Сёння ў рэспубліцы праводзіцца Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Напярэдадні летніх канікулаў ён праходзіць пад дэвізам "У дарогі няма канікул!" і прысвечаны папярэджанню траўматызму непаўналетніх, праблеме забеспячэння іх бяспекі на дарозе і ў транспарце.
Па словах начальніка аддзялення ГУ ДАІ МУС Веранікі Раманьковай, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі засяродзяць увагу на правядзенні прафілактычнай работы сярод дзяцей і дарослых. Нагадаюць аб важнасці выкарыстання рамянёў бяспекі і дзіцячых утрымлівальных прыстасаванняў, правілах перасячэння праезнай часткі, бяспечнага перамяшчэння на веласіпедах і сродках персанальнай мабільнасці.
Дарэчы, з пачатку года на дарогах краіны загінулі 10 непаўналетніх, 142 атрымалі траўмы.
Дзяржаўтаінспекцыя заклікае бацькоў праяўляць пастаянную ўвагу да бяспекі дзяцей. Перад тым як адпускаць дзіця самастойна катацца на веласіпедзе ці самакаце, пераканайцеся, што яно будзе рабіць гэта ў бяспечным месцы.
Супрацоўнікі ДАІ таксама просяць дарослых выключыць доступ падлеткаў да ключоў ад аўтамабіляў, матацыклаў і мапедаў. Рэгулярны напамінак аб бяспечных паводзінах на дарозе вашых дзяцей дапаможа ахаваць вашу сям'ю ад бяды.