Навучальная установа, дзе жыве творчасць, — гэта стараліся падкрэсліць ў своеасаблівым пралогу ўрачыстага пасяджэння. Неабходнасць прафесійных творцаў рэспубліка адчула адразу пасля вайны: Беларусь аднаўлялася пасля вызвалення, але ўжо глядзела далёка наперад — як будзе ствараць, гарманізаваць свет і радаваць людзей. Ужо праз два месяцы пасля Перамогі, 20 жніўня 1945-га года было прынята і зацверджана пастановай рашэнне аб арганізацыі Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. А ўжо 14 лістапада 1945 года на акцёрскім аддзяленні з’явіліся першыя студэнты — 27 чалавек, якія займаліся тады яшчэ ў памяшканні Мінскага педагагічнага інстытута. З 1 верасня 1953 года адкрываецца мастацкі факультэт — тады ўжо інстытут перастаў быць выключна тэатральным. Створаны кафедры графікі, выяўленчага мастацтва, скульптуры... Прырастаць кафедрамі, спецыяльнасцямі па розных кірунках навучальная ўстанова працягвала ў залежнасці ад таго, як іх неабходнасць дыктаваў час.
«Адчыніўшы свае дзверы ў год вялікай Перамогі, навучальная установа ўнесла значны ўклад у аднаўленне мірнага жыцця. Рыхтуючы кадры для айчыннай сферы культуры, акадэмія выхавала цэлую плеяду таленавітых майстроў, якія высокім прафесіяналізмам, вернасцю традыцыям і няспынным творчым пошукам новых ідэй праславілі сваю альма-матар і мастацкую школу Беларусі. Упэўнены, што і надалей акадэмія будзе заставацца крыніцай натхнення для ўсіх, хто любіць сваю радзіму і беражліва захоўвае нацыянальныя духоўныя каштоўнасці», — такія словы прагучалі ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі, якія зачытаў міністр культуры краіны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. Ён прызнаўся, што шчаслівы чалавек, таму што з дзяцінства разумеў, што хоча звязаць сваё жыццё з творчасцю, вучыўся ў гэтых сценах.
Шмат розных відаў творчасці, спецыяльнасцяў, кірункаў прапаноўвае асвоіць гэта навучальная ўстанова цяпер. Грунтоўнасць падыходу ў падрыхтоўцы творцаў паспрыялі яе пераходу на новы ўзровень. У 1991 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут стаў Беларускай акадэміяй мастацтваў. За гэты час шмат выпускнікоў сваёй творчасцю ўслаўлялі не толькі беларускую навучальную ўстанову, але і нашу краіну далёка за межамі. І сёння замежнікі едуць да нас вучыцца — прыемным віншаваннем былі творчыя падарункі ад прадстаўнікоў Кітая — мастацкая выява акадэміі на праспекце Незалежнасці ў Мінску і неапалітанская песня «O sole mio», назва якой перакладаецца як «Маё сонца». У тэму.
Кожны студэнт і наогул кожнае пакаленне творцаў пакідае свой след у летапісе гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Таму ўспаміны кожнага могуць узбагаціць летапіс установы, падкрэсліў лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, беларускі рэжысёр Валерый Анісенка. Ён згадаў сваіх легендарных настаўнікаў — Дзмітрыя Арлова і Ілью Кургана, і адзначыў:
— З 80-гадовай біяграфіі акадэміі — 60 мае. У складзе 16-га выпуску акцёрскага факультэта я атрымаў самы галоўны падарунак у сваім жыцці: я маю магчымасць займацца разгадкай чалавека. Вялікая літаратура, драматургія і шмат якія напрамкі творчасці скіраваныя на гэта. А чалавек — найбольшая таямніца ў свеце.
Ларыса ЦІМОШЫК