На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек. Быць непасрэднымі сведкамі гэтай найважнейшай падзеі, якая ўжо ўвайшла ў гісторыю, пашчасціла членам Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і членам Савета Рэспублікі, суддзям Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, кіраўнікам мясцовых органаў улады, выбітным дзеячам культуры і мастацтва, спартсменам, кіраўнікам і прадстаўнікам медыйнай супольнасці, сферы адукацыі і аховы здароўя. Сярод запрошаных на найгалоўнейшую ўрачыстасць краіны былі і паслы замежных дзяржаў, давераныя асобы кіраўніка дзяржавы падчас выбарчай кампаніі, члены Цэнтральнай выбарчай камісіі, сілавых структур і іншыя прадстаўнікі беларускага народа, якія ўнеслі свой унёсак у правядзенне электаральнай кампаніі. Яшчэ большая колькасць людзей назірала за цырымоніяй прынясення ваеннаслужачымі клятвы на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту. Карэспандэнты «Звязды» пацікавіліся ў непасрэдных відавочцаў абедзвюх урачыстасцяў першымі ўражаннямі.
Уладзімір Каранік, намеснік прэм’ер-міністра:
— У гэты дзень мяне перапаўняе гонар за краіну, гонар за людзей, якія зрабілі правільны выбар. Я ўпэўнены, што ў наступныя пяць гадоў мы будзем жыць ва ўмовах стабільнасці, развіцця і тыя маштабныя праекты, накіраваныя на карысць кожнага беларуса будуць рэалізаваныя. Нашы людзі хочуць міру, спакойнага развіцця і шчаслівай будучыні для сваіх дзяцей — тое, аб чым часта гаворыць і кіраўнік дзяржавы. З нашым Прэзідэнтам як гарантам Канстытуцыі і гарантам мірнага паступовага развіцця краіны ў нас усё атрымаецца.
Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:
— Такая падзея як інаўгурацыя кіраўніка дзяржавы мае вялікае значэнне ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Прэзідэнт публічна прынёс Прысягу на варыянце Канстытуцыі, які з вялікай падтрымкай на рэферэндуме прыняў беларускі народ. І з вялікай, амаль стопрацэнтнай падтрымкай беларускі народ выбраў свайго Прэзідэнта. Асабліва важна, што на нашы людзі разумеюць, што Прэзідэнт — разам з народам, што Прэзідэнт мае задумы, з якімі мы можам ісці ў нашу лепшую будучыню. Інаўгурацыя мае вялікае значэнне і з юрыдычнага пункту гледжання: яна знамянуе сабой пачатак адліку тэрміну паўнамоцтваў Прэзідэнта пасля выбрання. «Мы ўсе жадаем Прэзідэнту добрага шляху. Народ хоча быць са сваім лідарам. Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў.
Дзмітрый Мезенцаў, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы:
— Дзень інаўгурацыі Прэзідэнта — гістарычны для краіны дзень. Любая цырымонія заступлення кіраўніка дзяржавы на пасаду — гэта заўсёды ўрачыста. Па-свойму гэта класічная цырымонія з пункту гледжання пратаколу, але кожны раз яна выклікае ў прысутных непаўторныя асаблівыя эмоцыі. І гэтая цырымонія выклікала ў кожнага беларуса асаблівыя эмоцыі прыналежнасці да выбару свайго народа. А для расіян яна стала пацверджаннем правільнай сістэмы адносін, саюзніцкіх, брацкіх, шматгадовых, якія звязваюць беларускі і расійскі народы.
Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў:
— Інаўгурацыя Прэзідэнта — гэта гістарычны момант, які сімвалізуе сабой завяршэнне сур’ёзнага электаральнага цыклу, перабудову ўсёй нашай сістэмы (канстытуцыйнай, кіраўнічай і г.д). Падзеі 2020 года сталі адпраўной кропкай, якая патрабавала перагляду многіх пытанняў. Сёння мы перагортваем старонку. Мы мадэрнізавалі ўласную палітычную сістэму, увялі новыя засцерагальнікі ў яе склад (Усебеларускі народны сход). Уступленне кіраўніка дзяржавы на пасаду — знакавы гістарычны дзень, падзея, важная для Рэспублікі Беларусь як ніколі. Па адной простай прычыне — народ падтрымаў палітыку дзяржавы, народ падтрымаў уласнага лідара. І ў рамках інаўгурацыі было завершана прызнанне правільнасці нашага шляху.
Аляксандр Лукашэнка — гэта гістарычная асоба, якая з’явілася ў патрэбны момант і вырашыла найсур’ёзнейшыя задачы па захаванні беларускай дзяржаўнасці. Тое, што сёння падтрымка Прэзідэнта складае звыш 80%, сведчыць аб тым, што гэты чалавек здольны весці за сабой, здольны генерыраваць ідэі і дасягаць мэт. А гэта тое, што патрэбна народу. Калі чалавек пацвярджае свае словы справамі, яго паважаюць. Калі чалавек на працягу многіх гадоў рэалізуе гэты складнік, гэта ўжо дзяржаўны лідар. Усё гэта разам аб’ядналася ў адзінства: адзінства народа і ўлады.
Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі, старшыня Беларускага саюза жанчын:
— Успрыняла інаўгурацыю Прэзідэнт з асаблівым хваляваннем. Гэта мне нагадвае гісторыю, калі дзень выбараў — гэта як дзень падачы заявы ў ЗАГС: калі ты вызначаешся з тым, як будзеш ісці далей. Інаўгурацыя — заключны этап, падчас якога разумееш, што адкрываецца новая старонка. У нас наперадзе — новыя пяць гадоў. Мы разумеем, з чым мы туды ідзём, як мы павінны іх пражыць, і на кожнага з нас з кожным словам клятвы кіраўніка дзяржавы кладзецца асаблівая адказнасць за тое, што будзе далей. Усе мы, 1100 запрошаных, якія з’яўляліся непасрэднымі сведкамі інаўгурацыі Прэзідэнта, — асаблівыя паплечнікі. Словы клятвы кіраўніка дзяржавы звязваюць усіх нас адзіным імкненнем служыць беларускаму народу, зрабіць усё для таго, каб краіна квітнела.
Кіраўнік дзяржавы на працягу 30 гадоў паказвае і даказвае сваёй штодзённай працай на карысць нашага народа, хто ён для народа і куды вядзе краіну. Поспехі дзяржавы дасягаюцца менавіта пад яго кіраўніцтвам. У памяці — 2020 год. Усе разумеюць, што было б з краінай, калі б у лідара не хапіла сілы волі адстаяць нашы інтарэсы. Таму людзі лічылі сваім абавязкам прыйсці на выбарчы ўчастак для таго, каб аддаць свой голас таму, хто нясе мір, спакой, дабрабыт у кожную сям’ю. Упэўнена, што кожная наша жанчына ўспрымае Прэзідэнта не проста як кіраўніка краіны, а як члена сваёй сям’і: мы на яго ўскладаем, можа быць, нават больш надзей, чым на мужчыну, які знаходзіцца побач з намі.