Top.Mail.Ru

«Наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі»

Інаўгурацыя Прэзідэнта Беларусі, якая 25 сакавіка адбылася ў Палацы Незалежнасці, ужо ўвайшла ў гісторыю суверэннай Беларусі. Цырымонія заступлення кіраўніка дзяржавы на пасаду, як і сама прамова Аляксандра Лукашэнкі — праграмная і знакавая, несумненна, на сёння самая надзённая нагода для абмеркавання. Меркаванні вядомых людзей запісалі нашы карэспандэнты.


Наталля КАЧАНАВА, Старшыня Савета Рэспублікі:

— Беларусы ўпэўнена глядзяць у будучыню. Гэта погляд у мірную, спакойную будучыню ў імя развіцця нашай краіны, на карысць нашага народа. Наш мудры беларускі народ, адзіны носьбіт улады ў гэтай краіне, зрабіў абсалютна правільнае рашэнне, выбраўшы Прэзідэнтам Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Упэўнена, тая палітыка, якая праводзілася ў нашай краіне і была скіравана перш за ўсё на чалавека, яго мірнае, спакойнае жыццё, будзе працягнута. Мы бачылі, як праходзілі ў нас выбарчыя кампаніі: зладжана, арганізавана. Гэтым разам мы ўбачылі поўнае яднанне людзей, якія аддалі свае галасы за будучыню нашай краіны, за тое, каб лідарам быў той чалавек, які зрабіў гэту краіну, прымаючы прынцыпова важныя рашэнні, якія садзейнічаюць стварэнню суверэннай, незалежнай дзяржавы. Упершыню ў гісторыі мы стварылі сваю суверэнную, незалежную дзяржаву, і гэта палітыка дала свае вынікі. Вельмі сімвалічна, што інаўгурацыя прайшла ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Наш шматпакутны народ, які знішчалі не адзін раз, паўстаў з попелу, акрыяў і стварыў сваю краіну. І мы сёння ганарымся сваёй Беларуссю.

Раман ГАЛОЎЧАНКА, старшыня праўлення Нацыянальнага банка:

— У сваёй прамове падчас цырымоніі інаўгурацыі кіраўнік дзяржавы адным з напрамкаў далейшага развіцця вызначыў тэхналогіі. Тэхналогіі вызначаюць будучы вектар развіцця ўсяго чалавецтва. Той, хто валодае тэхналогіямі, цяпер валодае светам. Для нас як краіны ключавая задача — забяспечыць як мага хуткі трансфер тэхналогій, што ствараюцца 
айчыннымі вучонымі і ўкараняюцца ў паўсядзённае жыццё, прамысловасць. Гэта няпросты працэс. Ва ўсім свеце на гэта выдзяляюцца вялізныя сродкі. На рэальныя тэхналогіі, распрацоўкі, якія могуць або змогуць вывесці Беларусь у лік сусветных лідараў, мы не пашкадуем ні сродкаў, ні сіл, бо тут прамарудзіш — застанешся на ўзбочыне. Потым будзеш вымушаны купляць тое, што зрабілі да цябе. Таму, безумоўна, уся краіна ў бягучую пяцігодку павінна працаваць на гэту мэту. Банкаўскі сектар традыцыйна знаходзіцца ў лідарах па ўкараненні сучасных тэхналогій, плацежных сістэм. Магу з упэўненасцю сказаць: мы тут абсалютна адпавядаем усім вядучым сусветным практыкам у гэтай сферы і актыўна ўкараняем тэхналогіі штучнага інтэлекту.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:

— Інаўгурацыя Прэзідэнта наглядна паказала, што ўсе добрыя сілы аб’ядналіся для паспяховага развіцця Беларусі. Захаванне міру і згоды ў краіне, падтрымка добрых пачынанняў — тое, чаго не адняць у нашага грамадства. І іншым краінам, і народам, якія гэта страцілі, варта паглядзець на беларускі прыклад. Духоўна-маральныя, сямейныя каштоўнасці, традыцыйныя каштоўнасці кіраўніком дзяржавы ставяцца на першае месца ў вырашэнні многіх пытанняў. І вельмі знакава, што менавіта яны разам з эканомікай, палітычнымі пытаннямі вызначаюць развіццё краіны.

Сяргей ЛЕБЕДЗЕЎ, Генеральны сакратар СНД:

— Інаўгурацыя Прэзідэнта — вялікая падзея не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў, бо Беларусь заўсёды была лакаматывам інтэграцыйнага супрацоўніцтва на прасторы СНД. Заступленне на пасаду Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі знакавае яшчэ і таму, што ён, яго дзеянні з’яўляюцца прыкладам інтэграцыйнага ўзаемадзеяння. Выканаўчы камітэт СНД, галіновыя камітэты — мы адчуваем пастаянную падтрымку беларускага лідара. Ён падтрымлівае нашы ініцыятывы, аказвае дапамогу. І нам усім імпануе яго цвёрдая пазіцыя ў адстойванні інтарэсаў Беларусі, Расіі, іншых краін Садружнасці.

Максім РЫЖАНКОЎ, міністр замежных спраў:

— Уступленне кіраўніка дзяржавы на пасаду — вельмі значная падзея для ўсяго беларускага народа, бо Прэзідэнт вызначае ўнутраную і знешнюю палітыку. І ад тых ідэй, якія закладзены ў яго рашэннях і потым вырашаюцца на месцах, залежыць развіццё нашай дзяржавы. Інаўгурацыя кіраўніка дзяржавы ўвасобіла сабой вернасць таму курсу, якім ужо 30 гадоў паспяхова ідзе краіна, робячы стаўку на мірнае развіццё, павышэнне дабрабыту грамадзян. Гэта тое, да чаго павінен імкнуцца любы народ. Таму мы ўсе разам падтрымліваем Прэзідэнта. Мы ўсе разам сказалі яму «Трэба» на старце электаральнай кампаніі. І ўсе разам, разам з ім адзначаем гэтую святочную падзею.

Андрэй КАРОЛЬ, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Мы бачым, што ў эпоху пастаяннай турбулентнасці, распальвання новых ачагоў нестабільнасці як ніколі патрэбна цвёрдая рука кіраўніка дзяржавы, неабходны стратэгія і перакананасць людзей ісці за сваім лідарам. Выбары, якія зусім нядаўна прайшлі, даказалі адзінства беларускага народа, давер да Прэзідэнта нашай краіны, чый каласальны палітычны і жыццёвы вопыт з'яўляецца тым фундаментальным унёскам, які не дасць краіне зайсці кудысьці не туды. Аляксандр Лукашэнка — менавіта той чалавек, які ніколі не робіць тых крокаў, якія нашкодзілі б нашай краіне. Безумоўна, нашы апаненты гэтаму не рады. Тым не менш, гістарычная логіка такая, што тая краіна, якая выбудоўвае сваю незалежную палітыку, шукае партнёраў, сяброў, заўсёды і аказваецца наперадзе.

Руслан КАСЫГІН, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў:

— Несумненна, гэта гістарычны дзень для нашай дзяржавы, усяго беларускага народа. Мерапрыемствы ў Палацы Незалежнасці і на плошчы Дзяржаўнага сцяга — важная кропка з пункту гледжання завяршэння ўсёй выбарчай кампаніі. Цырымонія інаўгурацыі сімвалізуе пачатак ужо новага пяцігадовага тэрміну, у ходзе якога кіраўнік нашай дзяржавы будзе несці поўную адказнасць за тое, каб мы жылі мірным жыццём, што ён і рабіў раней. Цырымонія прынясення клятвы перад ваеннаслужачымі важная не толькі для людзей у пагонах, але і для ўсіх нас. Прэзідэнт не раз казаў аб тым, што важней, чым абарона, бяспека, сёння нічога няма. У гэты складаны час наяўнасць такой трывалай вертыкалі ўлады, магутнага сілавога блока краіны — вельмі добры падмурак. Беларускі народ адзіны, згуртаваны, і перамагчы нас, нават калі ў кагосьці такая шалёная думка ўзнікне ў галаве, будзе немагчыма, бесперспектыўна.

Людміла САПЕГА, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, гендырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага РУП «Фармацыя»:

— Беларусы чарговы раз аказалі Аляксандру Лукашэнку свой давер, бо наш народ выдатна ведае: не ў характары Аляксандра Рыгоравіча адыходзіць ад сваіх перадвыбарных абяцанняў. Клятва беларускаму народу для яго вельмі шмат значыць. Урачыстая інаўгурацыя Прэзідэнта — надзвычай значная падзея ў сучасных палітычных рэаліях. І, зразумела, з асаблівым нецярпеннем усе мы чакалі інаўгурацыйнай прамовы, якая стала праграмным дакументам развіцця Беларусі на гады наперад. 

Менавіта таму хочацца пажадаць нашаму Прэзідэнту здароўя, чалавечага і палітычнага даўгалецця, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт па ўмацаванні магутнасці нашай краіны. А ўсяму беларускаму народу — мудрасці, спакою, працавітасці і веры ва ўласныя сілы. Давайце заўсёды памятаць: калі мы разам — усё ў нас атрымаецца.

Дзяніс ДУК, рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А. Куляшова:

— Інстытут Прэзідэнцтва за больш чым 30 гадоў суверэннай Рэспублікі Беларусь паказаў сябе як самы высокаэфектыўны інстытут улады. Дзякуючы яму краіна здолела адысці ад краю прорвы і фактычна пераўтварыцца ў адну з самых развітых краін былога Савецкага Саюза. А калі ў сучасных рэаліях параўноўваць з краінамі заходняй і цэнтральнай Еўропы, беларуская мадэль паказала сваю эфектыўнасць нават на міжкантынентальным, глабальным узроўні. За 30 гадоў інстытут Прэзідэнцтва зазнаў столькі выклікаў, што толькі асоба Аляксандра Лукашэнкі здолела ўсе крызісы пераадолець і зрабіць гэты інстытут сапраўдным беларускім брэндам. Нягледзячы на тое, што вельмі моцная ўлада ў нас сканцэнтравана ў адных руках, усе дэмакратычныя інстытуты, якія забяспечваюць функцыянаванне дзяржавы, не толькі дзейнічаюць, але і развіваюцца. І беларуская мадэль дзяржаўнага, сацыяльнага ладу фактычна з’яўляецца сёння адной з тых, на якія раўняюцца іншыя, хто шчыра зайздросціць і беларускаму ладу жыцця, і беларускаму міру, і беларускай спагадзе — усё гэта існуе якраз дзякуючы асобе Аляксандра Рыгоравіча. Чарговая інаўгурацыя ў яго палітычнай кар’еры — гэта вельмі важны крок, які сёння кансалідуе ўсё грамадства, аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, якія вельмі ўдзячныя свайму Прэзідэнту за гэты шлях і мараць пайсці з ім далей, каб наша краіна яшчэ больш квітнела.

Леанід КАСІНСКІ, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах-начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны:

— Выступленне кіраўніка дзяржавы падчас цырымоніі інаўгурацыі — гэта агучванне тых прыярытэтаў, якія Аляксандр Лукашэнка выбудоўваў на працягу ўсяго тэрміну, калі ён з’яўляецца Прэзідэнтам. Прыярытэт — людзі. Прыярытэт — сацыяльная палітыка. Прыярытэт — мірнае жыццё, мірнае неба над галавой. І, вядома, самы галоўны прыярытэт — гэта выбудоўванне краіны будучыні, задача выхавання моладзі для таго, каб перадаць краіну ў годныя рукі. Як сказаў Галоўнакамандуючы, мы прайшлі чарговы гістарычны этап, зрабілі наступны крок і гэта наша агульная перамога. Менавіта сёння мы робім чарговы крок у тую будучыню краіны, якую мы хочам пабудаваць. Цырымонія прынясення ваеннаслужачымі клятвы на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту — найважнейшы момант для Узброеных Сіл, які падкрэслівае важнасць таго, што перамагаюць сёння тыя, хто здолеў захаваць мір ва ўласным доме.

Аляксей БЯЛЯЕЎ, дэкан факультэта журналістыкі БДУ:

— Цяперашняя інаўгурацыя крыху адрозніваецца ад усіх папярэдніх, бо яна прайшла ў новым палітычным інтэр’еры. З правядзеннем гэтай цырымоніі завяршылася будаўніцтва нашага новага палітычнага дома. У 2022 годзе мы правялі рэферэндум і ўнеслі змяненні ў Канстытуцыю, на аснове гэтых змяненняў з новымі паўнамоцтвамі быў сфарміраваны Усебеларускі народны сход. Пачаўся адлік новага прэзідэнцкага тэрміну з новымі паўнамоцтвамі ў новым канстытуцыйным дызайне. Гэта новая эра ў беларускай палітыцы. Мяркуючы па вялікай колькасці людзей, якія прысутнічалі ў Палацы Незалежнасці, інаўгурацыя — гэта яшчэ адна магчымасць аб’яднаць палітычную, эканамічную, культурную супольнасці Беларусі. Гэтыя людзі штодзённа працуюць на карысць дзяржавы, беручы прыклад з Прэзідэнта. Няма ні аднаго чалавека, які б не разумеў, наколькі важна сёння тое, што робіць для краіны кіраўнік дзяржавы. Фактычна асабістымі намаганнямі Аляксандра Рыгоравіча была створана Рэспубліка Беларусь. Увесь яго прэзідэнцкі шлях і ўсе яго дзеянні былі накіраваны на тое, каб фарміраваць суверэнную, незалежную Беларусь, краіну, дзе існуе прынцып абароны правоў і інтарэсаў людзей, дзе створаны максімальна спрыяльныя ўмовы для большай часткі насельніцтва.

Барыс ГРЫЗЛОЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь:

— Знакава, што свой першы замежны візіт пасля перамогі на выбарах Аляксандр Лукашэнка здзейсніў у Расію. А як магло быць інакш, калі ў нас самыя цесныя, сяброўскія адносіны? І сустрэча лідараў у сакавіку ў Маскве была прысвечана таму, каб эфектыўна будаваць Саюзную дзяржаву. Цяпер адносіны Беларусі і Расіі знаходзяцца на вышыні, і ў гэтым вялікая заслуга Аляксандра Лукашэнкі. Абапіраючыся на той вялікі досвед, што ўжо ёсць, трэба далей іх умацоўваць. Хачу таксама адзначыць, што Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах павіншавалі кіраўнікі больш як 40 дзяржаў свету. Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь мае пэўныя партнёрскія сувязі з дзяржавамі глабальнага поўдня.

Уладзімір ГРОМАЎ, народны артыст Беларусі:

— Дзень інаўгурацыі для мяне асабіста вельмі значны, паколькі я быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў дзень выбараў я ўсвядоміў, што гэта той працэс, у які ўцягнута ўся краіна, а таму было вельмі ганарова і адказна прымаць у ім непасрэдны ўдзел. Шчаслівы зноў раздзяліць з народам гэта свята. Усе мы хочам сваёй краіне дабра, міру, росквіту. І такія ўрачыстыя дні, як інаўгурацыя Прэзідэнта, робяць нашу краіну больш шчаслівай.

