Насенне азімага трыцікале беларускай селекцыі паказала добрую ўраджайнасць і высокую ўсходжасць на палях Грузіі. Пра гэта паведамілі БелТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
Пастаўку і сяўбу элітнага насення гатунку «Дынама» зрабіла Рэспубліканскае аб’яднанне «Белнасенне». «Восенню мінулага года па выніках візіту ў Грузію на палях сельгасарганізацыі была вызначана пляцоўка пад сяўбу элітнага насення на плошчы больш за 100 га, аказаны кансультацыі па тэхналогіі вырошчвання. Насенне гатунку „Дынама“ на сённяшні дзень дэманструе высокую ўраджайнасць і ўсходжасць, што сведчыць аб яго адпаведнасці глебава-кліматычным умовам Грузіі», — адзначылі ў ведамстве.
Адначасова беларускія спецыялісты забяспечваюць прафесійнае суправаджэнне вырошчвання, уключаючы стварэнне дэманстрацыйных палёў, а таксама праводзяць закладку ўчасткаў насеннем беларускай селекцыі для вызначэння іх гаспадарча-эканамічнага патэнцыялу ва ўмовах рэгіёна.
«Дэманстрацыйныя ўчасткі служаць нагляднай пляцоўкай для ацэнкі патэнцыялу гатунку, збору даных аб яго паводзінах у новых умовах і прасоўвання нацыянальнага брэнда „Зроблена ў Беларусі“ ў аграрным сектары Закаўказзя. Гэта важны этап у развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы насенняводства, які пацвярджае высокі канкурэнтны патэнцыял беларускай аграрнай навукі», — падкрэслілі ў міністэрстве.