Як кажуць інвестары: знайсці грошы — гэта праблема. Але нашмат большая праблема: не браць пазыкі, а іх вяртаць.
З гэтым пачынаюць ушчыльную сутыкацца многія заходнія краіны. Амерыканскі ўрад «удала» стартаваў у чарговым фінансавым годзе (пачынаецца ў кастрычніку) з высокага дэфіцыту — звыш 400 мільярдаў долараў. Федэральны дзярждоўг складае ўжо больш за 40 трыльёнаў долараў і перавысіў 120 % да ВУП. Нават пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі да 80 % бюджэту трацілася на вядзенне баявых дзеянняў, фінансы Штатаў знаходзіліся ў больш прыстойным стане. Выбух фінансавай бурбалкі непазбежны. Але, як адзначаюць прагназісты, прадказаць падзею проста, складана зразумець, калі яна адбудзецца.
Расходы амерыканскага ўрада ўвесь час растуць. Часцей за ўсё гавораць аб дынаміцы ваенных выдаткаў. Нават пройгрыш рэспубліканцаў дэмакратам на прамежкавых выбарах у лістападзе звязваюць з не самымі ўдалымі ваеннымі кампаніямі Вашынгтона. Найперш з канфліктам на Блізкім Усходзе. Тым не менш, у кастрычніку расходы на абарону павялічыліся, але толькі на 28 мільярдаў. Затое адлічэнні на праграму Medіcare павялічыліся на 170 мільярдаў долараў, а на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу — на 115 мільярдаў. Часткова гэтыя плацяжы атрымаліся апераджальнымі, за лістапад. Аднак відавочна — мілітарызацыя не з’яўляецца самай значнай праблемай амерыканскіх фінансаў. Праблема ляжыць значна глыбей, з’яўляецца сістэмнай і звязаная са структурай эканомікі.
Менавіта з гэтай прычыны павялічваюцца не толькі расходы. У кастрычніку на 9 % знізіліся і даходы. Амерыканская эканоміка перастае генерыраваць падаткаабкладальную базу. Быццам бы ВУП Штатаў расце, але найперш за кошт паслуг. Фондавыя індэксы растуць, аднак драйверам выступаюць высокатэхналагічныя кампаніі. Яны цалкам паспяхова праводзяць ІPO, іншыя размяшчэнні акцый. Іх кошт павялічваецца, але рэальны прыбытак акцыянерам прыносяць далёка не ўсе. Тыя ж распрацоўшчыкі вялікіх генератыўных моўных мадэляў фіксуюць страты. Сродкі ўкладзеныя вялізныя, але якім чынам іх акупляць, пакуль не зусім зразумела.
Ужо нават існуе падазрэнне, што нездарма ўладальнікі высокатэхналагічнага сектара заўзята абходжваюць Дональда Трампа, пераконваючы яго ў тым, што за кошт штучнага інтэлекту амерыканцы могуць зноў кіраваць светам. Безумоўна, машынны мозг дае значныя перавагі, але ці настолькі яны каласальныя, як гэта падаецца? Больш за тое, ці хопіць рэсурсаў, каб выкарыстоўваць гэту перавагу? З вельмі сур’ёзнымі цяжкасцямі сёння сутыкаецца гэты сегмент бізнесу.
І яго будучыня выглядае далёка не бясхмарна. Перыядычна адбываюцца прасадкі каціровак акцый, са стратай трыльёнаў долараў. Такая валатыльнасць вельмі небяспечная. Таму магнаты лічбавай эпохі і зачасцілі ў Белы дом: мабыць, не выключаюць, што спатрэбіцца адміністрацыйная і бюджэтная падтрымка, як стратэгічным праектам. Зрэшты, тэхнагіганты ўжо сталі занадта вялікімі ў фінансавай сістэме, каб палітычныя ўлады маглі ім дазволіць абанкруціцца. Іншае пытанне, ці існуюць у цэнтральнай улады сродкі падтрымання на плаву грандыёзных праектаў?!
Пакуль гэта не ўяўляецца магчымым. У Вашынгтоне з цяжкасцю спраўляюцца з сацыяльнымі праблемамі. Інфляцыя ў Штатах зноў знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні — каля 4 %. Але праблема не толькі ў значным перавышэнні мэтавага паказчыка — 2 %. Сама яго структура выклікае вельмі істотную сацыяльную незадаволенасць. Яшчэ з даковіднай эпохі ключавы драйвер гэтага агрэгаванага паказчыка — сектар паслуг, перш за ўсё арэнда нерухомасці, а таксама медыцына і адукацыя. Гэтыя сацыяльныя базавыя паслугі сталі фантастычна дарагімі, іх даступнасць зніжаецца. Таму ўладам даводзіцца даціраваць грамадзянам расходы на тую ж медыцыну. Парадаксальна, але яна ад гэтага становіцца толькі менш даступнай!
Амерыканская сістэма аховы здароўя — самая дарагая ў свеце (абыходзіцца ў больш за 20 % ВУП), але адна з самых неэфектыўных з пункту гледжання выкарыстання сродкаў. Медыцына ў ЗША — чыста камерцыйны сектар. І акрамя непасрэдна бальніц і шпіталяў, значную ролю ў гэтым сегменце адыгрываюць страхавыя кампаніі, якія і пераразмяркоўваюць фінансавыя патокі. Калі страхоўкі становяцца недаступнымі грамадзянам, улады ўключаюць рычагі датацый. Расце плацежаздольны попыт, прапанова застаецца на ранейшым узроўні, адпаведна павялічваюцца цэны і страхоўкі зноў становяцца занадта дарагімі. Інфляцыйная спіраль выходзіць на новы віток. Акрамя таго, павялічваюцца выдаткі на адміністраванне: у амерыканскай ахове здароўя колькасць розных менеджараў, якія разлічваюць-улічваюць страхоўкі, іх прадаюць, нарміруюць і гэтак далей, у разы перавышае непасрэдна колькасць медыцынскага персаналу. Зрэшты, кіраванне ў ЗША ў цэлым з’яўляецца вельмі дарагім. Толькі дзяржаўных служачых налічваецца звыш 20 мільёнаў чалавек. Плюс розныя агенцтвы, фонды і іншыя арганізацыі, якія фармальна з’яўляюцца грамадскімі, але так ці інакш жывуць за кошт бюджэтнага або адміністрацыйнага рэсурсу. Словам, сфарміраваўся вельмі шырокі невытворчы клас амерыканцаў, якія з’яўляюцца чыстымі спажыўцамі, аднак не вырабляюць ніякай дабаўленай вартасці, а працуюць выключна на бюракратычнай ніве.
Структурныя змяненні наспелі. У першыя месяцы свайго праўлення Дональд Трамп спрабаваў іх правесці, але сустрэў каласальнае процідзеянне: занадта шматлікай аказалася праслойка бенефіцыяраў існуючага стану рэчаў. Рэформаў як такіх не атрымалася, аднак палітычнае супрацьстаянне абвастрылася. Адміністрацыі ў Белым доме прыйшлося воляй-няволяй пайсці па стандартным шляху: працягваць нарошчваць выдаткі. Нават на фоне даходаў, якія зніжаюцца. Пазыковая бурбалка працягвае надзімацца, і рана ці позна яе абалонка можа не вытрымаць.
Зрэшты, такое адбываецца не першы раз. Амерыканскія эканамісты Кармэн Рэйнхарт і Кенэт Рогаф у канцы 2000-х апублікавалі сваю працу «На гэты раз усё будзе інакш». Навукоўцы прааналізавалі фінансавыя крызісы за 800 гадоў чалавечай цывілізацыі. Аказалася, урады стагоддзямі наступаюць на адны і тыя ж граблі: нарошчваюць даўгі для вырашэння палітычных праблем, падаюць у крэдытную яму, а потым наступае пазыковы і фінансавы крызіс, з якога доўга і пакутліва выходзяць. І калі 10-15 гадоў таму яшчэ былі сумненні, што на гэты раз будзе неяк інакш, то сёння гэтыя сумненні паступова знікаюць.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