Міжнародны круглы стол «Камунікацыя з дзяржавай у лічбавай прасторы: погляд моладзі» правялі ў Доме дружбы. Удзел у мерапрыемстве ўзялі знакамітыя беларускія вучоныя і практыкі, прадстаўнікі ІT-індустрыі краін ЕАЭС, дыпламаты, студэнты-аналітыкі вядучых ВНУ краіны.
Тэма, якую абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала, не проста актуальная, гэта трэнд сучаснага сусветнага развіцця, адзначыла напачатку мерапрыемства Ніна Іванова, старшыня прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. «Эпоха лічбавізацыі адкрыла новыя магчымасці для ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і грамадствам, а таксама стварыла перспектывы для эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва. Думаю, што новыя тэхналогіі сфарміравалі асаблівую медыякультуру, да якой трэба прыстасоўвацца, якую трэба вывучаць», — падзялілася меркаваннем спікер.
Мадэратарам мерапрыемства выступіў доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, член экспертнага савета старэйшын пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Сяргей Рахманаў. Ён адзначыў, што Беларусь з’яўляецца адным з сусветных лідараў у сферы інфармацыйных тэхналогій. «Гэта датычыцца не толькі аб’ёму паслуг на душу насельніцтва, якія мы ажыццяўляем у сферы інфармацыйных тэхналогій, бо мы таксама маем цэлы шэраг айчынных распрацовак, якія адпавядаюць вышэйшым сусветным стандартам. Нашы падыходы не маюць аналагаў».
Лічбавыя тэхналогіі — гэта важны складальнік сусветнага развіцця. Аднак, па словах Сяргея Кімавіча, акрамя пазітыўных момантаў, якія анансуюцца, выстаў-ляюцца напаказ, існуе і вельмі шмат пагроз, у якіх трэба разбірацца. Штучны інтэлект, віртуальная і дапоўненая рэальнасць, машыннае навучанне, лічбавыя платформы, электронны ўрад. Іх пазітыўныя бакі добра вядомыя. У іх ліку — адукацыя, навука, вытворчасць, кіраванне. Негатыўныя бакі, пра што гаворыцца мала, могуць прывесці да страты здольнасці думаць, дэградацыі мыслення, перспектывы лічбавага таталітарызму, прымітывізацыі соцыуму. Лічбавыя платформы аказваюць каласальны ўплыў на становішча спраў у свеце.
«Лічба — рэч, якая дапамагае зрабіць шмат карыснага і добрага, калі яна ў экспертных руках. Трэба разумець, што настаў час, калі амаль усе жыхары планеты — спажыўцы лічбавых тэхналогій», — звярнуў увагу начальнік упраўлення двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі СНД і Грузіяй Міністэрства замежных спраў Аляксей Самасуеў.
Удзельнікі круглага стала падчас выступленняў закраналі пытанні развіцця ІT-тэхналогій у краінах СНД, грамадскай дыпламатыі і лічбавага асяроддзя, ролі моладзі ў лічбавізацыі. Таксама абмяркоўвалі стратэгіі лічбавага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, асноўныя кірункі лічбавізацыі і магчымасці практычнага прымянення. Закранулі тэму сацыяльных сетак і іх значэння ў фарміраванні іміджу дзяржавы.
Падчас круглага стала да ўдзельнікаў таксама звярнуўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Ахмед Махамед аль-Мадбух. У сваім выступленні ён нагадаў пра дэзынфармацыю і яе няўхільны ўплыў на розум маладых людзей. Па яго словах, каб супрацьстаяць фэйкам, варта наладзіць узаемадзеянне паміж моладдзю і органамі дзяржаўнага кіравання.
Важна памятаць, што менавіта камунікацыя дапамагае нам лепш разумець адно аднаго, выбудоўваць канструктыўнае ўзаемадзеянне і адносіны на ўсіх узроўнях. Без гэтага немагчыма прасоўваць сумесную дзейнасць.
«Самае важнае цяпер тое, што мы з вамі знаходзімся ў прагрэсіўнай лічбавай краіне, у Беларусі. Мы шмат увагі аддаём лічбаваму развіццю. Той пасыл, з якім звяртаецца наш Прэзідэнт да маладых людзей. Моладзь — наша сучаснасць. Ёй сёння жыць у лічбавым, турбулентным свеце. Выклікаў шмат, рызык шмат. Але раз мы, прадстаўнікі розных краін, сёння тут, значыць, развіццё і захаванне нашага грамадства магчымае, магчымае толькі ў адзінстве. Наша з вамі сіла — у адзінстве», — адзначыў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Павел Папко.
Напрыканцы мерапрыемства паміж удзельнікамі адбылася плённая дыскусія на тэму ўкаранення штучнага інтэлекту ў розныя сферы грамадскага жыцця. Вопытныя эксперты заклікалі моладзь з розумам выкарыстоўваць і аналізаваць усе найноўшыя тэхналогіі, а таксама параілі ўзбагачаць сябе ведамі рознага ўзроўню, выходзіць на новы ўзровень прапрацоўкі матэрыялаў па профілі, які будзе прадстаўляць цікавасць для іх асабіста і дзяржавы ў сучаснасці і будучыні.
Фота аўтара