Top.Mail.Ru

Народны злёт «Маёўка-фэст» упершыню адбыўся ў Сянне

Патрыятычная ініцыятыва дэпутата

Гэта мерапрыемства ініцыяваў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь па экалогіі і прыродакарыстанні, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» Уладзімір Бабічаў.«Маёўка-фэст» супаў з рэспубліканскай акцыяй Міністэрства абароны «Марш Перамогі», якая стартавала менавіта ў Сянне.

Патрыятычны аўтапрабег «Аўтамай» дазволіў сотні яго ўдзельнікаў палюбавацца прыгожымі краявідамі Сенненшчыны. Ускладаннем кветак да Вечнага агню на брацкіх могілках мясцовыя жыхары і госці ўшанавалі памяць загінулых герояў. Затым яны з цікавасцю паслухалі ўдзельнікаў кафедры «Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне — наш шчыт» — дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Ірыну Астапенка і Сяргея Клішэвіча. Тут жа адбылася прэзентацыя кнігі «Невядомыя старонкі вайны адкрываюць дэпутаты беларускага парламента». Дарэчы, Уладзімір Бабічаў — суаўтар артыкула пра ўраджэнца Дуброўна лётчыка-авіяразведчыка Івана Багданава.

Моцнае ўражанне пакінула ў сэрцах удзельнікаў народнага злёту наведванне музейнай экспазіцыі «Люстэрка памяці» аб генацыдзе беларускага народа ў гады вайны. І зусім іншыя, станоўчыя эмоцыі выклікала экскурсія па найбагацейшым мясцовым Доме рамёстваў.

— Хочацца, каб пра нашых таленавітых землякоў, нашы ўнікальныя мясціны, патэнцыял рэгіёнаў даведвалася як мага больш людзей, — ставіць задачу народны выбраннік. — Магчыма, гэта стане штуршком да распрацоўкі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у глыбінцы, што з’яўляецца адным з пунктаў маёй перадвыбарнай праграмы. Нездарма ў каманду ўдзельнікаў народнага злёту я запрасіў кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў бізнесу.

Дэпутаты самі выбіраюць формы арганізацыі сваёй работы на месцах. Уладзімір Бабічаў часта выкарыстоўвае магчымасць сабраць вялікую колькасць людзей, каб наладзіць стасункі з імі ў простай абстаноўцы: «Калі мы разам, нас многа — гэта натхняе. Маё месца — сярод людзей».

Напрыклад, у Талачыне парламентарый рэалізоўвае інфармацыйны праект «РИНГ: реальность, история, народ, государство», у рамках якога штомесяц праходзяць вялікія дыялогавыя пляцоўкі з удзелам спецыялістаў-экспертаў. Усе аграгарадкі Дубровеншчыны, 

20 гадоў таму пераўтвораныя па прэзідэнцкай праграме развіцця сяла, ахапіла культурна-асветніцкая акцыя «У будучыню Беларусі». Дубровенскі і Лёзненскі раёны сустракалі агульнарэспубліканскую акцыю, арганізаваную сумесна з Міністэрствам культуры, — «Разам з мастацтвам». Усё дзеля таго, каб і ў глыбінцы людзі адчувалі сябе далучанымі да працэсаў, якія адбываюцца ў краіне.

У арсенале дэпутата таксама традыцыйныя сустрэчы з выбаршчыкамі. Толькі летась іх адбылося 19, а яшчэ — 14 прамых ліній, 145 сустрэч з працоўнымі калектывамі. Разгледжана звыш сотні зваротаў грамадзян, усе пытанні ў рамках закона вырашаны станоўча.

— Важна апраўдваць давер людзей, — адзначае Уладзімір Бабічаў. — Не так даўно мяне спынілі проста на вуліцы і паведамілі: «Прыйдзем да вас на прыём. Нам сказалі, што вы ўсім дапамагаеце». Шчыра кажучы, дапамогу ў жыццёвых пытаннях (будзе гэта рамонт дарог ці жылля, гандлёвае абслугоўванне ці чысціня вады) аказваюць пераважна мясцовыя органы ўлады і профільныя арганізацыі. Таму я імкнуся пабудаваць партнёрскія адносіны з імі.

У такім кірунку — на карысць сваіх выбаршчыкаў — Уладзімір Бабічаў нацэлены працаваць і далей. Планаў у энергічнага маладога дэпутата багата.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю