У аднаго з астранаўтаў на борце МКС узніклі праблемы са здароўем, місію Crew-11 могуць завяршыць датэрмінова.
Напапярэдні амерыканскае касмічнае агенцтва абвясціла аб пераносе запланаванага выхаду ў адкрыты космас астранаўтаў Майкла Фінка і Зэны Кардман.
Хто захварэў — невядома
У NASA ўдакладнілі, што медыцынская праблема ўзнікла ў «аднаго члена экіпажа, стан якога стабільны».
Аднак там не раскрылі ніякіх дадатковых падрабязнасцяў або асобы гэтага астранаўта.

«Бяспечнае выкананне нашых місій — наш найвышэйшы прыярытэт, і мы актыўна ацэньваем усе варыянты, уключаючы магчымасць датэрміновага завяршэння місіі Crew-11. Гэта такія сітуацыі, да якіх NASA і нашы партнёры трэніруюцца і рыхтуюцца для бяспечнага выканання», — гаворыцца ў заяве ведамства.
Агенцтва адключыла дзве прамыя трансляцыі з МКС, уключаючы аўдыётрансляцыю.
Адмена выхаду ў адкрыты космас з-за праблем са здароўем — рэдкая, але не беспрэцэдэнтная з’ява для NASA. Апошні раз гэта адбылося ў 2021 годзе, калі члену экіпажа заціснула нерв.
Касмічны карабель Dragon стартаваў 1 жніўня з астранаўтамі Зэнай Кардман і Майклам Фінкам, японскім астранаўтам Кіміяй Юі і расійскім касманаўтам Алегам Платонавым на борце.
Гэтая місія павінна была завяршыцца адстыкоўкай экіпажа і яго вяртаннем на Зямлю прыкладна 20 лютага.
Вядома, што наступны палёт да МКС запланаваны не раней за 15 лютага.