Top.Mail.Ru

Сёння 109 гадоў з дня выхаду першага нумара «Звязды». Згадваем, што ў розны час пісала газета пра самую актуальную тэму апошняга месяца лета — жніво

«Такой колькасці збожжа, якую мы будзем мець у гэтым годзе, наша краіна яшчэ ніколі не мела»

Ужо склалася добрая традыцыя ў Дзень нараджэння «Звязды» (9 жніўня нам ужо 109) зазіраць у падшыўкі газеты і па матэрыялах нашых папярэднікаў адсочваць, як жыла і развівалася наша краіна. Гэтым разам давайце ўзгадаем, як у розныя гады вялася бітва за ўраджай, як мянялася сельская гаспадарка і дзякуючы каму на сталах у беларусаў заўсёды быў духмяны бохан.

1946: Першая запаведзь калгасніка

У пасляваенныя гады на ўборцы ўраджаю ў многіх вёсках жыццё нібы замірала. У поле выходзілі і старыя, і малыя. Праца была нялёгкай — вялікія плошчы зжыналі ўручную ці коннымі жняяркамі. Жанчыны вязалі снапы і састаўлялі іх у бабкі. Старыя калгаснікі і дзеці заграбалі калоссе. 

У жніўні 1946-га журналісты «Звязды» ў вёсцы Ванілавічы Нясвіжскага раёна не сустрэлі ні адной жывой душы, затое як выйшлі на загуменне, убачылі сотні людзей, што працавалі на полі: «На гумнах і ля гумнаў — вялікае ажыўленне. Адны расстаўлялі звезеныя снапы, вешалі іх на плоце, другія складвалі снапы адразу ў пуні. З некалькіх гумнаў даносіўся стук цапоў — гэта ручная малацьба новага ўраджаю».

Падобных матэрыялаў багата на старонках газеты, аўтары расказваюць пра сацыялістычныя спаборніцтвы, пра тых, хто сваім прыкладам зараджае на працу іншых.

Але газета шмат піша і пра гаспадаркі, якія не выконваюць першую запаведзь калгасніка, — здачу збожжа дзяржаве. Дзе непадрыхтаваны нарыхтоўчыя пункты і склады, дзе ў полі пераспявае і асыпаецца збожжа, а работнікі ў гэты час працуюць ва ўласных гаспадарках ці косяць сена сваёй скаціне. За парушэнне працоўнай дысцыпліны дастаецца як канкрэтным работнікам, так і брыгадзірам і кіраўнікам раёнаў, якія «ў самы прыпар, калі кожная хвіліна дорага, ...сядзяць у сваіх кабінетах і „кіруюць“ уборкай па тэлефоне».

Газета заклікае паскорыць тэмпы жніва і здачы ўраджаю. «З гаспадарак збожжа дастаўляецца на машынах і на конных падводах. Першыя чырвоныя абозы ўрачыста сустракаюць на нарыхтоўчых пунктах рабочыя, служачыя, члены прамысловых арцелей і кіруючыя работнікі раёна, каля прыёмных пунктаў праходзяць мітынгі, часам арганізуецца продаж тавараў. Каб паскорыць тэмпы здачы збожжа, Савет міністраў БССР пастанавіў забараніць гандаль хлебам калгасам, калгаснікам і аднаасобным сялянскім гаспадаркам, пакуль не будуць выкананы нарыхтоўчыя планы».

Перавозка збожжа вядзецца і па малых рэках. «Да канца ўборкі на малых рэках рэспублікі пачнуць курсіраваць больш 140 самаходных суднаў і барж і сотні баркасаў. За навігацыю яны перавязуць каля 20 тысяч тон сельгаспрадуктаў».

1956: Колас тоны беражэ

Дырэктывай ХХ з’езда КПСС па шостым пяцігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі на 1956 — 1960 гады прадпісвалася асаблівую ўвагу звярнуць на шырокае ўкараненне раздзельнага спосабу ўборкі ўраджаю збожжавых культур. Каб скараціць страты ад асыпання зерня і паскорыць тэмпы жніва, гаспадаркам прапануецца не чакаць поўнай спеласці ўсяго зерня, а выбарачна пачынаць уборку ўручную і коннымі жняяркамі, яшчэ да таго, як ў поле пойдуць камбайны. У пачатку жніва ў 1956 годзе «Звязда» друкуе зварот міністра сельскай гаспадаркі Беларускай ССР С. Касцюка, дзе гаворыцца пра своечасовую ўборку ўраджаю і новыя перадавыя для таго часу тэхналогіі: «У гэтым годзе калгасы рэспублікі ўпершыню ўжываюць механізаваны раздзельны спосаб уборкі ўраджаю. Для гэтага ў МТС завозіцца 

395 трактарных радковых жняярак (віндроўэраў) і 500 падборшчыкаў да камбайнаў. Гэтымі машынамі будзе ўбрана прыкладна 20-30 тысяч гектараў».

