І хоць мінулыя прэзідэнцкія выбары — факт, які адбыўся, іх вынікі і безумоўная перамога дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з падтрымкай 86,82 % выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, — яшчэ доўга будзе бударажыць нашых заходніх апанентаў. Жартачкі вам: пасля ўзрушэнняў 2020-га беларусы зрабілі высновы і спакойна і ўзважана абралі свой шлях развіцця. Пра акцэнты цяперашняй электаральнай кампаніі пагаварылі з экспертамі.
Лідар, якога падтрымлівае нацыя
У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі існуе паняцце «электаральны суверэнітэт». Яму аддавалася асаблівая ўвага падчас выбараў Прэзідэнта. Ці ўдалося яго абараніць і адстаяць, у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» патлумачыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.
Госць студыі адзначыў, што мінулыя выбары пацвердзілі: Аляксандр Лукашэнка не проста Прэзідэнт, а нацыянальны лідар:
— Таму вынікі выбараў — гэта вынік яго падтрымкі. І толькі нацыянальны лідар можа ўтрымаць краіну ў такі час. Нам гэта трэба. Напрыклад, кіраўнік Літвы — гэта проста прэзідэнт. Таму што ён не аб’ядноўвае людзей. А Лукашэнка — нацыянальны лідар. Калі б было па-іншаму, то не ўтрымалі б краіну ні ў 2020 годзе, ні цяпер падчас усіх падзей.
Ва ўсе выбарчыя кампаніі, якія праходзілі ў нашай краіне з 1994 года, заўсёды ўмешваўся Захад, падкрэсліў эксперт:
— У іх заўсёды была мэта не зрабіць нашу краіну пасля выбараў мацнейшай, больш дэмакратычнай, а зрабіць так, каб яна аслабла, каб яе трэсла некалькі месяцаў. А гэтыя выбары ў Беларусі адрозніваліся тым, што мы прыбралі знешні фактар, не дапусцілі да выбараў «пятую калону». І, паглядзіце, яе няма, а канкурэнцыя ёсць, розныя кандыдаты, партыі і погляды. Калі ніхто з кандыдатаў не кажа: «Бяры камень, палку, ідзі на вуліцу, нават калі прайграў, і змагайся за ўладу, то для Захаду гэта недэмакратычна». Для іх дэмакратыя — гэта ўдзел у выбарах прадстаўніка «пятай калоны», які будзе адстойваць інтарэсы не Беларусі, а Захаду. Абавязкова, каб ён яшчэ да выбараў сказаў: «Я паклічу ўсіх на вуліцу — і там будзем вырашаць лёс выбараў, а таксама што выбары недэмакратычныя».
На цяперашніх выбарах была вялікая колькасць еўрапейскіх назіральнікаў, але ні адзін з іх не сказаў пра недахопы, заявіў госць студыі:
Другое пытанне: чаму барацьба на выбарах была не вострая? Я ўдакладніў у іх, што яны пад гэтым паняццем маюць на ўвазе. Выхад на вуліцу ці плошчу, непрызнанне выбараў з боку кандыдатаў і спробы расхістаць краіну? У адказ яны прамаўчалі. Гэта значыць, насамрэч яны выдатна разумеюць, што ў нас выбары дэмакратычныя. Больш за тое, я сустракаўся з шэрагам еўрапейскіх назіральнікаў, у тым ліку са старшынёй польскай партыі «Фронт». Ён мне ў адкрытую сказаў: «Нам бы ў Польшчы такія выбары. Я нават не ведаю, ці дапусцяць мяне да іх са сваёй пазіцыяй супраць санкцый, вайны».— Я размаўляў з англійскімі і нямецкімі журналістамі, і яны задавалі два пытанні, якія не могуць зразумець дагэтуль у сваёй галаве: чаму такія вялікія лічбы падтрымкі нашага Прэзідэнта? Я патлумачыў, што ў іх у Вялікабрытаніі не нацыянальны лідар. Дзякуючы нейкім кампрамісам і дамоўленасцям з элітамі ў вас ёсць кіраўнік краіны, а ў нас — нацыянальны лідар. Таму нават прыхільнікі тых партый, якія ўдзельнічалі ў выбарах, галасавалі за дзеючага Прэзідэнта. Ён усіх аб’ядноўвае.
Таму я хачу сказаць яшчэ адну важную думку: гэтыя выбары ўмацавалі краіну. Успомніце 2020 год, калі ўжо ноччу былі беспарадкі, некаторыя баяліся ісці дадому, кагосьці ўжо збілі.
На гэтых выбарах, напрыклад, раніцай краіна стала жыць звычайным жыццём. Гэта значыць, мы прачнуліся мацнейшымі. Гэтыя выбары не аслабілі нас. І дай бог, каб усе наступныя выбары былі такія ж.
Адчуйце розніцу!
Дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры ток-шоу «Будні» адзначае, што вялікі працэнт галасоў за дзеючага прэзідэнта — гэта сведчанне таго, што грамадзяне Беларусі выдатна ўсведамляюць, наколькі была важная гэтая кампанія:
— Мы бачым, што сітуацыя на межах краіны была вельмі цяжкай і напружанай, нас пастаянна чымсьці палохалі, улады Беларусі былі вымушаны на гэта рэагаваць. Нашы ворагі і апаненты, якія знаходзяцца за мяжой, усяляк спрабавалі запрацівіцца волевыяўленню беларускага народа, выдатна разумеючы, чым гэта скончыцца. Усе кажуць: выбары былі сумныя, прадказальныя. У чымсьці з імі нельга не пагадзіцца, таму што хто, акрамя цяперашняга дзеючага кіраўніка дзяржавы, які мае ў нашым грамадстве такую падтрымку, у каго настолькі вывераны і правераны дзесяцігоддзямі курс, які не дае збояў і дазваляе краіне развівацца? І, вядома ж, ва ўмовах знешніх праблем і турбулентнасці нікому не хочацца мяняць ужо вывераны курс, які дае станоўчыя вынікі, на ката ў мяшку (невядомага лідара), які можа абяцаць усё што заўгодна, але не факт, што зможа выканаць гэта на практыцы.
Па словах палітолага, у беларусаў хапае грамадзянскай разважнасці і наша грамадства — палітычна сталае, каб прымаць правільныя рашэнні:
— Мы сёння бачым тое, як лёгка страціць заваяванае і нажытае непасільнай працай, краіну і жыццё грамадзян, дабрабыт, як лёгка страціць суверэнітэт, адзін раз аддаўшы яго, прайграўшы выбары, а потым мучыцца дзесяцігоддзямі. Таму што гэтыя часовыя кіраўнікі, пастаўленыя кімсьці і якія мараць аб узбагачэнні, залежныя, яны выконваюць волю сваіх заакіянскіх спонсараў, расцягваюць не толькі дзяржавы, але і цэлыя глабальныя рэгіёны.
У прыклад дэкан факультэта журналістыкі БДУ прывёў еўрапейскі кантынент, які і быў «прайграны»:
— Калісьці ён быў сімвалам дабрабыту, росквіту, найвышэйшых дасягненняў, у тым ліку і ў галіне сацыяльнай палітыкі. А што цяпер па факце там адбываецца? Мы бачым, як пастаянна руйнуюцца еўрапейскія краіны, якія ўцягнуты ў гонку ўзбраенняў, прамы ваенны канфлікт ва Украіне, дзе з дня ў дзень увесь час пагаршаецца сацыяльны дабрабыт грамадзян.
Мы ў Беларусі гэта бачым, да нас даходзіць гэтая інфармацыя, мы яе распаўсюджваем (таму што нашы людзі павінны ведаць праўду). Больш за тое, цяпер у грамадстве няма межаў. Блогі, сацсеткі — гэта велізарная прастора, у якой свабодна цыркулюе інфармацыя, нашы грамадзяне з усім знаёмяцца, усё бачаць, маюць магчымасць параўнаць сябе і еўрапейцаў.
Так і атрымаўся заканамерны вынік, што людзі не захацелі губляць сваю краіну, свабоду і дабрабыт, таму яны масава прыйшлі на ўчасткі, вельмі многія — на датэрміновае галасаванне.
Беларусы выбралі свой шлях
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка адзначае, што заходнія палітыкі і журналісты не ведаюць і таму не разумеюць спецыфікі нацыянальнай псіхалогіі беларускага народа. Адсюль тыя памылкі, якія заходнікі вельмі часта дапускаюць у дачыненні да нашай краіны, уключаючы імкненне абмежаваць развіццё Беларусі, яе эканамічнага патэнцыялу, грамадства і дзяржавы ў цэлым:
— Галасаванне ў асноўны дзень яшчэ раз прадэманстравала прыхільнасць нашага народа палітычнаму курсу на ўмацаванне міру і бяспекі, народнага адзінства і паляпшэнне якасці жыцця кожнага чалавека.
Парламентарый падкрэслівае: беларусы выбралі свой, гістарычна наканаваны шлях пабудовы нашага агульнага дома:
— Усе разважлівыя палітыкі свету пераканаліся сёння: беларусы правялі электаральную кампанію без парушэнняў нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, дэмакратычна і свабодна. Справядлівыя выбары прайшлі ў спакойнай палітычнай абстаноўцы. Падкрэсліваю — у спакойнай!
Парламентарый дадаў:
— Мы на нарматыўным прававым узроўні выключылі любы фінансавы ўплыў замежных падрыўных інфармацыйна-псіхалагічных цэнтраў на палітычныя працэсы ў Беларусі. Іншымі словамі, праз межы нашай рэспублікі не пранік ні адзін «асёл, гружаны золатам». Заканадаўцы прынялі абсалютна правільнае рашэнне, забараніўшы замежнае фінансаванне электаральных кампаній, якое вельмі часта ажыццяўлялася пад «чужым сцягам» — праз сотні грамадскіх і няўрадавых арганізацый, афіляваных з заходнімі спецслужбамі.
Алег Дзячэнка тлумачыць простую арыфметыку: няма заходніх грошай — значыць, няма і палітычнага цырка на беларускіх вуліцах і плошчах:
— Беларусы самастойна, без ціску звонку, зрабілі свой палітычны выбар, абралі народнага прэзідэнта і абаранілі электаральны суверэнітэт!
Моладзь — за развіццё!
Член Савета Рэспублікі, старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук’янаў канстатуе: гэтымі днямі гучыць вельмі шмат ацэнак прысутных на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — 2025 назіральнікаў, і ў тым ліку ад маладзёжнай аўдыторыі:
— На базе Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» у нас адбылася сустрэча з прадстаўнікамі назіральнай місіі, акрэдытаванай у нашай краіне, са Швейцарыі: гэта дэпутаты, старшыня грамадскай арганізацыі «Моладзь за сям’ю і шлюб», якія адзначылі транспарэнтнасць, празрыстасць і высокі ўзровень яўкі нашай моладзі.
Паводле яго слоў, многія назіральнікі адзначаюць нашы выбары як прыклад для пераймання па правядзенні электаральных кампаній у іх дзяржавах і ў тым ліку краінах Еўрапейскага саюза:
— Вядома, такі вынік немагчыма было дасягнуць толькі падрыхтоўкай электаральнага цыкла. Гэта сапраўды вынік планамернай работы з моладдзю. І, вядома, яркая лічба — 95 % упершыню галасуючых грамадзян нашай краіны — паказвае і пацвярджае сталы ўзровень палітычнай культуры нашай дзяржавы. Мы з калегамі не толькі абмеркавалі ўмовы па адкрытасці электаральных працэсаў, але і абмяняліся вопытам і практыкамі работы з моладдзю.