Да маючага адбыцца праз некалькі дзён 30-годдзя Усебеларускага народнага сходу прымеркавана стварэнне народнага сайта «УНС у асобах», створанага Інфармацыйным агенцтвам «Мінская праўда» па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Беларусі. Урачыстая прэзентацыя сайта адбылася 15 кастрычніка, у прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы, піша SB.by.
Гэты сайт расказвае гісторыю Усебеларускага народнага сходу. Але робіць гэта не праз дакументы, а праз людзей — дэлегатаў УНС розных гадоў, праз іх пачуцці, успаміны і разважанні аб тым, як прымаліся рашэнні, якія вызначылі жыццё краіны. У аснове праекта — больш за 150 гісторый дэлегатаў УНС усіх скліканняў: ад першага Сходу 1996 года да сённяшняга дня.
Гісторыі сабраны раённымі і абласнымі рэдакцыямі газет па ўсёй Беларусі. Менавіта журналісты на месцах пісалі тэксты, стваралі фота і відэаматэрыялы, запісвалі інтэрв’ю з дэлегатамі. Дзякуючы гэтаму сайт атрымаўся па-сапраўднаму народным, жывым летапісам, сабраным рукамі журналістаў рэгіянальных рэдакцый.

Першы ў гісторыі незалежнай краіны Усебеларускі народны сход прайшоў у мінскім Палацы спорту 19–20 кастрычніка 1996 года. Сход і яго стрыжневы элемент — прэзідэнцкі даклад «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс» — сталі магутным і яскравым сведчаннем народнай палітыкі кіраўніка беларускай дзяржавы. І яго апоры выключна на народ і яго інтарэсы. З часам УНС набыў канстытуцыйны статус, стаў найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, што забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.
Маючае адбыцца 30-годдзе Усебеларускага народнага сходу — не проста юбілей. Гэта 30 гадоў нашай агульнай гісторыі, якую мы прайшлі разам, адзначыў на прэзентацыі сайта першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзяніс Езерскі:
— Гэта шлях, які мы прайшлі разам. За рашэннямі УНС — лёсы людзей. І сёння мы адкрываем сайт, які расказвае пра гэтых людзей. Гэты сайт — не справаздача. Гэта жывы летапіс, які сабралі раённыя і абласныя рэдакцыі па ўсёй краіне. Журналісты на месцах знаходзілі дэлегатаў, пра якіх пісалі ў розныя гады, запісвалі ўспаміны, збіралі фотаздымкі з сямейных архіваў. Больш за 150 гісторый — і гэта толькі пачатак. Сайт будзе папаўняцца, будзе жыць далей.

Пры гэтым Дзяніс Езерскі звярнуў увагу на яшчэ адзін істотны аспект:
— Мы шмат гаворым аб прамым кантакце сродкаў масавай інфармацыі і іх спажыўца. Гэты праект — прыклад таго, як раённыя журналісты, працуючы на месцах, ствараюць кантэнт рэспубліканскага значэння. Яны збіраюць гісторыю, якая робіцца часткай нацыянальнага архіва. Гэта і ёсць сапраўдны прамы кантакт паміж журналістамі і тымі, хто чытае, глядзіць іх матэрыялы. Людзі, якія ўмеюць працаваць з гісторыяй сваёй краіны, — гэта выдатна.