Беларусь ад Аравійскага паўвострава аддзяляюць тысячы кіламетраў. Але адлегласць не перашкаджае наладжваць узаемавыгадныя сувязі з краінамі, якія ўваходзяць у свайго роду пул дзяржаў Персідскага заліва. Асабліва калі на тое ёсць палітычная воля і стасункі наладжваюцца на вышэйшым узроўні.
Дзякуючы дальнабачнай палітыцы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі наша краіна пачала наладжваць супрацоўніцтва з гэтым вельмі перспектыўным і багатым азіяцкім рэгіёнам яшчэ калі з еўрапейскімі суседзямі гандлёва-эканамічныя і нават палітычныя адносіны развіваліся ў канструктыўным рэчышчы.
Здавалася б, што шукаць на Блізкім Усходзе, калі вось, побач, на Захадзе, вялікі рынак збыту, добра наладжаная лагістыка. Але Прэзідэнт, па-народнаму мудра заўважаючы, што нельга класці ўсе яйкі ў адзін кошык, патрабаваў ад дыпламатаў працаваць і на краіны так званай далёкай дугі, сам здзяйсняў візіты, наладжваў кантакты. І калі еўрапейскія партнёры аказаліся ніякімі не партнёрамі, гэтыя наладжаныя ў свой час сувязі, якія пастаянна падтрымліваліся на належным узроўні, запрацавалі ва ўсю моц. У тым ліку і гэта не дазволіла краіне зваліцца ў эканамічную бездань, якую прарочылі нам тыя, хто ўводзіў фашысцкія санкцыі. А Прэзідэнт Лукашэнка едзе да султанаў і шэйхаў не як нейкі невядомы ім еўрапейскі палітык, а як калега і сябар. Усход — справа тонкая, і гэта вельмі шмат там значыць. Апанентам застаецца толькі з зайздрасцю канстатаваць: беларускага лідара прымалі цёпла, «па-сямейнаму». Яны добра разумеюць, што за гэтым, як і за зачыненымі паводле ўсходняга пратакола дзвярыма, за якімі праходзілі амаль усе перагаворы, стаяць новыя выгадныя дамоўленасці, праекты, кантракты, якія зробяць нашу краіну больш устойлівай і моцнай.
У Амане Прэзідэнт дамовіўся з Султанам аб праекце стварэння хаба беларускіх тавараў у адным з самых важных партоў Індыйскага акіяна. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах перагаворы ішлі аб сумесным развіцці штучнага інтэлекту. І таксама невыпадкова — у найбліжэйшыя пяць гадоў у гэтай краіны ёсць усе перспектывы стаць сусветным лідарам у гэтай сферы... У той час як краіны «цывілізаванага Захаду» і сёння, як і паўвека назад, бачаць у гэтым рэгіёне толькі сыравінную крыніцу, дзе можна ў вялікай колькасці ўзяць вуглевадароды, Беларусь, і найперш яе Прэзідэнт, глядзіць глыбей і прапануе разам працаваць на тыя праекты, у аснове якіх ляжаць інтэлект і развіццё.
З тымі ж Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі прыярытэтныя кірункі ў адносінах — не газ і нафта, а гандаль, інвестыцыі, зялёныя тэхналогіі, лагістыка, сфера адукацыі і ўжо згаданы штучны інтэлект. Эміраты ўваходзяць у тройку лідараў па агульным аб’ёме ўкладзеных у беларускую эканоміку інвестыцый.
Таму візіт Прэзідэнта вельмі важны. І на арабскім Усходзе амаль усё вырашаюць узаемаадносіны паміж кіраўнікамі. Гэта рэгулярная зверка гадзіннікаў, хронаметраж нашага супрацоўніцтва. Я думаю, што наперадзе чакаюць вельмі добрыя перспектывы.
Беларусь экспартуе ў ААЭ сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю, што робіць унёсак у дасягненне мэт нацыянальнай стратэгіі харчовай бяспекі, якую ААЭ вызначылі ў ліку сваіх прыярытэтаў да 2051 года.
Прадпрыемствы і бізнесмены дзвюх краін прымаюць удзел у эканамічных форумах і выставах, якія праводзяцца на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў. Гэтыя мерапрыемствы спрыяюць устанаўленню кантактаў паміж бізнесменамі і інвестарамі, а таксама садзейнічаюць нарошчванню аб’ёмаў узаемнага гандлю.
— У апошнія гады аб’ём эмірацкіх інвестыцый у рэальны сектар эканомікі Беларусі павялічыўся, — падкрэсліў у размове з sb.bу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі Ібрагім Салім Махамед Аль-Мушарах. — Цікавасць ААЭ накіравана на інвеставанне ў розныя сектары, такія як прамысловасць, сельская гаспадарка, тэхналогіі і нерухомасць.
Тое, што Беларусь уваходзіць у буйныя інтэграцыйныя аб’яднанні, таксама іграе сваю ролю ў развіцці супрацоўніцтва.
— Прынцыпова важна для нас і тое, што зусім нядаўна Еўразійскі эканамічны саюз і ААЭ завяршылі перагаворы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж краінамі, — гаворыць пасол. — Пасля ўступлення ў сілу пагаднення аб эканамічным партнёрстве прэферэнцыйным рэжымам будзе ахоплена больш як 90 працэнтаў узаемнага гандлю і больш як 85 працэнтаў таварнай наменклатуры. Найхутчэйшае падпісанне гэтага дакумента дасць магчымасць вывесці гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Эміратаў на новы ўзровень.
Не толькі эмірацкія інвестары зацікаўлены ў супрацоўніцтве — беларускі бізнес таксама мае свае інтарэсы. ААЭ — краіна, якая актыўна развіваецца і мае патрэбу і ў вытворча-тэхнічных прапановах, і ў прадукцыі сферы паслуг. Наша краіна ўсё гэта можа прапанаваць.
— Бізнес актыўна працуе, і калі гэта перасякаецца з візітам Прэзідэнта, то гэта дакладны сігнал аб тым, што работа праводзіцца пры палітычнай падтрымцы на самым высокім узроўні, — заўважае намеснік старшыні БелГПП Алена Маліноўская. — Гэта надае бізнесу ўпэўненасць у дзеяннях, дае магчымасць рэалізоўваць буйнамаштабныя праекты і будаваць доўгатэрміновыя планы. Патэнцыял нашага супрацоўніцтва далёка не вычарпаны.
— У партфелі БелГПП пяць пагадненняў з гандлёва-прамысловымі палатамі ААЭ. Таксама рэгулярна праходзяць кантактна-кааперацыйныя біржы і бізнес-перагаворы. З 2017 года мы штогод арганізоўваем удзел нашых прадпрыемстваў на найбуйнейшых выставах. Ужо дасягнулі дамоўленасці аб удзеле беларускіх кампаній у дзвюх найбуйнейшых харчовых выставах на тэрыторыі ААЭ. Гэта Gаlfооd і Mіddlе Еаst. Таксама абмяркоўваецца магчымасць арганізацыі нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на пляцоўцы маштабнага выставачнага цэнтра ААЭ.
Акрамя таго, у планах — правядзенне ў 2025 годзе чарговага пасяджэння беларуска-эмірацкага дзелавога савета, — паведаміла Алена Маліноўская.
Бізнес актыўна працуе, і калі гэта перасякаецца з візітам Прэзідэнта, то гэта дакладны сігнал аб тым, што работа праводзіцца пры палітычнай падтрымцы на самым высокім узроўні.
Што датычыцца супрацоўніцтва ў сферы штучнага інтэлекту, то беларусы ў гэту сферу ідуць не з пустымі рукамі. Нездарма падчас перагавораў з міністрам інвестыцый ААЭ Прэзідэнт Беларусі гаварыў менавіта пра развіццё гэтай сферы. Як заўважыў у эфіры «Альфа-радыё» генеральны дырэктар Сталічнага тэлебачання Аляксандр Асенка, «Рэспубліка Беларусь — гэта краіна з высокім узроўнем ІT-развіцця. Чаго толькі варты наш Парк высокіх тэхналогій, дзе працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Хто б што ні казаў, што шмат хто з’ехаў, але насамрэч спецыялісты ёсць, і яны вяртаюцца. Штучны інтэлект — гэта новыя тэхналогіі, прычым абсалютна ва ўсім. Мы разумеем, што ШІ, як і любая тэхналогія, мае плюсы і мінусы. З мінусаў я маю на ўвазе фэйкі, якія разбураюць і ўздзейнічаюць на інфармацыйную бяспеку той ці іншай дзяржавы, у тым ліку і нашай. А плюсы — новыя тэхналогіі ў прамысловасці, эканоміцы, якія аблягчаюць нам жыццё, ствараюць для нас камфортныя ўмовы».
Перспектывы супрацоўніцтва з багатым рэгіёнам на гэтым не абмяжоўваюцца. «Далей — медыцына, культурнае супрацоўніцтва і тэхнічнае. Натуральна, нашы прамысловыя тавары, сумесная вытворчасць, цалкам магчыма, грузавых аўтамабіляў,сельскагаспадарчай тэхнікі, — заўважыў у эфіры СТБ палітычны эксперт Сяргей Дзік. — Таму візіт Прэзідэнта вельмі важны. І на арабскім Усходзе амаль усё вырашаюць узаемаадносіны паміж кіраўнікамі. Гэта рэгулярная зверка гадзіннікаў, хронаметраж нашага супрацоўніцтва. Я думаю, што наперадзе чакаюць вельмі добрыя перспектывы».