Нацыянальны статыстычны камітэт напярэдадні новага навучальнага года апублікаваў звесткі аб сённяшнім стане беларускай школьнай адукацыйнай сістэмы.
Па звестках Белстата, на пачатак новага навучальнага года колькасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў краіне — 2848. У тым ліку пачатковых школ — 77, базавых школ — 288, сярэдніх — 2296, устаноў спецыяльнай адукацыі — 187. Плануецца, што 1 верасня ў іх сядуць за парты 1 млн 80 тыс. 400 школьнікаў. У тым ліку ў пачатковых школах 9,4 тысячы вучняў, або 0,9 працэнта ад агульнай колькасці; у базавых школах — 15,6 тысячы (1,4 працэнта); у сярэдніх школах — 1044,4 тысячы (96,7 працэнта); ва ўстановах спецыяльнай адукацыі і спецыяльных класах — 10,7 тысячы (1 працэнт) і ў вячэрніх — 0,3 тысячы навучэнцаў.
Адукацыйны працэс будуць весці 102,3 тысячы настаўнікаў. У сярэднім на аднаго выкладчыка прыпадае 11 вучняў (6 вучняў — у сельскіх і 12 — у гарадскіх школах). Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата беларускіх настаўнікаў на ліпень 2025 года складала 2526,4 рубля. Рост да студзеня—ліпеня 2024-га — 23,3 працэнта. Сярод настаўнікаў на пачатак новага навучальнага года 83,2 працэнта жанчыны і 16,8 працэнта мужчыны. 18,8 працэнта ад агульнай колькасці настаўнікаў прадметнікаў з’яўляюцца выкладчыкамі замежнай мовы, 10,7 — матэматыкі, па 9,9 працэнта — рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры, 9,8 працэнта — фізічнай культуры.