Юрый ДЗЕРКАЧ, старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў:

— Мінулыя выбары яшчэ больш умацавалі Беларусь і паказалі сілу нашага электаральнага суверэнітэту, які ўваходзіць у канцэпцыю нацыянальнай бяспекі нашай краіны. Упэўненая перамога Аляксандра Рыгоравіча, несумненна, сведчыць аб тым, што ён з’яўляецца не проста Прэзідэнтам, а сапраўдным нацыянальным лідарам сваёй краіны. Нягледзячы на санкцыі, наша Беларусь устойліва развіваецца, мы выбудавалі эканоміку, маем сусветнае прызнанне. Наўрад ці з беларускім Прэзідэнтам можна параўнаць кагосьці з сусветных лідараў. Самае галоўнае, што яму і нам усім разам удалося філігранна правесці краіну паміж рыфамі і не разбіцца. І цяпер наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі.

Аляксандр ВЯРСОЦКІ, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта:

— У інаўгурацыйнай прамове кіраўнік дзяржавы сказаў аб самым важным і зразумелым для кожнага грамадзяніна: аб бяспецы, ролі нашай краіны
ў сучасным свеце, унікальным шляху Беларусі. Словы Прэзідэнта знайшлі водгук у сэрцах усіх удзельнікаў цырымоніі і, упэўнены, усіх сапраўдных патрыётаў роднай краіны. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што нікому, акрамя нас, моцная Рэспубліка Беларусь не патрэбна. І вельмі важна, каб гэта зразумеў кожны беларус. Нам будуць пляскаць у далоні, калі мы станем слабымі, калі прамысловасць будзе стаяць на каленях, калі будзем браць у міжнародных фінансавых інстытутаў нейкія крэдыты, толькі тады ў нас усё «добра» будзе з правамі чалавека, свабодай слова і гэтак далей. Моцная краіна патрэбна толькі нам. І трэба ўсвядоміць, што гэта залежыць не толькі ад Прэзідэнта, кіраўніка ўрада або старшыні райвыканкама. Кожны на сваім працоўным месцы павінен рабіць пэўны ўнёсак, каб з кожным днём краіна станавілася больш моцнай.

Ігар СТОМА, рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— Кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове падкрэсліў, што трэба зрабіць так, каб жыццё ў рэгіёнах было не горшым, чым у сталіцы. Што датычыцца сістэмы аховы здароўя, то ўзровень медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах не горшы за сталічны. Сёння гэта вельмі дарагога варта. Сістэма аховы здароўя пастаянна адчувае вялікую ўвагу кіраўніка дзяржавы. 
У краіне будуюцца новыя медыцынскія аб’екты, падтрымліваецца высокі ўзровень медыцынскай адукацыі. Менавіта ў гэтым заключаецца соль і сутнасць той палітыкі, якую праводзіць кіраўнік дзяржавы.

Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА, міністр працы і сацыяльнай абароны:

— Фінальная фраза Прэзідэнта, сказаная на цырымоніі інаўгурацыі, — «Выбар зроблены, надыходзіць час новых перамог» — настройвае на сур’ёзную работу. Безумоўна, усе прыярытэты, якія расстаўлены не толькі ў сацыяльнай сферы, вельмі важныя. Але самае галоўнае, што мы пачулі: у аснове дасягнення ўсіх прыярытэтаў — чалавек. 

І ўсё, што б мы ні рабілі, — развівалі рэгіёны, наш прамысловы суверэнітэт, бяспеку — павінна служыць на карысць чалавека. Мы чулі клопат Прэзідэнта, адрасаваны ў тым ліку і маладому пакаленню: гэта ўласнае жыллё, сацыяльная падтрымка, даходы насельніцтва. Вызначаны той курс, які на працягу многіх гадоў мы вядзём на чале з нашым кіраўніком дзяржавы. У імя новых перамог ён працягнецца і ўмацуецца. І самае галоўнае, на што яшчэ раз у сваім выступленні звярнуў увагу Прэзідэнт, — беларусы жывуць з упэўненасцю ў заўтрашнім дні, упэўнена глядзяць за гарызонт і разумеюць, у якой дзяржаве жыць нашым дзецям. Гэта нам усім надае веру ў будучыню і спакой за ўласных дзяцей, за нашу родную зямлю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю