Top.Mail.Ru

«Наша работа накіравана на стварэнне якасных умоў для жыцця людзей»

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка правёў прыём грамадзян.



Гэтым разам губернатар наведаў горад Дзяржынск. І хоць райцэнтр лічыцца адным з самых развітых і паспяховых, праблем тут усё ж хапае. Жыхароў рэгіёна, у прыватнасці, хвалююць пытанні добраўпарадкавання тэрыторый, стан дарог, праблемы з электразабеспячэннем, выплата заработнай платы.

Гісторыя аднаго вадаёма

Адным з першых да кіраўніка Міншчыны запісаўся Валерый Іванавіч з вёскі Жардзяжжа Лагойскага раёна. Заяўнік звярнуў увагу на стан возера, якое знаходзіцца на ўскраіне населенага пункта, расказаў аб фактах гібелі рыбы, жураўлінага патомства, а таксама аб адсутнасці добраўпарадкавання на берагах. «Калісьці гэта было прыгожае паўнаводнае возера, дзе вадзілася шмат рыбы. А цяпер фактычны вадаём, які памірае, да яго нікому няма справы», — наракае Валерый Іванавіч.

Як аказалася, праблемы на вадаёме пачаліся даўно і цягнуцца не адзін год. Калісьці на беразе возера была пабудавана драўляная дамба, якая перашкаджала ўцечцы вады. З часам канструкцыя прыйшла ў непрыдатнасць, струхлела — утварыўся пралом, праз які стала сыходзіць вада. Адпаведна, узровень у возеры знізіўся.

Старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч паведаміў: «Для вырашэння праблемы была зроблена спроба знізіць узровень дамбы. Пліты, жалезабетонныя блокі ўстанавілі на дамбе, прарэзалі жолаб. Як вынік — узровень вады панізіўся, — адзначыў кіраўнік Лагойскага раёна. — Што датычыцца возера і прылеглай зямлі, яны знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемства „Метлічыцы-Агра“. А вось гідратэхналагічнае збудаванне гаспадара не мае». 

Паводле слоў Аляксандра Ласевіча, у райвыканкам ужо паступіла заява — жыхар Лагойшчыны гатовы ўзяць возера ў арэнду, каб зарыбіць яго, навесці там парадак. Цяпер ён займаецца бізнес-планам. У бліжэйшы час прадаставіць яго ў райвыканкам, дзе падрабязна апіша, чым будзе зарыбляць сажалку.

«Добра, што ў вадаёма ёсць гаспадар. У гідратэхнічнага збудавання ён таксама маецца — гэта старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч. Вы ў цэлым адказваеце за ўсё, што адбываецца ў раёне», — звярнуўся Аляксей Кушнарэнка да кіраўніка Лагойшчыны.

Рашэнне з нагоды далейшага лёсу возера і гідратэхнічнага збудавання павінны разам прымаць раён, меліяратары, камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. «Трэба знайсці нейкае сумеснае рашэнне, абавязкова разам з жыхарамі. Дыялог павінен быць з народам, — сказаў Аляксей Кушнарэнка. — Калі гэта будзе арандатар, ён павінен разумець, што не толькі возера неабходна прывесці ў парадак, але і гідратэхнічнае збудаванне. Проста зарыбіць вадаём — не вырашэнне праблемы».

Якасць электразабеспячэння, стан дарог...

Жыхар вёскі Путчына Дзяржынскага раёна Сяргей Мікалаевіч разам з аднавяскоўцамі просяць вырашыць пытанне з электразабеспячэннем і станам дарог. Паводле слоў вяскоўцаў, уся праблема — у трансфарматарнай падстанцыі, якая не вытрымлівае нагрузкі. Дарога таксама патрабуе рамонту — у непагадзь людзі вымушаныя пакідаць машыны і ісці пешшу. «Вёска Путчына адносна невялікая: на дзвюх вуліцах пражывае каля 70 чалавек. І ў кожнага такая ж праблема: пастаянныя скачкі напружання. Уключыць у сетку некалькі электрапрыбораў, той жа чайнік, абагравальнік — не рэальна, яны тут жа перастаюць працаваць. Людзі элементарна не могуць прыгатаваць паесці, памыць бялізну», — разводзіць рукамі Сяргей Мікалаевіч. 

Але скачкі напружання — не адзіная праблема населенага пункта: трэба добраўпарадкаваць і дарогу на вуліцы Новай. «Яе 60 гадоў ніхто не рабіў! Па калена выбоіны, суцэльныя лужыны. Восень і вясной не пад’ехаць, зімой не падабрацца. У непагадзь людзі вымушаныя пакідаць машыны ў пачатку дарогі і ісці пешшу!» — наракаюць вяскоўцы.

«Трэба яшчэ раз па якасці энергазберажэння зрабіць замеры. Абавязкова сабраць людзей і кампетэнтна растлумачыць ім: якія ёсць планы па павелічэнні магутнасцяў, мадэрнізацыі сетак», — сказаў Аляксей Кушнарэнка. Таксама ён даў спецыялістам даручэнне выехаць на месца і ацаніць стан дарогі па вуліцы Новай. Пасля чаго будзе прынята рашэнне па яе добраўпарадкаванні.

