У гэтыя днi, напярэдаднi 80-годдзя Вялiкай Перамогi, у Беларусi ўдзяляецца асаблiвая ўвага клопату аб ветэранах i тых, хто пацярпеў ад наступстваў вайны. Сёння ў краiне пражывае 814 ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, а таксама 6,4 тысячы асоб, якiя пацярпелi ад яе наступстваў. З 2 па 8 мая ўсе яны атрымаюць матэрыяльную дапамогу, якая сёлета iстотна павялiчылася. Яе памер складае ад 1,5 тысяч да 5 тысяч рублёў. Выплаты будуць суправаджацца ўрачыстымi мерапрыемствамi, якiя арганiзуюць ва ўсiх рэгiёнах рэспублiкi, а тых пажылых людзей, якiя па стане здароўя не змогуць iх наведаць, прадстаўнiкi органаў дзяржкiравання, грамадскiх арганiзацый i моладзь павiншуюць дома.
Больш за ўсё людзей, якiя прайшлi Вялiкую Айчынную, жыве ў Мiнску — 278 ветэранаў i 939 асоб, якiя пацярпелi ад наступстваў вайны. Самай старэйшай з iх, дарэчы, у лютым споўнiлася 107 гадоў, яна працаўнiца тылу.
Як адзначыла намеснiк старшынi камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Вольга Васiлеўская, кожны ветэран у сталiцы — на асаблiвым рахунку. Нядаўна праведзена абследаванне ўмоў, у якiх жывуць пажылыя людзi. Заяўкам i просьбам кожнага з iх нададзена асаблiвая ўвага, усе яны аператыўна выконваюцца.
— Аналiз заявак паказвае, што гэта невялiкiя просьбы ветэранаў аб пастаноўцы на сацыяльнае абслугоўванне, прадастаўленне паслуг сацыяльнага работнiка, памочнiка па доглядзе, а таксама пытаннi арганiзацыi святочных мерапрыемстваў i ўдзелу ў iх, — расказала Вольга Васiлеўская.
Усiм ветэранам у сталiцы аказваецца i шэфская дапамога ад прадпрыемстваў, за якiмi яны замацаваны. Актыўна да гэтай работы падключаецца моладзь. Да 9 мая ўсе ветэраны атрымаюць матэрыяльную дапамогу, якая будзе выплачана тым жа спосабам, якiм ветэран атрымлiвае пенсiю, — праз банк цi шляхам дастаўкi дадому.
Прадугледжана i ўручэнне юбiлейных медалёў, якое будзе арганiзавана з удзелам моладзi, школьнiкаў ва ўстановах адукацыi i дома. Пры гэтым клопат пра ветэранаў не абмяжоўваецца святочнымi датамi. У сталiцы акрамя агульнадзяржаўных мер падтрымкi распрацаваны i дадатковыя. Сярод iх даплаты да пенсiй, замацаваныя рашэннем Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў, магчымасцi скарыстацца спецыяльным транспартам, прайсцi аздараўленне ў рэабiлiтацыйным цэнтры «Элеос», атрымаць кампенсацыю за рамонт кватэры.
У Мiнскай вобласцi жыве 114 ветэранаў i 587 асоб, якiя пацярпелi ад наступстваў вайны, з iх 90 % — былыя вязнi фашызму. Усе яны атрымаюць матэрыяльную дапамогу на агульную суму 1,5 мiльёна рублёў.
Як паведамiла намеснiк старшынi камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнскага аблвыканкама Наталля Чухманава, умовы пражывання ветэранаў былi абследаваны i каля 300 чалавек атрымалi розную дапамогу, найчасцей яна датычылася прыборкi прысядзiбнай тэрыторыi i дома. Атрымана 159 заявак па добраўпарадкаваннi i дапамозе па ўборцы прысядзiбнай тэрыторыi, складаваннi дроў i iнш. Напрыклад, у Стоўбцах пяцi ветэранам адрамантавана пячное ацяпленне, аднаму ўстаноўлена электраацяпленне, два чалавекi забяспечаны дровамi i торфабрыкетам.
Запатрабаваны i паслугi сацыяльнай дапамогi, з пачатку гэтага года iх атрымалi 200 жыхароў Мiнскай вобласцi. Шэраг iльгот маюць ветэраны i ў сферы аховы здароўя, у прыватнасцi бясплатнае забеспячэнне лекавымi сродкамi i зубапратэзiраванне, санаторна-курортнае лячэнне i аздараўленне (пры немагчымасцi iм скарыстацца выплачваецца кампенсацыя ў памеры 10 базавых велiчынь) i iнш.