Наогул у гэтым годзе на палях калгасаў працавала больш за 7800 збожжавых камбайнаў, каля 15 тысяч простых конных жняярак, 4700 ільноцерабілак і льнокамбайнаў, больш за 5600 бульбаўборачных камбайнаў, 940 бульбакапальнікаў, 500 сіласаўборачных камбайнаў. Наяўнасць такой тэхнікі ў МТС дазваляла механізаваць уборку збажыны і льну-даўгунцу ў калгасах прыкладна на 60 працэнтаў.

У 1956 годзе вырашчаны багаты ўраджай. «Такой колькасці збожжа, якую мы будзем мець у гэтым годзе, наша краіна яшчэ ніколі не мела», — пісала «Звязда». Але жніво ў той час вялося ў няпростых умовах — пастаянна лілі дажджы. Перадавікі расказваюць, як выкручваюцца, каб весці ўборку насуперак непагадзі. «У першы дзень работы шнекі камбайна забівала вільготнай збожжавай масай. Часта спынялі агрэгат для ачысткі. На наступны дзень зрабілі так: у час руху агрэгата памочнік камбайнера драўлянай лапатай прапіхваў збожжавую масу, якая забівалася, ад шнекаў да малацільнага апарата. Справа пайшла на лад», — дзяліўся вопытам Н. Шафарэнка — камбайнер чкалаўскай МТС Васілевіцкага раёна. 

1966: ад расы да расы

Бітва за ўраджай разгарнулася і ў 1966 годзе: «Цяжка вызначыць мяжу дня і ночы ў калгасе „Чырвоны Кастрычнік“ Стаўбцоўскага раёна. Позна вечарам тут імчаць па палявых дарогах грузавікі, чуваць гоман людзей. Раніцай, ледзь толькі золак, — на ніве пагойдваюцца камбайны. Здаецца, і не спынялі яны работы», — пісала «Звязда».

Пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве ўручаюцца чырвоныя вымпелы і грашовыя прэміі. На палі дастаўляюцца гарачыя абеды, газеты і часопісы. Для хуткай ліквідацыі няспраўнасцей і паломак камбайнаў на жніве працуюць звенні майстроў-наладчыкаў. Паводле добрай традыцыі большасць школьнікаў старшых класаў прымае ўдзел ва ўборцы ўраджаю.

У 1960-ыя гады праводзіцца масавая меліярацыя. Журналісты «Звязды» робяць рэпартажы з асушаных тарфянікаў, якія радуюць збажыной. «Мікалай Бацюк з калгаса „Іскра“ Любанскага раёна працуе на тарфяным масіве: „Ураджай добры, ды вось бяда: жыта палегла... Трэба ўвесь час стаяць на нагах і пільна сачыць за хэдэрам“. Мікалай умела манеўрыруе скарасцямі, жніво вядзе на ніжнім зрэзе».

1976 — 1996: пачынаецца хлеб з чалавека

У 1976 годзе «Звязда» паведамляе, што з першых дзён жніво ідзе ўдарнымі тэмпамі. Каб заахвоціць людзей на спаборніцтва, у гаспадарках вядзецца ідэалагічная работа. Створаны часовыя партыйныя і камсамольскія групы, дэпутацкія пасты, распрацаваны ўмовы сацыялістычнага спаборніцтва. На палі выязджаюць лектары і работнікі дамоў культуры.

Сярод герояў жніва, пра якіх згадвае «Звязда» ў 1986 годзе, экіпаж братоў Шарапаў з калгаса імя Калініна. «Раніцай 13 жніўня мастак намаляваў дзесятую 

зорачку на бункеры камбайна Е-516, якім кіруе механізатар Уладзімір Лебедзеў з калгаса імя Валадарскага. Ён першы ў Магілёўскай вобласці намалаціў тысячу тон збожжа. Каб датэрмінова ўзяць намечаны рубеж, камуніст намалочваў у пагодлівыя дні да ста тон збожжа, пераконваючы зменныя заданні ў тры разы. Такога рэкорду на Магілёўшчыне ў сёлетнюю ўборку на камбайне гэтага класа ніхто яшчэ не дабіваўся». У калгасе «Расвет» імя К. П. Арлоўскага добра паказаў сябе сямейны экіпаж сужэнцаў Бяляўскіх. 

9 жніўня 1996 года газета друкуе рэпартаж з калгаса «Звязда» — адной з найлепшых гаспадарак Навагрудчыны. У гэтыя гады ў краіне шмат робіцца, каб дапамагчы гаспадаркам з уборкай хлебу, вырашыць адну з найскладанейшых праблем з няхваткай паліва. У той жа час узяты курс на інтэнсіфікацыю. Дзякуючы распрацоўкам вучоных удаецца павышаць ураджайнасць. Укараняюцца новыя тэхналогіі апрацоўкі палеткаў. Так, старшыня калгаса імя Суворава Пастаўскага раёна Алег Валадзько заявіў журналістам з гонарам, што азімая пшаніца дасць недзе пад 70 цэнтнераў з гектара. Пачыналася новая эпоха ў жыцці хлебароба...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю