Top.Mail.Ru
231

Наша краіна стала роднай і блізкай для перасяленцаў з Латвіі

«Самае галоўнае — мець жаданне працаваць...»

«Беларусь — гэта дарагі сэрцу куток, месца, дзе кожны адчуе сябе ўтульна і знойдзе занятак па душы. Тут жывуць шчырыя, гасцінныя і адкрытыя сэрцам людзі. Тры гады таму мы з мужам пераехалі сюды на пастаяннае месца жыхарства з Латвіі — і адразу зразумелі, што паступілі правільна, — шчыра прызнаецца Жанна Тылецкая. — Мы бачым, якую значную падтрымку з боку дзяржавы адчуваюць маладыя, шматдзетныя сем’і. Пры жаданні кожны зможа рэалізаваць сябе ў адпаведнай прафесіі. Вельмі важна тое, што прадпрымальнікам, якія пачынаюць сваю дзейнасць, выплачваюцца безвыплатныя дзяржаўныя субсідыі. Мы пастаянна пераконваемся ў тым, што кожны жыхар Беларусі зможа праявіць сябе ў той ці іншай галіне».

Жанна Іванаўна і Уладзімір Віктаравіч Тылецкія стварылі сваю сям’ю ў Латвіі ў 1989 годзе. Тут жа праз год у іх нарадзілася дачка. Набыўшы спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага прыгатавання ежы ў Рэспубліканскім тэхнікуме савецкага гандлю, жанчына шмат гадоў працавала кухарам. Праз некаторы час Жанна Іванаўна вырашыла набыць спецыяльнасць юрыста і прадоўжыць свой прафесійны шлях у паліцыі — скончыла юрыдычны факультэт Балтыйскага рускага інстытута. І ўсё ж сваё далейшае жыццё яна звязала са сферай гандлю. Уладзімір Віктаравіч — прафесійны слесар па рамонце аўтамабіляў, больш за дваццаць гадоў адпрацаваў у аўтасалоне ў Латвіі. А вось дачка Вольга вырашыла стаць журналістам і набыла жаданую спецыяльнасць у Латвійскім універсітэце. Па шчаслівай волі лёсу Вольга стварыла сям’ю ў Беларусі.

«Там мы адчулі сябе чужымі...»

— Паколькі мой муж родам з Беларусі, а мае бацькі таксама нарадзіліся тут, мы часта прыязджалі сюды да сваіх родных. 

У свой час пераязджалі з Латвіі ў Беларусь, потым вярталіся туды зноў. Аднак мы прынялі канчатковае рашэнне пераехаць сюды жыць, калі пачалася СВА ва Украіне ў 2022 годзе, — расказвае Жанна Іванаўна. — І на радыё, і на тэлебачанні зніклі рускамоўныя каналы, сярод людзей пачала адчувацца непрыязнасць да рускамоўнага насельніцтва. Мы адчулі сябе чужымі... Усё гэта было вельмі непрыемна, і мы разумелі, што з цягам часу сітуацыя будзе абвастрацца яшчэ больш. У рэшце рэшт прадалі сваю кватэру ў Елгаве, што знаходзіцца за 40 кіламетраў ад Рыгі, і прыехалі жыць у Беларусь. Мы набылі дом у маляўнічым месцы — у вёсцы Літвічы Лагойскага раёна, за 80 кіламетраў ад Мінска.

— Тут, сярод цудоўных мясцін, я вырашыла ажыццявіць сваю даўнюю мару — вырошчваць лаванду, — з захапленнем працягвае суразмоўца. — Мяне заўсёды ўражвалі прыгажосць гэтай расліны, яе непаўторныя колер і пах. Таму ўчастак памерам 25 сотак каля нашага дома я вырашыла выкарыстаць пад пасадку лаванды. Гэту ідэю падтрымаў мой муж. Нам давялося шмат папрацаваць: участак трэба было прывесці ў парадак, унесці ўгнаенні... І хоць пэўную колькасць раслін знішчыў мароз, іх большая частка прыжылася. Сярод прыгожых кветак мы ўладкавалі фотазону. Цяпер ад душы запрашаем гасцей наведаць нашу сядзібу. Усім жадаючым прапануем зрабіць яркую фотасесію або проста пагуляць сярод маляўнічых мясцін, атрымаць асалоду ад свежага паветра і адчуць яднанне з прыродай.

— Вы шмат гадоў пражылі ў іншай дзяржаве. Чым, на ваш погляд, адрозніваецца жыццё ў Латвіі і ў Беларусі?

— Калі казаць пра эканоміку, то ў Латвіі вельмі ўзрос узровень платы за жыллёва-камунальныя паслугі. У Беларусі ён значна ніжэйшы. Немагчыма не звярнуць увагу на тое, што тут жывуць шчырыя, душэўныя і адкрытыя сэрцам людзі. Ніхто не адмовіць у дапамозе, пры неабходнасці падтрымаюць і добрым словам, і парадай. Пастаянна заўважаем, што беларусы аднолькава цёпла адносяцца да прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў. Тут жыве шмат перасяленцаў з іншых краін і ніхто не адчувае варожасці да сябе. Самае галоўнае — мець жаданне працаваць, адказна падыходзіць да сваёй работы.

Аднак вырошчванне лаванды — не адзінае захапленне Жанны Іванаўны. Жанчына вельмі любіць гатаваць і з задавальненнем выпякае духмяны хлеб на заквасцы. Смачным караваем частуюцца не толькі члены сям’і, блізкія і родныя. Свежаспечаны хлеб у гаспадароў з задавальненнем набываюць жыхары бліжэйшых вёсак, а таксама Плешчаніц і Бягомля. Жанна Іванаўна і Уладзімір Віктаравіч вельмі любяць падарожнічаць і ўжо запланавалі наведаць шмат памятных мясцін Беларусі. Калі ж у выхадныя з Мінска да бацькоў прыязджае дачка з сям’ёй, гэта для іх сапраўднае свята. Сваіх траіх унукаў, якія нарадзіліся ўжо ў Беларусі, бабуля і дзядуля лічаць найлепшым скарбам. Двайнятам Раману і Аляксею споўнілася па 11 гадоў, а іх малодшай сястрычцы Алісе — восем.

«Тут можна стварыць камфортнае жыццё...»

— Неаднойчы, асабліва ад моладзі, прыходзіцца чуць выказванні, маўляў, каб мець камфортныя ўмовы жыцця, трэба ехаць за мяжу...

— Мы не згодны з гэтым. І тут можна стварыць камфортнае жыццё. Лічым, што па ўзроўні развіцця Беларусь нічым на саступае развітым еўрапейскім краінам. Ва ўсім свеце добра вядомыя распрацоўкі беларускіх вучоных, актыўна развіваюцца прамысловасць, медыцына, адукацыя... Вялікая ўвага ўдзяляецца маладым спецыялістам, якія маюць права на атрыманне арэнднага жылля, маюць магчымасць паглыбляць свае прафесійныя навыкі. Самае ж галоўнае тое, што ў Беларусі ажыццяўляецца падтрымка шматдзетных сем’яў. Мы добра ведаем пра гэта, таму што наша дачка стала шматдзетнай матуляй. Нашы ўнукі ні ў чым не адчуваюць патрэбы. Калі ж хтосьці з родных ці знаёмых пытаецца ў нашых зяця і дачкі, ці хацелася б ім пераехаць у іншую краіну, яны рашуча адмаўляюцца. Як і мы, яны лічаць, што ў Беларусі створаны найлепшыя ўмовы для жыцця.

Жанна Іванаўна бярэ фотаальбом і паказвае нам яркія фотаздымкі, зробленыя сярод кветак лаванды. З цікавасцю разглядаем іх — і не можам стрымаць станоўчых эмоцый.

— Прыязджайце да нас і летам, калі ўсё заквітнее, а прыемны пах лаванды напоўніць наваколле, — шчыра запрашае гаспадыня, і мы з задавальненнем прымаем прапанову.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота з сямейнага архіва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю