Нацыянальнае ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (NASA) адправіць каля 15 тыс. супрацоўнікаў у неаплатны адпачынак пасля таго, як Кангрэс ЗША не прыняў законапраект аб фінансаванні ўрада. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі фінансавага дырэктара NASA Стывен Шын, паведамляе БелТА.
Таксама паведамляецца, што NASA запатрабуе ад каля 3 тыс. супрацоўнікаў працягваць працаваць падчас шатдаўна (спынення работы часткі дзяржаўных структур) у ЗША. У прыватнасці, тым, хто працуе над месяцовай праграмай Artemis сумесна з SpaceX і Blue Origin, прыйдзецца працягваць работу ў перыяд прыпынку фінансавання ўрада. Кэлі Эліёт, дырэктар па кадрах NASA, напісала ў электронным лісце гэтым супрацоўнікам, што іх работа «падчас вымушанага адпачынку» не будзе аплачвацца, але ім варта весці ўлік свайго працоўнага часу.
Партал NewsBytes піша: праз шатдаўн навукова-тэхнічная работа прыпыненая, што можа запаволіць рэалізацыю буйных праектаў у ЗША і стварыць нявызначанасць для супрацоўнікаў. «У цэлым гэты фінансавы крызіс паказвае, як лёгка можна адсунуць на другі план буйныя дасягненні ў галіне касманаўтыкі», — адзначаецца ў матэрыяле.
Раніцай 1 кастрычніка ўрад ЗША спыніў работу, што стварыла ўмовы для звальнення сотняў тысяч федэральных службоўцаў і закрыцця шэрагу ключавых праграм і службаў. Дзяржаўныя служачыя, работа якіх лічыцца «жыццёва важнай», такія як супрацоўнікі ўпраўлення транспартнай бяспекі і авіядыспетчары, абавязаны працягваць работу.