Top.Mail.Ru

Наша сацыяльная місія — гаварыць з моладдзю пра каштоўнасць традыцыйнай сям’і — Качанава

Захаванне і перадача падрастаючаму пакаленню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў — сацыяльная місія органаў улады. Пра гэта на пленарным пасяджэнні IV Міжнароднага форуму «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» ў Полацку сказала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава, перадае БелТА.


Цэнтральнае мерапрыемства двухдзённага форуму — пленарнае пасяджэнне пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай і мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі — традыцыйна сабрала ўдзельнікаў у Сафійскім саборы. «Форум праходзіць упершыню ў статусе міжнароднага. Гэта сведчыць аб тым, што тэма захавання традыцыйных каштоўнасцяў сям’і і сувязі пакаленняў хвалюе і аб’ядноўвае прагрэсіўную грамадскасць, народы і краіны», — падкрэсліла спікер.

Сёлета ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць каля 300 чалавек, уключаючы 35 шматдзетных сем’яў з Беларусі, а таксама прадстаўнікоў парламенцкіх дэлегацый шасці замежных дзяржаў — Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.

«Сямейныя каштоўнасці ляжаць у аснове здаровага грамадства і квітнеючай дзяржавы. Гэта гарманічныя адносіны, фізічны і духоўны дабрабыт, выхаванне дзяцей і клопат пра старэйшае пакаленне. Гэта любімы бацькоўскі дом, пабудаваны на падмурку ўвагі і ўзаемнай падтрымкі», — адзначыла Наталля Качанава.

Беларусь займае 65-е месца са 193 краін у індэксе чалавечага развіцця. У глабальным індэксе гендарнага разрыву па выніках 2025 года наша краіна знаходзіцца на 54-й пазіцыі са 148 краін дзякуючы высокім паказчыкам удзелу жанчын у адукацыі, эканоміцы і дзяржаўным кіраванні. Дэмаграфічная бяспека рэспублікі была вызначана ключавым прыярытэтам на VII УНС.

«Сямейная палітыка — гэта сацыяльны брэнд Беларусі», — падкрэсліла спікер. Пра гэта сведчыць моцная нарматыўна-прававая база і сацыяльныя гарантыі, якія прадастаўляюцца ў нашай краіне. Абарона сям’і як саюза мужчыны і жанчыны замацаваная ў Канстытуцыі. Сем’ям выплачваецца 11 відаў дапамог, маці прадастаўляецца аплачваецца дэкрэтны водпуск да 3 гадоў, актыўна працуе праграма сямейнага капіталу пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей, для маладых і шматдзетных сем’яў даступна льготнае жыллёвае крэдытаванне.

У першы дзень форуму Наталля Качанава сустрэлася са шматдзетнымі беларускімі сем’ямі. У адкрытым дыялогу абмяркоўваліся хвалюючыя бацькоў тэмы і пытанні. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што ўсе ініцыятывы і прапановы яна агучыць на высокім узроўні. У выніку дыскусіі былі выпрацаваны перспектыўныя напрамкі работы. Перш за ўсё гэта дыялог з моладдзю — фарміраванне ўнутраных установак на стварэнне традыцыйнай сям’і і ўсвядомленага бацькоўства, прасоўванне жывых зносін і супрацьдзеянне негатыўнаму ўплыву дэструктыўнага кантэнту ў сацыяльных сетках. «Ва ўмовах нестабільнага лічбавага ўплыву менавіта сям’я, бацькоўскае цяпло з’яўляюцца жывой сувяззю паміж мінулым і будучыняй, галоўнай каштоўнасцю грамадства, якую нічым не замяніць. І наша сацыяльная місія — гаварыць пра гэта з моладдзю», — сказала Наталля Качанава.

Таксама ўдзельнікі форуму закранулі тэму ўдасканалення заканадаўства: карэкціроўку нарматыўных актаў у сферы сямейнага права, абарону правоў дзяцей, прафілактыку булінгу і падтрымку ўразлівых катэгорый грамадзян. Спікер падкрэсліла, што павінна быць узмоцнена міжведамасная кансалідацыя, органам улады, канфесіям і СМІ трэба аб’яднаць рэсурсы для папулярызацыі вобраза паспяховай шматдзетнай сям’і як галоўнага сацыяльнага трэнду. Акрамя таго, важна міжнароднае супрацоўніцтва — развіццё ініцыятыў у рамках Міжпарламенцкай асамблеі СНД, а таксама прасоўванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў на пляцоўцы групы сяброў сям’і ў ААН.

Для ўдзельнікаў форуму былі арганізаваны экскурсіі па гістарычных і духоўных аб’ектах Полацка. Госці старажытнага горада пазнаёміліся з Сафійскім саборам, Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыром, Музеем беларускага кнігадрукавання, а таксама Полацкім дзяржаўным універсітэтам імя Ефрасінні Полацкай і Полацкім кадэцкім вучылішчам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю