Форум пройдзе ўжо сёмы раз, а яго насычаная праграма разгорнецца 6 верасня з 11 да 19 гадзін.
Сёлета мінчанам і гасцям сталіцы прадставяць больш за 10 асноўных інтэрактыўных пляцовак, адзначыў загадчык аддзела Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Аляксандр ЗАЙЦАЎ. Так, у тэматычнай зоне «Інтэлектуальныя тэхналогіі» жадаючыя змогуць адчуць сябе інжынерамі-
вынаходнікамі. Наведвальнікам прэзентуюць беларускія распрацоўкі ў галіне мікраэлектронікі, энергетыкі і матэрыялазнаўства. Тут можна будзе пагрузіцца ў свет робататэхнікі і штучнага інтэлекту, дзе ажываюць механічныя памочнікі, аўтаномныя дроны і канструктыўныя мадэлі.
- На пляцоўцы «Космас» Марына Васілеўская і Алег Навіцкі адкажуць на пытанні наведвальнікаў. Тут выступіць і Вольга Масціцкая з расказам пра эксперымент «Сірыус-23», у якім яна ўдзельнічала. Дзяўчына больш за год знаходзілася ў ізаляцыі, імітуючы місію на Месяцы. Таксама там можна даведацца пра метэарыт, які знайшлі пад Смалявічамі, і нават убачыць частку гэтага загадкавага экспаната. У гэтай зоне ёсць магчымасць разгледзець спадарожнікі, даведацца, як іх робяць.
Завітаюць і госці з Расіі. Яны прадставяць сумесныя распрацоўкі, пляцоўкі і многае іншае. Госці запросяць наведвальнікаў на лакацыі «Навука нуль плюс», тэма якой — «Твая квантавая рэальнасць». Тут чакаецца больш за 20 удзельнікаў, у асноўным з універсітэтаў.
Лакацыя «100 інавацый маладых навукоўцаў» — традыцыйна адна з самых топавых. Сёлета на выставу-конкурс прадстаўлена каля 170 інавацый. Строгім журы будзе адабрана толькі 30 найлепшых работ. Гэта праекты ў сферы экалогіі, гуманітарных, тэхнічных навук. Тут маладыя навукоўцы прадставяць свае распрацоўкі, якія знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці, каб іх можна было ўкараняць у адпаведных галінах. Пляцоўка будзе актуальная і для інвестараў, лічаць арганізатары.
На пляцоўцы «Смак навукі», па словах навуковага супрацоўніка Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Ганны БАРЭЙКІ, плануецца правесці размову пра ежу з навуковага пункту гледжання. Тут наведвальнікам прапануюць даведацца шмат цікавых фактаў пра гастраномію і нават зладзіць міні-квэсты для смакавых рэцэптараў: прадэгуставаць «касмічнае» марожанае, безлактозную згушчонку і спартыўнае харчаванне.
Прайсці па балотах, зазірнуць у глыбіні рэк і пабачыць розныя куткі планеты можна будзе ў тэматычнай зоне «Экалогія». Яшчэ жыхароў і гасцей сталіцы чакае лакацыя з умоўнай назвай «Палярная зона», дзе будзе магчымасць ад супрацоўнікаў шэрагу беларускіх і расійскіх арганізацый даведацца пра даследаванні Арктыкі і Антарктыкі. На пляцоўцы «Медыцына» таксама будзе шмат цікавага, напрыклад кібернетычныя пратэзы, што дазваляюць людзям, якія ў іх маюць патрэбу, жыць паўнавартасным жыццём.
Сяргей КУРКАЧ