Штогод 9 кастрычніка ў нашай краіне адзначаюць Сусветны дзень пошты. На працягу ўсёй гісторыі існавання гэтай службы паштовыя работнікі былі і застаюцца неад'емнай часткай жыцця, бадай што, кожнага чалавека. Чым жыве беларуская пошта сёння, у век панавання новых тэхналогій, эксперты расказалі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Больш за 3 тысячы аддзяленняў і звыш 1200 маршрутаў мабільнай дастаўкі
«Сёння ў галіне працуе больш за 20 тысяч чалавек, 80 % з якіх — жанчыны. Акрамя самой «Белпошты» ёсць яшчэ 27 аператараў паштовай сувязі, гэта значыць, дастаткова насычаны рынак. Гэта каля 3 тысяч аддзяленняў сувязі па ўсёй краіне, з якіх каля 2 тысяч — у сельскай мясцовасці», — расказаў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач.

У сельскай мясцовасці пошта нярэдка з'яўляецца, па сутнасці, галоўным пунктам прыцягнення: людзі прыходзяць не толькі атрымліваць паштовыя паслугі ці нешта аплачваць, але і проста пагаварыць адзін з адным альбо з паштальёнам.
Беларуская пошта выконвае ў тым ліку і важную сацыяльную ролю, працягнуў Павел Ткач. Паводле яго слоў, адзін з прыярытэтаў далейшага развіцця паштовай галіны звязаны з развіццём дыстанцыйнага гандлю. Акрамя таго, ад работы традыцыйнай пошты (лісты, пасылкі, падпіска) таксама адыходзіць не збіраюцца.
Першы намеснік міністра закрануў і пытанне суфінансавання паштовых паслуг. «Законам «Аб паштовай сувязі» прадугледжана, што, калі выдаткі на ўніверсальныя паслугі будуць вышэйшыя, чым даходы, то, у прынцыпе, мы маем права атрымаць кампенсацыю з рэспубліканскага бюджэту. Але мы разумеем гэту сацыяльную адказнасць, якую нясе на сабе рэспубліканскі бюджэт. І таму, вядома, такой нормай карыстаемся вельмі рэдка, імкнучыся знаходзіць іншыя спосабы вырашэння пытання», — заявіў Павел Ткач.

Гаворачы аб лічбавізацыі паштовай галіны, першы намеснік міністра адзначыў: нягледзячы на тое, што пошта — больш традыцыйны від сувязі, лічбавізацыя ўсё роўна датычыцца і яе. Павел Ткач вылучыў некалькі кірункаў, дзе яна ўкараняецца. Перш за ўсё лічбавізацыя датычыцца непасрэднага абслугоўвання кліентаў пошты, бо сёння ўжо нікога не здзівіш наяўнасцю электроннай чаргі. Усе сярэднія і буйныя аддзяленні сувязі даўно ўжо з гэтым працуюць.
Лічбавізацыя, дадаў ён, закранае і ўнутраныя тэхнічныя працэсы. «Напрыклад, бяром нашу сартавальную машыну для паштовай карэспандэнцыі. Тысячы лістоў сартуюцца ў аўтаматычным рэжыме, машына сама распазнае рукапісны почырк і размяркоўвае лісты. Раней для гэтага працавалі сотні чалавек, кожны па сваіх ячэйках размяркоўваў: каму і куды адправіць пэўны ліст», — прывёў прыклад ён.
Першы намеснік міністра таксама заўважыў, што лічбавізацыя датычыцца і ўкаранення новых паслуг. У якасці прыкладу ён прывёў лічбавую прыладу «паштамат», якая дазваляе кліентам не падладжвацца пад рэжым работы аддзялення паштовай сувязі, а ў любы зручны час прыйсці і забраць патрэбную пасылку.
«Мабільны паштальён» прыходзіць на дом
У сваю чаргу генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч адзначыла, што больш за 80 % паштовай інфраструктуры размешчана ў сельскай мясцовасці. «Мы не ідзём па шляху «максімальнага закрыцця аб'ектаў». Мы павінны забяспечыць поўны комплекс паслуг і той стандарт, які ўскладзены на нас дзяржавай. І асноўная наша мэта — павысіць эфектыўнасць гэтай інфраструктуры і эфектыўнасць працы».

Гаворачы аб эканамічных паказчыках прадпрыемства, Святлана Юркевіч падкрэсліла, што ўсе аб'екты паштовай інфраструктуры, у тым ліку і тыя, якія размяшчаюцца ў сельскай мясцовасці, уключаны ў гандлёвы рэестр. Паводле яе слоў, тавараабарот аб'ектаў «Белпошты» складае больш за 250 мільёнаў беларускіх рублёў за год. Генеральны дырэктар «Белпошты» расказала таксама, што сёння ў нашай краіне існуюць 1,2 тысячы маршрутаў мабільнай дастаўкі па сельскай мясцовасці. «Калі гаварыць у цэлым, сёлета беларуская пошта паказвае станоўчы фінансавы вынік», — канстатавала Святлана Юркевіч.
За апошнія пяць гадоў прадпрыемства актыўна занялося лічбавай трансфармацыяй, нацэленай у першую чаргу на кліента, а таксама прадастаўленне новых дадатковых сэрвісаў. Як адзначыла кіраўнік «Белпошты», адзін з праектаў, які важны не толькі для прадпрыемства, але і ў цэлым для дзяржавы, — апаратна-праграмны комплекс «Мабільны паштальён». Ён дазволіў жыхарам сельскай мясцовасці атрымаць паўнавартасны комплекс фінансавых, банкаўскіх, гандлёвых паслуг, магчымасць аформіць падпіску, ажыццявіць як безнаяўныя, так і наяўныя плацяжы. Гэта асабліва камфортна, бо паштальёны «Белпошты» прыходзяць на дом і з дапамогай комплексу праводзяць усе патрэбныя аперацыі.
«Гэта дазваляе зайсці ў кожны двор, да кожнага спажыўца і аказаць поўны спектр паслуг, як і ў аддзяленні пошты. Пры гэтым няма неабходнасці ўтрымліваць тыя ж аб'екты паштовай сувязі, дастаткова важкую маёмасць», — заявіла Святлана Юркевіч.
Напрыканцы кіраўнік «Белпошты» павіншавала супрацоўнікаў і ветэранаў галіны з надыходзячым прафесійным святам.
* * *
Калектыў Выдавецкага дома «Звязда» віншуе сваіх надзейных партнёраў — супрацоўнікаў РУП «Белпошта» —
з прафесійным святам і жадае толькі добрых навін!
Фота БелТА