Акадэміяй навук Беларусі заснаваны восем прэмій за лепшую навуковую працу ў наступных кірунках: у галіне фізіка-матэматычных навук, інфармацыйных тэхналогій, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук, хімічных навук і навук аб Зямлі, біялагічных навук, медыцынскіх навук, гуманітарных і сацыяльных навук і ў галіне аграрных навук.
Суіскальнікамі прэмій НАН Беларусі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь — асобныя вучоныя або калектывы вучоных (не больш за тры чалавекі), якія апублікавалі вынікі даследаванняў у манаграфіях, цыклах артыкулаў у вядучых навуковых часопісах, якія выканалі распрацоўкі, рэалізацыя якіх адлюстроўвае рашэнне значнай навуковай і/або практычнай праблемы.
Работа, якая вылучаецца на суісканне прэміі НАН Беларусі, павінна быць выканана і яе вынікі апублікаваныя за апошнія пяць гадоў. У асаблівых выпадках дапускаецца ўключэнне ў цыкл больш ранніх, найбольш важных, тэматычна звязаных з працай, публікацый і іншых вынікаў даследаванняў. Аўтарэфераты і рукапісы дысертацыйных работ у склад матэрыялаў на конкурс не ўключаюцца.
Права вылучэння работ на суісканне прэмій НАН Беларусі маюць акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН Беларусі (па сваёй спецыяльнасці), вучоныя і навукова-тэхнічныя Саветы арганізацый Акадэміі навук. Работа можа быць вылучана вучонымі або навукова-тэхнічнымі саветамі іншых арганізацый Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўстаноў вышэйшай адукацыі або іх факультэтаў, сумесна з вучоным або навукова-тэхнічным саветам арганізацыі НАН Беларусі.
Матэрыялы з пазнакай «на суісканне прэміі НАН Беларусі 2026 года» ў адным экзэмпляры прадстаўляюцца да 1 кастрычніка 2026 года ва ўпраўленне прэмій, стыпендый і ўзнагарод Галоўнага ўпраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарату НАН Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 66, каб. 317, 406. Тэлефоны для даведак: (017) 275-24-56; (017) 358-28-26.
З палажэннем аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі можна азнаёміцца на сайце НАН.