Работа Савета старэйшын, падрыхтоўка да засухі

На прыём да старшыні Мінскага аблвыканкама прыйшоў ганаровы грамадзянін Дзяржынска і Мінскай вобласці Уладзімір Гаркун. Ён звярнуўся з просьбай арганізаваць сустрэчу Савета старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме. Дарэчы, апошняя праходзіла ў 2019 годзе. Таксама ён звярнуў увагу і на стан бетонных дарог у Дзяржынску: «У раёне каля 100 кіламетраў бетонных дарог. Будаваліся яны да Алімпіяды 1980 года, гэта значыць ім ужо больш за 40 гадоў. Гэтыя дарогі даўно пара рамантаваць, бо калі адкладаць гэтае пытанне і далей, потым намаганняў спатрэбіцца значна больш», — сказаў ёна. Пры гэтым заяўнік адзначыў: у Дзяржынскім раёне многае робіцца па асфальтаванні дарог, у тым ліку ў сельскіх населеных пунктах. 

Уладзімір Гіляравіч таксама закрануў праблему процідзеяння засухі: «Гэты год яшчэ не ўсе сюрпрызы нам паднёс, лета можа быць вельмі засушлівым, а да засухі мы не зусім гатовыя. Трэба паглядзець па шлюзах-рэгулятарах на меліярацыйных каналах. Раней усе меліярацыйныя работы праводзіліся са шлюзам-рэгулятарам: сёння гэтыя шлюзы апынуліся нічыйнымі, у іх няма гаспадара. Што адбылося? Шлюзы не выконваюць сваіх функцый, каналы стаяць пустыя! Трэба іх перадаць на баланс раённым меліярацыйным службам, хай займаюцца. І дажджавальныя ўстаноўкі трэба было б выкарыстоўваць».

Заяўнік падкрэсліў: яму не абыякавы лёс раёна, вобласці: «Вельмі падабаецца, як развіваецца Дзяржынскі раён. У якім яшчэ рэгіёне ёсць 4 басейны? Плюс тут адкрываюцца школы, сады, асфальтуюцца дарогі. Але калі шмат робіцца, хочацца яшчэ больш».

Аляксей Кушнарэнка запэўніў: ён даручыць спецыялістам вывучыць пытанне рамонту бетонных дарог і замацавання шлюзаў за раённымі ПМС. «Што датычыцца Савета старэйшын, мы рэанімуем тыя падыходы, якія былі. Я дам даручэнне, каб актуалізавалі Палажэнне Савета старэйшын, склад, арганізавалі сустрэчу са мной, з актывам, каб я расказаў сваё бачанне, — запэўніў губернатар. — І самае галоўнае — дзякуй вам за неабыякавасць!»

«Падчас такіх прыёмаў грамадзян становіцца зразумела, якія праблемы хвалююць нашых людзей»

Падводзячы вынікі прыёму, старшыня Мінскага аблвыканкама адзначыў, што важна чуць гісторыі людзей, якія пераязджаюць з гарадоў у гарадскія пасёлкі, у вёскі, у тым ліку вяртаючыся на малую радзіму. «Падчас такіх прыёмаў грамадзян становіцца зразумела, якія праблемы хвалююць нашых людзей. Па выніках прыёму ў Дзяржынску можна сказаць, што гэта пытанні добраўпарадкавання, утрымання дарог, інжынернай інфраструктуры, навядзення парадку».

Асобна губернатар спыніўся на праблеме добраўпарадкавання возера каля вёскі Жардзяжжа Лагойскага раёна. «Лічу, што тут мясцовыя органы ўлады не дапрацавалі. Павінны быць канкрэтныя рашэнні, бо дадзены водны аб’ект патрабуе да сябе ўвагі. Акрамя таго, людзі перажываюць за гэтае месца, хочуць, каб яно было добраўпарадкавана. Прычым яны не абыякавыя да лёсу сваіх населеных пунктаў, гатовыя прымаць актыўны ўдзел у іх добраўпарадкаванні. Безумоўна, улада павінна падтрымліваць такія ініцыятывы», — упэўнены губернатар.

Кіраўнік вобласці заявіў — нярэдка людзі прыходзяць з сапраўды складанымі пытаннямі: «Аднак людзі чакаюць ад нас канкрэтных рашэнняў. І мы, як органы ўлады, павінны іх прымаць. А калі не хапае нашых кампетэнцый, павінны іх выносіць ужо на рэспубліканскі ўзровень, у тым ліку заканадаўчы пры неабходнасці».

Што датычыцца вёскі Путчына, жыхары якой папрасілі вырашыць пытанні з электразабеспячэннем і добраўпарадкаваннем дарогі — гэта жывы населены пункт, які нельга абдзяляць увагай. «Прыемна чуць, што людзі пераязджаюць з буйных гарадоў у невялікія сельскія населеныя пункты, гарадскія пасёлкі: вяртаюцца на малую радзіму, — адзначыў Аляксей Кушнарэнка. — Пры гэтым яны ставяць перад уладай абсалютна нармальныя пытанні па якасці жыцця і ўладкаванні гэтых населеных пунктаў. Мы разам з датычнымі органамі рэспубліканскай улады, абласнымі, раённымі службамі павінны ствараць людзям якасныя ўмовы для жыцця. І на гэта нацэлена наша работа».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю