Top.Mail.Ru

Наш карэспандэнт была сярод тых, хто нёс вялізнае палотнішча дзяржаўнага сцяга, і паразмаўляла з удзельнікамі акцыі

Гонар несці сімвал краіны

Упершыню маштабнае шэсце з велізарным дзяржаўным сцягам прайшло ў мінулым годзе і адразу стала ганаровай традыцыяй. Сёлета сотні людзей зноў сабраліся разам, каб пранесці па галоўным праспекце палотнішча памерам 500 на 9 метраў. Для кожнага ўдзельніка гэты дзень стаў магчымасцю праявіць свае патрыятычныя пачуцці.

Як адзначыла старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, такая акцыя — не проста свята, а праява грамадзянскай салідарнасці.

«Гэта становіцца ўжо сапраўды такой класнай традыцыяй — пранесці сцяг па галоўным праспекце. Наша грамадскае аб’яднанне таксама бярэ ўдзел у шэсці, бо гэта наша грамадзянская салідарнасць, грамадзянская пазіцыя. Усе робяць гэта з задавальненнем — вы бачыце, усе ўсміхаюцца, ва ўсіх такі прыўзняты настрой. Нам вельмі важна, каб людзі ведалі і разумелі, што такое герб, што такое сцяг і што такое наш гімн. Каб нашы дзеці з дзіцячых садкоў ужо выразна гэта разумелі і адрознівалі. Дзяржаўная сімволіка — гэта вельмі важная гісторыя, якую павінны ўсе ведаць. Галоўнае, што ўсе прыходзяць у адзіным парыве, каб аддаць даніну павагі дзяржаўным сімвалам. І гэта гонар — прайсці па праспекце разам з усімі і пранесці сцяг. А надвор’е? Як учора сказаў Прэзідэнт, яно выдатнае. Для сельскай гаспадаркі гэта наогул падарунак, а сельская гаспадарка — гэта наш дабрабыт. Так што ўсё добра».

Сярод тых, хто нёс сцяг, — курсанты МНС і вядомыя спартсмены.

Камандзір узвода Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Мікіта Яршоў:

«Галоўнае — быць разам і памятаць. Пакуль мы памятаем урокі мінулага, тых страшных падзей 85-гадовай даўніны — яны не паўторацца. Для мяне асабіста ўдзел у шэсці — гэта гонар, пашана і адказнасць. Несці сцяг роднай краіны на такім мерапрыемстве — дарагога варта. Наш універсітэт удзельнічае ў другі раз. Сцяг у нас велізарны: 500 метраў даўжынёй і 9 шырынёй, важыць 400 кілаграмаў. Мы ідзём на чале з прадстаўнікамі грамадскасці, каб у фінале, падчас гімна на плошчы Герба і Сцяга, быць разам з народам, адной сям’ёй з усёй краінай. Гэта важна. Тут 90 курсантаў МНС — і мы другі год запар нясём гэтую вахту. Што да „Курсанта года“ — у 2025-м я ўдзельнічаў, увайшоў у пяцёрку лідараў, трохі не хапіла, каб трапіць у тройку. Але буду імкнуцца далей, каб краіна мной ганарылася».

Не менш важным удзел у шэсці стаў для тых, хто праслаўляе краіну на міжнародных спартыўных арэнах.

Супрацоўнік РЦАП «Стайкі», галоўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па боксе, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Магамед Алігаджыеў:

«Я першы раз на такім мерапрыемстве. Нясу сцяг і адчуваю гонар, у першую чаргу, за нашу краіну. Мне як прадстаўніку спартыўнай сферы заўсёды прыемна назіраць, калі на еўрапейскіх, сусветных, алімпійскіх арэнах развіваецца наш сцяг, гучыць наш гімн. Гэта ў першую чаргу гонар. Беларусь ужо даўно стала маёй другой радзімай. Я вельмі шмат гадоў таму прыехаў сюды і з самага пачатку адчуваў сябе тут камфортна. У мяне дзве радзімы — Казахстан і Беларусь. Было прыемна, калі прапанавалі ўрачыста прайсці са сцягам. Я ганаруся тым, што нясу сцяг Беларусі».

Многія прыйшлі на акцыю сем’ямі, каб з маленства выхоўваць у дзяцей любоў да Радзімы.

Валерыя Цімафеева-Крывашэева:

«Выхоўваем з нараджэння патрыётаў, прывучаем да такіх святаў. Таму для нас гэта вельмі важна, для нашай сям’і. Сына Мікіту ўзялі, яму тры гадкі. Выхоўваем яго ў патрыятычным кірунку з нараджэння. У нас, напэўна, першае свята — 9 Мая, у годзік хадзілі на галоўную плошчу. Мы водзім, паказваем, тлумачым. Яму вельмі падабаецца. Сястрычка ў нас стрыечная нарадзілася 9 мая. Такое ў нас двайное свята. Упершыню, шчыра кажучы, на такім мерапрыемстве. Велічнае для мяне нешта. Гонар за сваю краіну, за сваю Радзіму».

Не засталіся ў баку і прадстаўнікі прамысловасці, для якіх несці сцяг — яшчэ і магчымасць паказаць гонар за родны брэнд.

Начальнік аддзела рэалізацыі Мінскага аўтамабільнага завода Анастасія Кулявец:

«Для мяне гэта вялікі гонар сёння стаяць тут, трымацца за гэты сцяг. Для мяне гэта важна. Гімн — гэта для нас наогул святое, мы ведаем яго на памяць. Таму для мяне рэальны гонар тое, што я цяпер раблю. Калі я даведалася, якіх маштабаў сёлетні сцяг, то вельмі захацела быць вось тут, наперадзе, таму што для мяне гэта вельмі важна».

Агульны настрой удзельнікаў вызначыць няцяжка. У кожным чалавеку, які прыйшоў, каб падтрымаць, можна было прачытаць гонар за краіну, яднанне і павагу да сімвалаў, якія робяць нас адзінай нацыяй. І нават дождж не сапсаваў свята — бо, як было сказана, такое надвор’е — сапраўдны падарунак для гаспадароў зямлі. Галоўнае, што гэтая традыцыя жыве і з кожным годам аб’ядноўвае ўсё больш сэрцаў.

Надзея Зуева

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю