Top.Mail.Ru

Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі праехаліся на міжнародным фірменным цягніку № 2/1 «Беларусь» «Мінск — Масква»

Нам пашчасціла адправіцца ў падарожжа-камандзіроўку на фірменнай «двоечцы», якая курсіруе з Мінска ў Маскву перад надыходзячым Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Сімвалічна, што ў гэты дзень, другога красавіка, міжнароднаму цягніку № 2/1 «Беларусь» спаўняецца 64 гады. Пасажыры за гэты час пераканаліся ў яго бездакорнасці, як і ў непарыўных сувязях паміж дзвюма сталіцамі.


Месца сустрэчы — перон

Калі прыбылі на сталічны чыгуначны вакзал, лакаматыў ужо чакаў нас на пуці пад нумарам два, а сустракаць выйшаў кіраўнік каманды — начальнік цягніка Максім КУШНЕРАЎ. Яшчэ на пероне склалася ўражанне, што мы ў надзейных руках.


Шлях у прафесію ў Максіма Леанідавіча пачаўся з вучобы ў тагачасным Аршанскім чыгуначным тэхнікуме (цяпер Аршанскі каледж-філіял УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту». — «Зв.»). «Пасля заканчэння вучобы папрацаваў трошкі дзяжурным, потым захацеў паглядзець свет. Тры гады працаваў правадніком, потым здаў экзамены, стаў начальнікам цягніка. Самы далёкі рэйс у нас быў ад Мінска да Іркуцка, дарога туды-назад займала дзевяць сутак. Цяпер замацаваны на «двойцы», — расказаў суразмоўнік.

У падначаленні Максіма Кушнерава выключна жаночы калектыў — 18 правадніц. Гэта каманда суперпрафесіяналаў, гатовых адгукнуцца на просьбу, забяспечыць высокі ўзровень сэрвісу, ахінуць неверагодным клопатам і добрым настроем кожнага пасажыра!

Па словах начальніка цягніка, гэты шлях — з Мінска ў Маскву — аб’ядноўвае дзве магутныя сталіцы, а таму асаблівы. «Людзі ездзілі і працягваюць гэта рабіць з задавальненнем, — дзеліцца ён. — І гэта вельмі важна. Стаіш на пероне — а людзі ўсё ідуць і ідуць. У кожнага — свая гісторыя за плячыма. Хтосьці едзе паглядзець Маскву, хтосьці — дадому...»

Юлія ЖЫШКО з 2003 года працуе правадніком. «У прафесію прыйшла цалкам выпадкова, па рэкамендацыі сваёй цёткі, — адзначыла яна. — Пасля пандэміі працую ў цягніковай брыгадзе «двойкі».


Жанчына расказала, што за гады работы здаралася шмат нетыповых сітуацый, якія для праваднікоў ужо лічацца звычайнасцю. Людзі і па дапамогу звяртаюцца, і па параду: «Напрыклад, некалі мужчына прыехаў працаваць з Мінска ў Маскву, там згубіў дакументы, пашпарт, — успамінае Юлія Войцехаўна. — Звярнуўся да нас з калегам у разгубленасці, не ведаў, як вярнуцца дадому. Мы дапамаглі паведаміць яго жонцы, дзе знаходзіцца муж. Яны разам вырашылі пытанні з дакументамі і хутка вярнуліся на радзіму».

Яшчэ адна пасажырка сваімі дзіўнымі паводзінамі прыцягнула ў свой час увагу правадніцы. «Аказалася, што ў жанчыны было цяжкае захворванне, яна з’ехала з дому, нікому не паведаміла. Я звязалася з яе дачкой — убачыла, што тая ў суполцы пошукава-ратавальнага атрада шукае маму. Неўзабаве сям’я ўз’ядналася».

Па словах Юліі, умець падабраць да кожнага пасажыра падыход — вельмі важны навык. «Мы нібыта сканеры, — з усмешкай адзначае яна. — Чалавек заходзіць у вагон, а ты ўжо ведаеш, як з ім размаўляць. Калі гаварыць пра цягнік „Мінск — Масква“, у нас ёсць пастаянныя пасажыры, якіх ведаеш у твар і з якімі камунікуеш, быццам добрыя прыяцелі. Ёсць і тыя, да каго патрэбны індывідуальны падыход. Самае галоўнае — беражліва да людзей ставіцца».

Калі ўпершыню ўбачылі суразмоўніцу ўвечары на пероне, адразу адзначылі яе добразычлівы погляд і шырокую шчаслівую ўсмешку. «Вы заўсёды такая?» — спыталі ў яе. «У жыцці розныя сітуацыі бываюць, але я чалавек пазітыўны, шукаю ва ўсім свае плюсы. Мая работа вучыць выходзіць з любой сітуацыі з лёгкасцю на душы. А ўсмешка ўпрыгожвае чалавека!»

Куды едзеце?

Акцёр з Масквы Сухраб ХАЙЛАБЕКАЎ упершыню прыехаў у Мінск 26 сакавіка. «Я тут працую, камандзіроўка, так бы мовіць, — расказвае малады чалавек. — Еду сёння ў Маскву, сыграю там спектакль, а потым назад вярнуся на здымкі».


У горада Мінска, дзеліцца Сухраб, свой час, свая гісторыя, свая ментальнасць. «Мне тут вельмі падабаецца чысціня. Кіёскі вось гэтыя ў вас. Пакуль што я толькі працаваў у вашым горадзе, ніякіх асабліва 
славутасцяў не бачыў. Але я ж вярнуся. Калі хочаце, набярыце мне праз тыдзень, падзялюся ўражаннямі», — прапаноўвае малады чалавек.

Лепш за чалавечую дружбу няма нічога, лічыць ён. «Таму наладжаныя сувязі — выдатна, — кажа Сухраб пра брацкія адносіны паміж народамі Беларусі і Расіі. — Я за яднанне. Нашы народы падобныя. Некаторы час жыў у Кітаі — там беларусаў і расіян лічаць адзінымі. Трэба сябраваць, абавязкова!»

З жыццярадаснымі Ігарам і Наталляй мы пабачыліся яшчэ да адпраўлення цягніка на пероне. Яны прыбылі туды незадоўга да адпраўлення, а мы ў гэты момант з калегам пазіравалі — Сухраб прапанаваў нас сфатаграфаваць на памяць каля шыльды «Мінск — Масква». Яны, дарэчы, таксама з задавальненнем далучыліся да здымкі.

Сустрэліся зноў ужо ў цягніку. Муж і жонка ехалі наведаць сына ў сталіцу Расіі. «Ён там цяпер жыве і вучыцца ў Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя М. Э. Баўмана, — расказвае тата. — Гэта 
вышэйшая навучальная ўстанова лічыцца вельмі сур’ёзнай, сын рабіў выбар свядома».


Паміж Беларуссю і Расіяй наладжаны сувязі ва ўсіх сферах, гэта абсалютна дакладна, кажа мужчына. «Мы славянскія народы, якія блізкія і па моўным, што немалаважна, і па рэлігійным укладзе, і па менталітэце. Таму гэтыя сувязі хутка і развіваюцца».

Адвакат Цімур аказаўся нашым суседам у вагоне. Мужчына родам з Масквы, а ў Мінск даволі часта прыязджае па рабочых пытаннях. «Бачыў шмат што: і сам горад, і прыроду. Падабаюцца чысціня і людзі, яны вельмі прыемныя. Узаемадзеянне паміж Беларуссю і Расіяй на ўзроўні Саюзнай дзяржавы важнае для камунікацыі людзей, для аб’яднання, для абмену вопытам, думкамі і падыходамі».

Асабліва прыцягваюць у беларусах акуратныя адносіны да ўсяго свайго, прыкмячае Цімур падчас гутаркі. «Іду па горадзе і бачу: смецця нідзе няма. І гэта не толькі таму, што добра прыбіраюць, а таму, што людзі беражлівыя».

Паліна, яе жаніх Ян і мама Вольга накіроўваліся гэтым вечарам у Маскву, каб убачыць сваякоў.

«У Маскве бывалі неаднаразова, я нават некаторы час жыла там. Цэнтр горада вельмі прыгожы, Мясніцкая вуліца, Нікіцкі бульвар. А Ян сам родам з Казахстана, у Маскву едзе другі раз у жыцці. Раскажы сам», — перадае слова маладому чалавеку Паліна.

«Едзем мы цяпер з Мінска, які з першай сустрэчы спадабаўся мне сваім тэмпам жыцця. Людзі як быццам жывуць сваё жыццё і нікуды не спяшаюцца, нікому не перашкаджаюць, атрымліваюць асалоду. А прырода ў вас наогул 10 з 10, — апісвае на мове моладзі прыгажосць Беларусі Ян. — Паказалі мне ваша Траецкае прадмесце, Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Вялікі тэатр Беларусі, Купалаўскі тэатр».

Малады чалавек прызнаецца, што ніколі не падзяляў брацкія народы. «Наш менталітэт адзіны, вядома, гэта адметная рыса», — кажа Ян.

Мама Вольга лічыць, што падабенства паміж народамі закладзена на генетычным узроўні. «І яго ніяк не зламаць», — упэўнена жанчына.

«Вы вельмі душэўны народ»

На шляху да свайго купэ нашу з калегам увагу прыцягнулі яшчэ адны адчыненыя дзверы — адтуль даносіўся звонкі смех і ажыўленая начная гутарка. Вырашылі напрасіцца ў госці і да гэтых пасажыраў. Без асаблівай сарамлівасці нам сказалі: «Праходзьце!»

Пасажыры Людміла і Аляксандр разам з Таццянай і Віктарам папраўлялі здароўе ў адным з беларускіх санаторыяў, а цяпер адправіліся дадому — у Маскву.

Маладосць 70-гадовага Аляксандра прайшла ў Беларусі. «Служыў тут. У горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці ў часы Савецкага Саюза базіравалася 57-я марская ракетаносная авіяцыйная дывізія Балтыйскага флоту», — дзеліцца ўспамінамі суразмоўнік.

З жонкай Таццянай Віктараўнай разам ужо больш за 50 гадоў: «Пазнаёміліся яшчэ ў школе ў Калужскай вобласці. Пасля восьмага класа я сказаў ёй, што яна будзе маёй жонкай. Адвучыўся ў лётным вучылішчы ў Арэнбургу, а пасля сасватаў яе, з тых часоў жывём разам, перабраліся ў Маскву ўжо даўно».

Сяброўства Аляксандра з Віктарам — рэч, здавалася б, выпадковая, але ў той жа час лёсавызначальная: «Я быў пацыентам Аляксандра, — расказвае Віктар. — Мне рабілі аперацыю — тады і пазнаёміліся. З тых часоў у добрых адносінах, ужо 30 гадоў. Мы людзі ваенныя, нам шмат чаго не трэба. Галоўнае, што душа аднолькавая».


Аляксандр у сваю чаргу — ваенны ўрач. «Я ўсё жыццё сябраваў з беларусам, яшчэ з вучобы пачынаючы», — адзначае ён.

Людміла Іванаўна, жонка, падхоплівае: «Дзмітрый Іванавіч Будаў таксама ваенны ўрач. Ён вельмі шмат ведаў народных беларускіх прыказак, якімі заўсёды ўдала разбаўляў гутарку».

Аляксандр і Людміла таксама знайшлі адно аднаго яшчэ ў школе. «Мы вучыліся ў Якуціі, — кажа жанчына. — Разам ужо 51 год. Муж — доктар медыцынскіх навук, да гэтага часу працуе ў шпіталі ў Маскве, дзе мы жывём ужо 38 гадоў. Я выкладчык англійскай мовы, але ўжо на пенсіі. Наша галоўная задача — мужоў падтрымліваць, якія яшчэ працуюць. Мы заўсёды былі з Таццянай Віктараўнай, як кажуць, «генераламі тылу запасу».

Гаворачы аб брацкіх сувязях народаў Беларусі і Расіі, наш суразмоўца Віктар заявіў, што кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, беларускі народ у цэлым сярод расіян вельмі паважаны: «Вы вельмі душэўны народ. У нас гісторыя адна. Мы будзем шчаслівыя, калі сувязі будуць імкліва развівацца і далей. Нашым двум народам прыемна адчуваць локаць адзін аднаго, бесперапынную падтрымку, узаемную павагу і братэрства».

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю