТА паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Намеснік галоўнага ўрача бальніцы Любоў Румо расказала, што з 10 чалавек, якія прыбылі ва ўстанову аховы здароўя пасля ДТЗ, пяцярых адпусцілі на амбулаторнае лячэнне. «Пасля правядзення ўсіх неабходных дыягнастычных і лабараторна-інструментальных даследаванняў пяць пацыентаў былі адпраўленыя на амбулаторны этап лячэння. Астатнія пяць пацыентаў знаходзяцца на шпіталізацыі, і ім будзе праведзена ўсё неабходнае лячэнне», — праінфармавала яна.
У пацярпелых дыягнаставаны траўмы рознай ступені цяжкасці. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі Міністэрства аховы здароўя.