Задача для ўсяго грамадства.
Спынена дзейнасць 22 інтэрнэт-крам
Сёлета назіраецца зніжэнне нарказлачыннасці, у тым ліку і сярод непаўналетніх, змяншэнне смяротных перадазіровак і колькасці грамадзян, дастаўленых з атручваннямі наркотыкамі ў медыцынскія ўстановы. Менш нарказлачынстваў учыняецца раней асуджанымі. Што датычыцца падлеткаў, то 19 з іх вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага за збыт наркотыкаў, гэта амаль на 40% менш, чым летась.
Як падкрэслівае начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Аляксандр ХІЛА, лічбы сведчаць пра стабілізацыю наркасітуацыі ў краіне. Сёлета выяўлена больш за 1,7 тысячы нарказлачынстваў. Затрымана больш за 700 асоб, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў. У тым ліку да адказнасці прыцягнута 66 грамадзян замежных дзяржаў (летась за аналагічны перыяд іх было 27). Спынена дзейнасць 77 памяшканняў, прыстасаваных для вырошчвання нарказмяшчальных раслін. Супрацоўнікамі аналітычнай разведкі падраздзяленняў па наркакантролі спынена дзейнасць 22 інтэрнэт-крам па продажы наркотыкаў.
За пяць месяцаў у арганізацыі аховы здароўя з дыягназам «атручэнне наркотыкамі» дастаўлены 128 грамадзян (з іх адзін непаўналетні). Гэта амаль на 30% менш за аналагічны перыяд летась.
— Наркасітуацыя ў краіне мае наступныя характэрныя рысы: шырокае выкарыстанне магчымасцяў інтэрнэту як асноўнага рэсурсу для распаўсюджвання; арганізаваны характар наркабізнесу; бескантактны збыт (з яго дапамогай ажыццяўляецца больш як 95% продажаў); шырокае ўцягванне ў збыт замежных грамадзян; распаўсюджанне асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, такіх як 4-СМС, альфа-PVP, мефедрон, — апісвае Аляксандр Хіла, дадаючы, што праваахоўныя органы са свайго боку прыкладуць максімум намаганняў, каб захаваць сітуацыю пад кантролем і не дапусціць ускладнення. Асноўны ўпор робіцца на першасную прафілактыку сярод падлеткаў, якія найбольш схільныя да дэструктыўнага ўплыву як інтэрнэту, так і сваіх сяброў і знаёмых.Занятасць падлеткаў і кантроль дарослых
Начальнік сектара каардынацыі і метадычнага забеспячэння прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод навучэнцаў Акадэміі адукацыі Маргарыта СУХАВЕНКА расказала аб тым, які метад прафілактыкі нарказлачынстваў сярод непаўналетніх з’яўляецца найлепшым.
— Найлепшы метад прафілактыкі нарказлачынстваў — занятасць дзяцей, а таксама кантроль дарослых за іх баўленнем часу. Занятасць — не проста спосаб запоўніць вольны час дзіцяці, а важнейшы фактар, які садзейнічае фарміраванню ў непаўналетняга адказнасці і самадысцыпліны, — падкрэсліла Маргарыта Сухавенка.Для эфектыўнай арганізацыі занятасці дзяцей ва ўстановах адукацыі ў красавіку і маі праводзілася анкетаванне бацькоў, з дапамогай якога вывучалася іх меркаванне аб формах і відах занятасці, аздараўленні непаўналетніх. На афіцыйных сайтах устаноў адукацыі размешчана спасылка на партал дзяржаўнай службы занятасці, а таксама змяшчаецца актуальная інфармацыя аб летнім адпачынку навучэнцаў: распарадак школьнага лагера, графікі работы аб’яднанняў па інтарэсах, бібліятэк, спартыўных пляцовак.
— Паколькі цяпер праходзіць летняя аздараўленчая кампанія, мы робім акцэнт на аздараўленчыя лагеры. Дадзены старт антынаркатычнага прафілактычнага праекта «Пра здароўе». Нашы валанцёры, студэнты ВНУ, педагагічныя работнікі праводзяць прафілактычную работу сярод выхаванцаў летніх аздараўленчых лагераў, дзе ў даступным фармаце расказваюць, наколькі небяспечнае ўцягванне ў незаконны абарот наркотыкаў, а самае галоўнае — нагадваюць пра адказнасць за распаўсюджанне. Адзін з самых дзейсных фарматаў — роўны навучае роўнага. Напрыклад, з выкарыстаннем стрымінгавых сэрвісаў, калі ўдзельнічаюць асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў равеснікі непаўналетніх, якія папярэджваюць, як не аступіцца, — расказала Маргарыта Сухавенка.Крок даўжынёй у месяц
Для рэабілітацыі нарказалежных Міністэрствам аховы здароўя ў кожным рэгіёне рэалізуюцца рэабілітацыйныя праграмы для дарослых, якія маюць доўгатэрміновы характар. У іх аснове ляжаць так званыя 12 крокаў, падчас якіх у чалавека фарміруецца высокая матывацыя да рэабілітацыі. Адзін крок — адзін месяц работы з пацыентам. Гэта праграма
прыводзіць да перафармаціравання асобы і паводзінавых стэрэатыпаў. Аснова поспеху «12 крокаў» — у забеспячэнні занятасці.
— Калі ў чалавека ёсць жыццёвая праграма, мэты, вызначаны крокі для іх дасягнення, то яго цяжка будзе ўключыць у дэзадаптыўныя паводзіны, — адзначыў намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей ОСІПЧЫК.Ён таксама заўважыў, што чалавек, які ўваходзіць у праграму медыцынскай рэабілітацыі, дэзарганізаваны з пункту гледжання бытавога разумення і ўспрымання асобы.
— У яго крыху зрушаныя паняцці дня і ночы, сняданку, абеду і вячэры.Яму цяжка ўспрымаць вынік як паслядоўнасць неабходных дзеянняў. Таму калі чалавек робіць адзін крок і не дасягае выніку, то пачынае адчуваць сябе незадаволеным. З-за гэтага ён шукае рэчывы, якія могуць зрабіць рэальнасць прыемнай для ўспрымання. Праграма «12 крокаў» дапамагае чалавеку зарыентавацца ў навакольнай рэчаіснасці і сфарміраваць план паводзін, — адзначыў Сяргей Осіпчык.
Акрамя рэабілітацыйных праграм ва ўсіх рэгіянальных арганізацыях аховы здароўя запланавана стварэнне сістэмы антынаркатычных пляцовак. У Віцебску і Брэсце яны ўжо працуюць. Іх наведваюць старшакласнікі, якія сустракаюцца не толькі з валанцёрамі, але і з людзьмі з сіндромам залежнасці. Тут ізноў жа працуе прынцып «роўны навучае роўнага».
Алена КРАВЕЦ.