У эпоху глабальнага пацяплення (ужо многія гады) апошні месяц вясны амаль заўсёды быў вельмі цёплым. У сярэдзіне мая адчайныя маладыя людзі масава адкрывалі пляжны сезон і прымалі водныя працэдуры.
Гэта было раней, але не цяпер.
Сёлета зямля толькі адаграваецца ад начных замаразкаў, а вада ў вадаёмах ледзяная.
Ды і цяпер уначы нізкія плюсавыя тэмпературы, адзначылі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сёння ўначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі, а ўдзень пераважна па паўднёва-ўсходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі па паўднёвым усходзе прагрымяць навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы туман, вецер заходні, паўночна-заходні ўмераны, удзень месцамі парывісты.
Тэмпература паветра ўначы плюс 4–10 °С. Днём майскае сонца прынясе цяпло, калі максімальная тэмпература будзе дасягаць плюс 15–21 °С.
І ноччу ў сераду будзе холадна. У гэтыя суткі пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі на паўночным усходзе, а ўдзень на захадзе краіны чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы будзе ад плюс 3 да 9 °С, а максімальная днём складзе ад плюс 16 °С па поўначы краіны да 24 °С па поўдні і паўднёвым захадзе Беларусі.
Досыць кантраснае надвор’е чакаецца ў чацвер. Ноччу месцамі па паўночным захадзе, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер паўднёва-заходні, паўднёвы ўмераны, удзень пры навальніцах парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу будзе ад плюс 3 °С па ўсходзе да 12 °С па захадзе краіны, максімальная днём будзе даходзіць да плюс 17–24 °С.