8 лістапада, ва ўзросце 89 гадоў памерла народная артыстка Беларусі Святлана Вуячыч. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Святлана Вуячыч з 1960 года працавала ў дзяржаўнай установе «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі». Больш за 20 гадоў яна з’яўлялася салісткай вядомага калектыву.
Пасля завяршэння творчай кар’еры і да апошняга дня Святлана Вуячыч у якасці асістэнта балетмайстра аддавала ўвесь свой вопыт, веды і духоўныя сілы выхаванню маладога пакалення танцавальнага ансамбля. Яна ўнесла значны ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва як у Беларусі, так і за яе межамі.
Міністэрства культуры смуткуе з нагоды сыходу з жыцця Святланы Вуячыч і выказвае спачуванні родным і блізкім. Развітанне адбудзецца 11 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 12:00 да 14:00, пачатак грамадзянскай паніхіды — у 13:00.